Суд разблакаваў тарыфы Трампа да канчатковага рашэння ў чэрвені
Федэральны апеляцыйны суд ЗША аднавіў дзеянне тарыфаў прэзідэнта Дональда Трампа, часова скасаваўшы рашэнне гандлёвага суда, які прызнаў пошліны перавышэннем прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.
Апеляцыйны суд ЗША па федэральнай акрузе ў Вашынгтоне часова прыпыніў дзеянне рашэння ніжэйшага суда, дазволіўшы тарыфам заставацца ў сіле на час разгляду апеляцыі з боку ўраду. Суд абавязаў пазоўнікаў адказаць да 5 чэрвеня, а адміністрацыю — да 9 чэрвеня.
Раней рашэнне гандлёвага суда заблакавала тарыфы Трампа на імпарт з большасці краін-гандлёвых партнёраў ЗША, а таксама дадатковыя пошліны на Канаду, Мексіку і Кітай, якія Трамп звязваў з кантрабандай фентанілу. Суд пастанавіў, што Канстытуцыя надае права ўсталёўваць падаткі і тарыфы Кангрэсу, а не прэзідэнту, і што выкарыстанне Трампам Закона аб надзвычайных эканамічных паўнамоцтвах у міжнародных справах (IEEPA) не было апраўданым для вырашэння гандлёвых дэфіцытаў.
Чыноўнікі з адміністрацыі Трампа ўпэўненыя, што перамогуць у апеляцыі або скарыстаюцца іншымі юрыдычнымі паўнамоцтвамі закона IEEPA для ўвядзення тарыфаў, перадае Reuters. Сам Трамп асудзіў рашэнне аб блакіроўцы ў сацсетках, назваўшы яго пагрозай прэзідэнцкай уладзе і заклікаў Вярхоўны суд ЗША ўмяшацца. «Калі гэта рашэнне застанецца ў сіле, яно цалкам знішчыць прэзідэнцкую ўладу — прэзідэнцтва ўжо ніколі не будзе ранейшым!» — напісаў ён.
Фінансавыя рынкі адрэагавалі стрыманым аптымізмам на рашэнне гандлёвага суда: адзначаўся рост у Азіі (Nikkei 225 вырас на 1,9%, Hang Seng — на 1,1%) і ў ЗША (Nasdaq вырас на 1,1%, S&P 500 — на 0,9%). Паводле звестак Reuters, тарыфы ўжо абышліся бізнесу больш чым у $34 мільярды ў выглядзе страчаных продажаў і павышаных выдаткаў.
Читать на dev.by