Ці можна звазіць немаўля ў Беларусь па сведчанні аб вяртанні — і вярнуцца ў Польшчу?

Ці можна звазіць немаўля ў Беларусь па сведчанні аб вяртанні, зрабіць пашпарт, а потым вярнуцца ў Польшчу ўсё на той жа падставе — такое пытанне ўзнікла ў чытачоў канала для айцішнікаў Dzik Pic.

14 каментарыяў

Журналіст канала звярнуўся ў амбасаду Беларусі. Там адказалі, што гэта пытанне да «польскіх кампетэнтных органаў». Што праўда, не ўдакладнілі, да якіх. Так што прыйшлося высвятляць інакш.

Адказы польскай памежнай службы і юрыста

Dzik адправіў запыт польскім памежнікам. У ведамстве адказалі, што «для выезду з Польшчы неабходна мець дзейны біяметрычны, замежны пашпарт або часовы беларускі так званы biały paszport na wyjazd (тое самае сведчанне на вяртанне).

Вяртанне магчымае толькі пры наяўнасці дзейнага замежнага пашпарта + візы» (гэта значыць, калі ў чалавека яшчэ няма ДНЖ або ён знаходзіцца на штампе).

Памежнікі таксама нагадалі, што беларусы без дзейнага пашпарта, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь для яго падаўжэння, маюць права падацца на праязны дакумент замежніка ў Польшчы.

Не надта змястоўны адказ. Так што Dzik папрасіў дапамогі яшчэ і ў спецыялістаў Legal Hub — бясплатнага і ананімнага сэрвісу юрыдычнай дапамогі для беларусаў.

Юрыст пацвердзіў, што «пасведчанне на вяртанне — гэта дакумент, які пацвярджае права на аднаразовы ўезд у Беларусь у названыя ў пасведчанні тэрміны і пацвярджае асобу ўладальніка ў мэтах аднаразовага ўезду ў Беларусь. Яно не можа быць выкарыстана для выезду з Беларусі.

Такім чынам, для выезду з Беларусі дзіцяці спатрэбіцца сапраўдны пашпарт або біяметрычны пашпарт.

Для ўезду ў Польшчу, акрамя наяўнасці сапраўднага пашпарта або біяметрычнага пашпарта грамадзяніна Беларусі, дзіцяці спатрэбіцца наяўнасць сапраўднай нацыянальнай або шэнгенскай візы».

Але ці абавязкова везці дзіця ў Беларусь?

На шчасце, не. Туды можна адправіцца і аднаму з бацькоў, які гатовы ўзяць на сябе ўсе бюракратычныя клопаты: зарэгістраваць немаўля па сваім месцы жыхарства і зрабіць яму першы пашпарт.

Калі бацькі прапісаныя па розных адрасах, то сітуацыя троху ўскладняецца. Ад аднаго з бацькоў спатрэбіцца завераная згода на прапіску па месцы жыхарства другога.

Аформіць яе можна ў беларускім консульстве. Бывалыя людзі раяць Бялу Падляску або Беласток, дзе чэргі меншыя. 

Калі не хочаце звяртацца ў консульства, то можаце папрасіць заверыць польскага натарыуса. Але вам яшчэ прыйдзецца пацвердзіць пячатку натарыуса ў судзе і паставіць апастыль на згоду (на пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці апастыль таксама патрэбны).

Потым бацька адпраўляецца ў Беларусь і робіць у РБ пераклад на рускую. І ўжо з гэтым наборам можна ісці ў пашпартны стол.


Калі ў вас атрымалася прапісаць немаўля ў Беларусі без прысутнасці другога бацькі або, наадварот, вам так і не ўдалося гэтага зрабіць, — падзяліцеся сваім вопытам у каментарах або чат-боце.

Як выпісацца з кватэры ў РБ аддалена. 3 кейсы беларусаў, якім гэта ўдалося
Па тэме
Як выпісацца з кватэры ў РБ аддалена. 3 кейсы беларусаў, якім гэта ўдалося

Читать на dev.by