Відэастрымінг з сусветнага топ-3 ціха вывез каманду ў Польшчу і на Кіпр
Адная з найбуйнейшых відэастрымінгавых кампаній у свеце, амерыканская TangoMe, выглядае, сышла з Беларусі.
Кампанія знікла са спісу рэзідэнтаў ПВТ, а Мінска больш няма ў пераліку лакацый на афіцыйным сайце TangoMe. Беларуская юрыдычная асоба «ТангаМі» пакуль дзейная, але, са слоў супрацоўнікаў, там ніхто не працуе. Амаль уся мінская каманда рэлакавалася ў Польшчу.
TangoMe развівае стрымінгавую платформу Tango Live — праграму для вяшчання ў прамым эфіры, відэазванкоў і абмену паведамленнямі. Платформа ўваходзіць у топ-3 стрымінгавых сэрвісаў на заходнім рынку. У праграмы 450+ мільёнаў загрузак і 10+ мільёнаў актыўных карыстальнікаў на месяц.
«Для кампаніі палітыка другасная, людзі — у першую чаргу»
Мінскі офіс распрацоўкі TangoMe быў адкрыты ў маі 2020 года. Кампанія адразу пачала актыўна развівацца і, паводле чутак, перавабіла вышэйшымі заробкамі значную частку каманды Viber. Увосень 2020 кампанія стала рэзідэнтам ПВТ.
Так атрымалася, што TangoMe прыйшла ў Беларусь у перыяд палітычнага крызісу. Вось што аб палітычнай сітуацыі і перспектыўных рэлакейту казаў яшчэ пры канцы 2020 года генеральны дырэктар сэрвісу Аляксандр Ешчанка.
— Нават нягледзячы на бягучую палітычную сітуацыю, мы не бачым у гэтым прычыны ставіць нашы планы на паўзу. Мы пачалі ўступаць у ПВТ яшчэ да пачатку вядомых падзей, цяпер ужо рухаемся па інерцыі з тым жа тэмпам.
Што тычыцца магчымасці рэлакейту, скажам, за мяжу, то, зноў жа, мы адштурхоўваемся толькі ад жадання нашых супрацоўнікаў. Для нас важныя людзі, якія тут, якія сюды прыходзяць. Калі супрацоўнік захоча пераехаць, мы дапаможам.
Але патэнцыйна і мы адкрытыя да рэлакейту. Пакуль жа хлопцы спадзяюцца, што ў найбліжэйшы час тут усё наладзіцца, а для кампаніі палітыка другасная, людзі — у першую чаргу.
І ўсё ж рэлакейт
Але летась у кампаніі змяніліся планы адносна далейшага развіцця мінскага офіса. TangoMe адкрыла офіс у Польшчы і перавезла туды амаль усю беларускую каманду.
dev.by пагутарыў з некалькімі супрацоўнікамі кампаніі і дазнаўся некаторых падрабязнасцей.
У мінскім офісе TangoMe працавала каля 130 супрацоўнікаў. Увосень мінулага года большая частка каманды рэлакавалася ў офіс у Варшаве, частка супрацоўнікаў пераехала ў офіс на Кіпры.
«Для рэлакейту былі дзве асноўныя прычыны: магчымыя праблемы з паступленнем грошай і праблемы з патэнцыяльнымі інвестарамі/выхадам на IPO. Пры пераездзе рэлакантам выплацілі адзін заробак і кампенсавалі выдаткі на „дапамагатараў“, якія займаліся афармленнем дазволаў на жыхарства, у памеры 2 тысяч злотых (каля 500 долараў). Сам пераезд і афармленне былі даволі скамечанымі, самім даводзілася шмат разбірацца, як і што афармляць», — расказаў адзін з супрацоўнікаў.
У польскім офісе TangoMe ўжо працуе больш за 100 чалавек. Мінскі офіс, паводле слоў суразмоўцаў, «закрылі яшчэ ў лістападзе 2022. Праз гэтую юрыдычную асобу цяпер ніхто не працуе».
З Расіі таксама
TangoMe сышла не толькі з Беларусі, але і, падобна, з Расіі.
Інфармацыя аб планаваным сыходзе амерыканскай кампаніі з Расіі з’явілася восенню мінулага года ў расійскіх медыя. Публічных заяў кампаніі з гэтай нагоды мы не знайшлі.
Офіс у Санкт-Пецярбургу адкрыўся яшчэ ў 2015 годзе і доўгі час быў найбуйнейшым рэгіянальным падраздзяленнем. Але яго больш няма ў пераліку лакацый кампаніі, як і Мінска.
Таксама ў расійскім рэестры юрыдычных асоб мы знайшлі кампанію ТАА «ТАНГАМІ СТП», якая была зарэгістраваная ў Санкт-Пецярбургу, уласнік — амерыканская TangoMe. Паводле даных рэестра, у сакавіку гэтага года кампанія была ліквідаваная.
На гэты момант на афіцыйным сайце TangoMe згадваюцца 5 лакацый, дзе адкрытыя офісы кампаніі: Тэль-Авіў, Лімасол, Дубай, Варшава, Кіеў. Адкрыта каля 50 вакансій.
Мы звярнуліся па каментары да гендырэктара TangoMe Уры Раза. Апублікуем адказ, калі атрымаем.
TangoMe inc заснаваная ў ЗША ў 2009 годзе Уры Разам і Эрыкам Сэтанам і першай паказала свету міжсеткавыя і кросплатформенныя мабільныя відэачаты.
У 2014 годзе кітайская Alibaba Group інвеставала ў праект 215 мільёнаў долараў. У ліку іншых інвестараў TangoMe inc таксама фігуруюць Access Industries і адзін з заснавальнікаў Zoom.
На сёння TangoMe адная з найбуйнейшых відэастрымінгавых кампаній у свеце. Кампанія развівае праграму для анлайн-трансляцый Tango Live. Гэта адная з вядучых платформаў для анлайн-трансляцый ва ўсім свеце.
Паводле даных з афіцыйнага сайта, у кампаніі працуе 350+ супрацоўнікаў у пяці краінах: Украіна, Кіпр, ААЭ, Польшча, Ізраіль. Гадавы абарот ацэньваецца ў 400 мільёнаў долараў.
Кантэкст
TangoMe стала чарговай амерыканскай ІТ-кампаніяй, якая сышла з Беларусі. У гэтым спісе сёння такія вядомыя кампаніі, як WorkFusion, EIS Group, Softeq Development, Tealium, ArasCorp, Kaseya.
Усяго за 2022–2023 гады некалькі дзясяткаў розных ІТ-кампаній закрылі/прадалі свой бізнэс у Беларусі і сышлі з краіны. Большасць з іх прапанавала супрацоўнікам опцыю рэлакейту і ўзяла на сябе частку выдаткаў. (Толькі 14% удзельнікаў нашага рэсёрчу ў ліпені 2022 — 5000 анкет — адзначылі, што ў іх кампаніях няма рэлакейту.)
Большасць ІТ-кампаній з топ-50 пакуль захавалі бізнэс у Беларусі, але колькасць супрацоўнікаў, якія працуюць у офісах у РБ, за апошнія паўтара года скарацілася, паводле нашых ацэнак, у 1,5-2 разы. Напрыклад, найбуйнейшая ІТ-кампанія Беларусі EPAM «страціла» прыкладна палову штату. Амаль на столькі ж скарацілася беларуская каманда iTechArt. Мінскі офіс Exadel скараціўся амаль у 5 разоў.
Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі і нашых разлікаў, са студзеня 2022 года ІТ-сектар страціў ужо каля 20 тысяч спецыялістаў. Тут мы параўналі маштабы дзвюх хваляў рэлакейту — пасля 2020-га і пасля 24 лютага 2022.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by