«Паспрабуюць адабраць — прыйду з міліцыяй». У школах забіраюць тэлефоны вучняў на дзень — бацькі бунтуюць

Чытачы dev.by пішуць: у школах, дзе вучацца іх дзеці (а гэта некалькі чалавек у розных раёнах Мінска), з новай чвэрці забіраюць смартфоны на пачатку навучальнага дня і вяртаюць па яго заканчэнні.

32 каментарыя

«Класная прасіла не„паліцца», інакш будуць непрыемнасці»

У Ганны (імёны ў тэксце змененыя) двое дзяцей: дачка вучыцца ў школе па прапісцы, сын — старакласнік — у гімназіі. «У гімназіі размовы пра канфіскацыю тэлефонаў на дзень ішлі яшчэ ўвосень, а вось у школе ніхто пра нішто бацькоў не папярэджваў, таму мы думалі, што гэта ініцыятыва выключна гімназіі». 

— І тым не менш ад 8 студзеня абое мае дзіцяці, прыйшоўшы са школы, падзяліліся навінамі: класныя кіраўнікі зранку забіраюць тэлефоны і аддаюць толькі перад сыходам дзяцей дадому, — расказвае айцішніца. 

У Алены адное дзіця, яно вучыцца ў 8 класе. «Нам казалі на бацькоўскім сходзе ў мінулым паўгоддзі, што тэлефоны ў дзяцей мусяць забіраць. Але пакуль ніхто гэтага не робіць». Чаму — «так і не вырашылі шэрагу пытанняў», адказвае чытачка:

  • «Напрыклад, як забяспечыць гаджатам захаванасць — бо ж патрэбная нейкая скрынка, якая будзе замыкацца на ключ і кудысьці прыбірацца.
  • Гэтая скрынка таксама мае надзейна абараняць тэлефоны ад драпін, драпін і іншых „траўмаў“. „Хто будзе адказваць, калі пры канцы чарговага дня настаўнік разамкне скрынку — а нейкі з тэлефонаў з пабітым экранам?“ — гэтае пытанне першым жа задалі на сходзе. А зразумелага адказу на яго так і не атрымалі.
  • Нуй „за чый кошт гэная бяседа“ — таксама важнае пытанне. Большая частка бацькоў у класе ў майго сына кажа, што ім гэта наогул не трэба. Дык чаму мы мусім на гэта траціцца?»

Алена кажа, што аднакласнікі ейнага сына выключаюць тэлефоны перад урокамі і хаваюць на дно заплечнікаў. «Класная прасіла іх не „паліцца“, інакш у яе будуць непрыемнасці. А яшчэ папярэдзіла, што ўжо ў наступным месяцы не выключаныя праверкі — і тады яна дакладна будзе забіраць прылады ва ўсіх».

Дачка Сяргея вучыцца ў 2 класе той жа школы, у якой яго жонка працуе настаўнікам. «Паводле слоў жонкі, у іх збіраюць толькі смартфоны — кнопкавых „званілак“ без інтэрнэту гэта не тычыцца». 

— Школы бачаць дзве праблемы: першая — дзеці гуляюць у гульні на тэлефонах, прычым не толькі на перапынках, але часам нават на ўроках. І другая — яны гугляць адказы і спісваюць. Настаўніца матэматыкі казала, што яна дзеля эксперыменту мяняла лікі ў самастойнай, а вучні нават не заўважалі — «злізвалі» ўсё ўшчэнт з сайтаў з гатовымі рашэннямі.

Сяргей згаджаецца, што праблему трэба неяк вырашаць, «бо мы адпраўляем дзяцей у школу вучыцца». Але як? «Калі дзіця захоча падмануць, ён здасць іншы тэлефон — непрацоўны. Жонка расказвала, што так таксама бывае».

«Вучэбны працэс ператвараецца ў паляванне за тэлефонамі»

Ініцыятыву са здачай тэлефонаў у беларускіх школах актыўна абмяркоўваюць і ў сацсетках. Некаторыя карыстальнікі (у тым ліку і настаўнікі) пішуць, што ў іх школах «такога няма». Але ў многіх каментах усё ж такое ёсць. У каментарах нават высвятляецца, што ў некаторых беларускіх школах так заведзена «яшчэ ад пачатку навучальнага года», а дзе-нідзе — ужо некалькі гадоў. 

Многія бацькі вельмі супраць таго, каб у іх дзяцей забіралі сродкі сувязі — «а раптам што-небудзь здарыцца ў бацькоў або ў самога дзіцяці». І ў якасці аргументаў прыводзяць непрыемныя выпадкі са школьнага жыцця сваіх дзяцей:

  1. [Дачка] «у слязах тэлефанавала мне, бо ў яе „кроў [ідзе] з вока“, і пакуль я 15 хвілін ехала, настаўнік у класе так і не з’явіўся»;
  2. «Была сітуацыя: забралі ў дзіцяці тэлефон на пачатку ўрока, а на перапынку яго штурхнуў аднакласнік. Дзіця моцна стукнулася, было вельмі дрэнна, але настаўніца не дала [яму] патэлефанаваць мне і сама не паведаміла»; 
  3. «У нас [у школе] рэдка медработнік бывае на месцы».

Некалькі чалавек прызнаецца, што яны сваім дзецям «дазволілі не здаваць» гаджатаў. «Я сваёй сказала, калі паспрабуюць адабраць, хай адразу тэлефануе мне і я прыйду з міліцыяй. У школьным чаце настаўніку адказала, што на цэлы дзень не дазваляю здаваць тэлефон. Толькі як раней: на пачатку ўрока пакласці ў вочка на стале настаўніка, у канцы ўрока забраць. І не больш за тое», — піша адная карыстальніца.

А яшчэ некалькі паведамляе, што знайшло спосаб вырашыць праблему без шуму і прыцягнення ўвагі: «[Я] дачцы сказала: здай той, якім не карыстаемся на пачатку года, і не забудзься забраць пры канцы года».

Ёсць таксама каментары ад настаўнікаў, якія пішуць, што тэлефоны часам таксама патрэбныя на ўроках — напрыклад, «для анлайн-тэстаў», а таксама для заданняў з QR-кодамі, што ўключаныя ў беларускія падручнікі.

Нямала каментароў і ад тых, хто падтрымлівае ініцыятыву школ забіраць тэлефоны ў вучняў на час урокаў:

  • «Дзеці ад тэлефонаў тупеюць са страшнай сілай. Навучальны працэс ператвараецца ў паляванне за тэлефонамі;
  • «Жадаю кожнаму згоднаму папрацаваць хоць бы годзік у школе, якія не адліпаюць ад тэлефонаў, пасылаюць на… і знаюць свае правы»;
  • «Працавала ў школе, дзе дзеці здавалі тэлефоны ад ранку, а сыходзячы забіралі. Калі трэба было патэлефанаваць бацькам, падыходзілі да мяне. Мы йшлі ў настаўніцкую, і дзіця тэлефанавала… затое дзеці ў школе не сядзелі, уткнуўшыся ў тэлефоны»;
  • «У нашай школе ад сённяшняга дня гэта дзейнічае. Усе дзеці спакойна здалі тэлефоны і без праблем забралі пры канцы дня. І ці ўяўляеце: яны размаўлялі, гуляліся, а не сядзелі ўсю змену ў тэлефонах».

«У часе адукацыйнага працэсу без дазволу педагогаў»

У снежні выданне Tochka.by цікавілася ў Мінадукацыі, ці праўда, што і вучняў (і нават настаўнікаў) абавяжуць здаваць тэлефоны. У сваім адказе ведамства спаслалася на «Дзяржаўны школьны стандарт» і «Правілы бяспекі адукацыйнага працэсу» — там усё прапісанае. 

У першым дакуменце гаворыцца наступнае: «Карыстацца прыладамі мабільнай сувязі, інтэрнэт-сувязі, музычнымі калонкамі, гульнявымі прыладамі ў часе адукацыйнага працэсу без дазволу педагогаў катэгарычна забараняецца» .

За пяць хвілін да пачатку занятку кожны навучэнец мае паставіць тэлефон на бясшумны рэжым і пакласці яго ў скрынку на стол, які стаіць асобна, альбо працоўнае месца настаўніка. Гаджат дазваляецца забраць пасля заканчэння ўрока.

Згодна з другім дакументам, захоўванне тэлефонаў дапускаецца і ў партфелях вучняў. Таксама дакументы не забараняюць вучням карыстацца тэлефонамі на перапынках. Але толькі ў выпадку экстраннай неабходнасці — для аператыўнай сувязі з бацькамі. 

У жніўні 2024 года начальніца ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Ірына Каржова адзначала, што мабільныя тэлефоны могуць выкарыстоўвацца і на ўроках, але толькі з дазволу настаўніка.

— Вы спытаеце: навошта мабільны тэлефон на ўроку, да чаго тут дазвол настаўніка? Новыя навучальныя дапаможнікі, у якіх ёсць QR-коды, дазваляюць зайсці на пэўныя інтэрнэт-рэсурсы, максімальна зацікавіць дзіця прадметам. Усю інфармацыю ў адзін падручнік не пакладзеш, ён будзе беспамерны і вельмі цяжкі па масе. Таму ёсць QR-коды, якія дазваляюць даведацца больш. І з дазволу настаўніка можна выкарыстоўваць тэлефон на ўроку, каб зайсці на нацыянальны адукацыйны партал і іншыя рэсурсы, — тлумачыла чыноўніца.

Аднак у той жа размове Каржова выступала за тое, каб «максімальна засцерагчы школу ад выкарыстання мабільных тэлефонаў».

А ў вашых дзяцей таксама забіраюць тэлефоны на ўроках? І якое вашае стаўленне да гэтага — пішыце ў каментарах.

«Только в школе так не говори». Как учить детей говорить и молчать в Беларуси
По теме
«Только в школе так не говори». Как учить детей говорить и молчать в Беларуси

Читать на dev.by