Tesla скарачае больш за 10% штату
Tesla звальняе «больш за 10%» сваіх супрацоўнікаў ва ўсім свеце. Пра гэта піша Electrek са спасылкай на ўнутраны імэйл, разасланы Іланам Маскам у нядзелю. Напярэдадні кампанія дала справаздачу пра нездавальняючыя паказчыкі паставак электрамабіляў.
У нататцы кіраўнік кампаніі напісаў, што вельмі шкадуе аб такой меры, але яе нельга пазбегнуць. «Гэта дазволіць нам быць эканомнымі, інавацыйнымі і накіраванымі ў новы цыкл росту», — перакананы ён.
На пачатку гэтага года глабальны штат Tesla налічваў 140 тысяч чалавек, з іх 20 тысяч працавалі ў каліфарнійскім Фрыманце.
Паводле слоў крыніц Business Insider, у панядзелак некаторыя супрацоўнікі страцілі доступ да сваёй электроннай пошты і акаўнтаў у Teams.
У першым квартале Tesla зафіксавала моцны спад паставак, які выявіўся горшым за прагнозы аналітыкаў: 20% у параўнанні з папярэднім кварталам і больш за 8% год да года. Гэта першае падзенне продажаў кампаніі ў гадавых суадносінах ад 2020 года. У прэс-рэлізе Tesla апраўдвалася пачаткам вытворчасці абноўленай версіі Model 3, падпалам электрападстанцыі і спыненнем гігафабрыкі ў Германіі, а таксама праблемамі ў ланцужках паставак праз канфлікт у Чырвоным моры.
Дзеля эканоміі Маск выгнаў палову супрацоўнікаў Twitter пасля куплі сацсеткі ў кастрычніку 2022 года. Некалькі раўндаў скарачэнняў ужо прайшло і ў Tesla — напрыклад, летась працы пазбавіліся дзясяткі супрацоўнікаў у камандзе аўтапілота ў нью-ёркскім Бафала. Тады кампанія заявіла, што гэта ніяк не звязана з іх прафсаюзнай актыўнасцю, і справа ў непрадукцыйнасці.
У мінулым маі Маск сказаў, што хоча асабіста ўхваляць усіх новых супрацоўнікаў. Падчас фінансавай справаздачы ў студзені ён папярэджваў аб запаволенні продажаў у 2024 годзе і казаў, што кампанія знаходзіцца паміж двума перыядамі росту. Таксама ён не выключаў магчымых вытворчых цяжкасцяў у сувязі з нарошчваннем выпуску кіберпікапа Cybertruck і новай платформы для электракараў Tesla.
Читать на dev.by