Бесправадныя навушнікі ў гадзінніках і генератары новага пакалення. Тэхнадайджэст
Штотыдзень збіраем навіны тэхналогій, відэа і спасылкі на карысныя артыкулы.
Штотыдзень збіраем навіны тэхналогій, відэа і спасылкі на карысныя артыкулы.
Штотыдзень збіраем навіны тэхналогій, відэа і спасылкі на карысныя артыкулы.
Дыркаючыя смярдзючыя бензінавыя генератары, дзякуючы якім гэтай зімой ва Украіне працавалі кавярні, крамкі, а затым і супермаркеты, праз некалькі гадоў сыдуць у мінулае. Ім на змену прыходзіць штосьці фантастычнае: просты і эфектыўны лінейны генератар, які працуе на любым паліве, не спальваючы яго. Схема працы простая, але інжынерных задач хапіла на 15 гадоў даследаванняў, пошукаў, чарцяжоў і прататыпаў. Пра стварэнне «найэфектыўнейшага спосабу пераўтварыць хімічную энергію ў электрычнасць» на IEEE Spectrum расказвае адзін з заснавальнікаў стартапа Mainspring Energy Мэт Сврчак. Здаецца, яго прозвішча сціснула, нібы газавую сумесь у камеры лінейнага генератара.
Выглядае, быццам міленіялы зноўку вынайшлі дызельны рухавік. Але не: у лінейным генератары нічога не запальваецца!
Не гарыць, не дыміць, электрычнасць стварае
— Калі змяшаны з кіслародам газ сціскаецца, з ростам ціску малекулы рухаюцца хутчэй, тэмпература паступова расце, і ў пункце гранічнага сціскання пачынаецца хімічная рэакцыя. Напрыклад, аміяк не гарыць з выдзяленнем аксідаў азоту, а ператвараецца ў ваду і чысты азот. Шкодных выкідаў на 90% менш.
— Паводле слоў Мэта, правільна падабраўшы ступень сціскання, генератар можна запусціць амаль на любым паліве: вадарод, прыродны газ, біяпаліва, бензін, салярка…
— У звычайным рухавіку ўнутранага згарання ступень сціскання фіксаваная, так як поршні круцяць каленчаты вал, а ён знаходзіцца на адной і той жа адлегласці ад цыліндраў. Калі трэба сціскаць газапаветраную сумесь па-рознаму, то энергію трэба «здымаць» інакш. Поршні не падыдуць. Генеравальную частку стваральнікі назвалі «лінейнай электрамагнітнай машынай» (LEM). Як тлумачыць Сврчак, гэта «звычайны электрагенератар, толькі разгорнуты ўздоўж».
— На шляху да поспеху навукоўцы прайшлі яшчэ не адное выпрабаванне расчараваннем. Напрыклад, іх герметызавальныя пракладкі перасталі працаваць, як толькі замест маштабнай мадэлі сабралі паўнавартасны генератар. А кіраўнічы камп’ютар паляпшалі датуль, пакуль ён не навучыўся вар'іраваць ступень сціскання ў кожны наступны такт. Гэта азначае, што сумесь можна мяняць літаральна «лётма», а генератар стартуе за мілісекунды.
— Цяпер схема адпрацаваная настолькі, што мініяцюрны лінейны генератар можна раздрукаваць на бытавым 3D-прынтары.
Першым кліентам, які замовіў генератары для справы, стала энергетычная кампанія PG&E. Буйны вытворца газу, які, як выявілася, можна не толькі спальваць.
У Брытаніі апублікаваныя вынікі самага маштабнага даследавання чатырохдзённага працоўнага тыдня: 18 з 61 кампаніі вырашылі цалкам перайсці на новую схему працы. А больш за 90% маюць намер працягнуць даследаванне. «Тое, што пачалося як кампенсацыя выгарання на тле пандэміі, цяпер ператварылася ў сродак утрымання і задачу для рэкруцёраў», — заявіла WSJ эканамістка з Бостанскага каледжа Джульет Шор.
— Ніводная кампанія не паведаміла пра падзенне прадукцыйнасці. Для 46% босаў усё засталося на ранейшым узроўні, 34% кіраўнікоў паведамілі пра невялікае павелічэнне, а 15% — пра значнае павелічэнне эфектыўнасці працы. Даходы кампаній-удзельніц выраслі на 1,4%. Так, 4 лепей за 5.
— Менш стрэсу, менш звальненняў, менш тэлефоннай хлусні «мне нешта нядужыцца», больш прадукцыйнасці і лаяльнасці. Так, 4 лепей за 5. Гэта вынік не толькі брытанскага даследавання. Менш маштабныя палявыя эксперыменты пацвярджаюць па ўсім свеце: у Бразіліі, Ісландыі, Новай Зеландыі, Іспаніі…
— Адзін з найкруцейшых бонусаў: скарачэнне колькасці і працягласці сазвонаў. У многіх кампаніях «трэці выходны» прыпадаў на розныя дні тыдня ў розных працаўнікоў. І неяк, ведаеце, каб нікому не псаваць выходных, навучыліся вырашаць пытанні па перапісцы…
— Хочаце паспрабаваць чатырохдзёнку? Раздрукуйце публікацыю і пакладзіце свайму босу на стол, раіць WSJ.
Амерыканскі аматар Келін Перлін абыграў у го адзін з самых выдасканаленых АІ-алгарытмаў KataGo. Гэта праграма, пабудаваная на тых жа прынцыпах, што і знакамітая AlphaGo: алгарытм, які прынізіў чэмпіёна свету Лі Седоля ў 2016 годзе. Седоль упаў у дэпрэсію, заявіў, што сустрэўся з «непераможнай сутнасцю» і сышоў у заход… Як выявілася, заўчасна.
Перлін скарыстаўся дапамогай іншага алгарытму, распрацаванага каліфарнійскай кампаніяй FAR AI. «Узламаць сістэму выйшла на здзіўленне лёгка. Гэта не тое каб трывіяльна, але прама скажам: не асабліва складана», — заявіў Ars Technica кіраўнік FAR AI Адам Гліў.
Я не фанат го, але, гледзячы на запіс адной з партый, мяркую, што Гліў і Перлін знайшлі паўтараны шаблон хадоў, дзе ход-падманка адцягваў KataGo ад асноўнага кірунку атакі. Перлін выйграў 14 з 15 партый супраць Kata. Ён таксама абыграў і іншы алгарытм, пабудаваны на кодзе AlphGo, пад назвай Leela Zero.
— Наймацнейшы кібер-гоначны алгарытм для Gran Turismo 7 GT Sophy ад 22 лютага даступны для ўсіх ахвотных пазмагацца. Можаце выпрабаваць сябе, і нават у VR, — калі, вядома, у вас правільная японская кансоль і купа грошай.
Брытанская кампанія Alauda пасля трох беспілотных варыянтаў стварыла пілатаваны eVTOL для гонак: AirSpeeder Mk.4. Разганяецца да 360 км/г, а ротары, якія нахіляюцца, робяць яго яшчэ і неверагодна манеўраным. Дзіўна не бачыць на такой прыладзе спонсарскіх лагатыпаў Monster або Red Bull — градус вар’яцтва якраз прыдатны.
Рэдактары Mojo згадалі 10 вынаходак і тэхналогій, якія з фантастычных раманаў прыйшлі ў нашае жыццё. Шкада толькі, што Ільф дагэтуль мае рацыю: «Радыё ёсць, а шчасця няма».
Японскія навукоўцы сабралі з некалькіх дронаў шагаюча-лятаючага робата. Калі прыбраць гудзенне і не звяртаць увагі на назву робата (SPIDAR), то гэта даволі страшнае відэа.
Ну і каб два разы не ўзлятаць: яшчэ адзін неверагодны дрон TJ-FlyingFish, які можа перамяшчацца і ў паветры, і ў вадзе.
— Digital Trends згадвае дзясятку супергеройскіх фільмаў з самымі дрэннымі спецэфектамі (і ў ёй фільм з найкруцейшым саўндтрэкам усіх часоў!).
— Huawei убудаваў бесправадныя навушнікі ў гадзіннік.
— Пасля 10 гадоў даследаванняў і сотняў мільёнаў долараў інвестыцый Hyperloop — вакуумная труба з хуткаснымі пасажырскімі капсуламі — абярнулася фіяска.
— Касмічны тэлескоп Hubble засняў зліццё адразу трох галактык у сузор'і Валапаса.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.
В Гиперлуп верилось слабо
Thanks for the informative article. Unogeeks has the top Oracle Integration Cloud (OIC) Consulting Experts, who provide the best Oracle Integration Cloud (OIC) Support Services