Сведкі Google прагаварыліся ў судзе, колькі кампанія выдаткоўвае на пошукавыя ўгоды
У ходзе судовых разглядаў па антыманапольным пазове Мінюста ЗША і пазове Epic Games высветліліся падрабязнасці пагадненняў Google з іншымі кампаніямі аб выкарыстанні яе пошукавай сістэмы па змаўчанні.
Google плаціць Apple 36% прыбытку, атрыманага ад размяшчэння пошукавай рэкламы ў браўзеры Safari. Пра гэта расказаў галоўны эканамічны эксперт кампаніі, прафесар Чыкагскага ўніверсітэта Кевін Мёрфі падчас дачы паказанняў на слуханнях па антыманапольным пазове Мінюста ЗША.
Bloomberg паведамляе, што для Google гэтая інфармацыя была канфідэнцыйнай і адвакат кампаніі не стаў хаваць сваю незадаволенасць яе агалоскай. Рэгулятар лічыць, што пагадненне паміж Apple і Google паказвае незаконнасць дамінавання апошняй на рынках пошукавых сістэм і пошукавай рэкламы.
Раней кампаніі заключылі пагадненне, згодна з якім ад 2002 года пашукавік Google усталяваны па змаўчанні ў Safari. Раней Google адмаўлялася выдаваць умовы кантракта, паколькі раскрыццё дадатковай інфармацыі аб угодзе «неабгрунтавана падарве канкурэнтназдольнасць Google у дачыненні як да канкурэнтаў, так і да іншых кантрактаў».
Паралельна з антыманапольным пазовам праходзяць слуханні па пазове Epic Games супраць Google. Стала вядомая статыстыка па даходнасці мабільных прылад Samsung з пункта гледжання Google Play. На пачатак 2019 года на прылады Samsung прыпадала «палова або больш» даходаў крамы праграм. Пра гэта заявіў віцэ-прэзідэнт Google па партнёрстве Джэймс Калатурас.
Ён жа паведаміў суду, што ў 2020 годзе Google у рамках трох угод пагадзілася выплаціць Samsung $8 мільярдаў на працягу чатырох гадоў за тое, каб на яе прыладах па змаўчанні быў усталяваны пошук Google, галасавы памочнік Google Assistant і Google Play. Яшчэ кампанія прапаноўвала вытворцу не размяшчаць уласнай крамы Galaxy Store на хатніх экранах прылад.
Раней падчас слуханняў высветлілася, што ў 2021 годзе Google заплаціла $26,3 мільярда за забеспячэнне пагадненняў аб дэфолтнай пошукавай сістэме на большасці смартфонаў і браўзераў. Даход кампаніі ад пошукавай рэкламы ў тым жа годзе склаў $146,4 мільярда. Кіраўнік аддзела пошуку і рэкламы Прабхакар Рагхаван адзначыў, што гэтая сума вырасла больш як у тры разы ад 2014 года.
Таксама Рагхаван заявіў, што Google сутыкаецца з канкурэнцыяй з боку розных платформаў, якія канкуруюць за ўвагу карыстальнікаў. Google пры гэтым лічыць, што большасць карыстальнікаў добраахвотна выбірае яе пашукавік у якасці асноўнага на сваіх прыладах, нават калі кампанія не аплачвае ўсталявання па змаўчанні.
Мінюст ЗША і восем амерыканскіх штатаў падалі пазоў супраць Google у кастрычніку гэтага года. Яны абвінавацілі кампанію ў злоўжыванні дамінаваннем на пошукавым рынку і выкарыстанні нядобрасумленных метадаў для стрымлівання развіцця канкурэнтаў. Судовы працэс Epic Games супраць Google звязаны з забаронай апошняй аплачваць пакупкі ў праграмах у абыход плацежнай сістэмы Google Play.
Читать на dev.by