Сусветны рэкорд: Nvidia падаражэла на $277 млрд за адзін дзень
Каціроўкі Nvidia па выніках таргоў у чацвер падскочылі на 16,4% да рэкордных $785,38 за акцыю, паведамляе Reuters. Напярэдадні ў сераду чыпмэйкер паказаў фінансавую справаздачу, якая моцна парадавала аналітыкаў.
Каціроўкі Nvidia па выніках таргоў у чацвер падскочылі на 16,4% да рэкордных $785,38 за акцыю, паведамляе Reuters. Напярэдадні ў сераду чыпмэйкер паказаў фінансавую справаздачу, якая моцна парадавала аналітыкаў.
Цяпер Nvidia каштуе $1,96 трлн. За дзень яе рынкавая капіталізацыя вырасла адразу на $277 млрд, што з’яўляецца максімальным значэннем у гісторыі. Гэта больш, ніж каштуе, напрыклад, уся Coca-Cola — $265 млрд. Папярэдні дзённы рэкорд у $196 млрд належаў Meta і быў усталяваны зусім нядаўна, 2 лютага.
Акцыі Nvidia пайшлі ў гару пасля публікацыі справаздачы за квартал, які завяршыўся ў студзені, і ўвесь фіскальны 2023 год. Фінансавыя паказчыкі ашаламілі аналітыкаў з Уол-стрыт і падагрэлі веру ў тэхналогіі штучнага інтэлекту. Выручка кампаніі ў чацвёртым квартале склала $22,10 млрд — плюс 265% год да года. Гадавая выручка вырасла на 126% да рэкордных $60,9 млрд, а чысты прыбытак — на 769%.
Цяпер Nvidia займае трэцяе месца ў спісе самых дарагіх кампаній ЗША пасля Microsoft і Apple. Ад пачатку 2024 года каштоўныя паперы чыпмэйкера падаражэлі на 58%.
Справаздача Nvidia дала штуршок росту многіх іншых тэхналагічных кампаній, звязаных з АІ і паўправаднікамі. Так, акцыі AMD выраслі прыкладна на 11%, Broadcom — на 6,3%, а кампанія Super Micro Computer, якая спецыялізуецца на серверным абсталяванні для АІ, узляцела больш як на 30%.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.