CEO Intel сышоў у адстаўку

Гендырэктар Intel Пэт Гелсінгер пакінуў сваю пасаду 1 снежня і выйшаў з рады дырэктараў кампаніі. Пра гэта яна паведаміла ў сваім блогу.

2 каментарыя

Часова выконваць абавязкі СЕО будуць фінансавы дырэктар Дэвід Зінснер і генеральная менеджарка падраздзялення Client Computing Group Мішэль Джонстан Хольтхаус. Хольтхаус таксама прызначаная кіраўніцай падраздзялення Intel Products, якое ахоплівае аддзел кліенцкіх вылічэнняў, дата-цэнтры, АІ, сеткавы ды іншыя напрамкі дзейнасці кампаніі.

Гелсінгер уладкаваўся ў Intel, калі яму было 18 гадоў. Ён быў вядучым архітэктарам працэсара 80486 чацвёртага пакалення, паказанага ў 1989 годзе. У 32 гады ён стаў самым маладым віцэ-прэзідэнтам у гісторыі Intel, а пазней — тэхнічным дырэктарам. У 2009-м ён перайшоў у кампанію EMC, у 2012-м стаў гендырэктарам VMware, а пазней вярнуўся на аналагічную пасаду ў Intel. Інвестары чыпмэйкера патрабавалі рэарганізацыі, і Гелсінгер прапанаваў пяцігадовы план па карэкціроўцы курсу кампаніі. Ён уключаў будаўніцтва вытворчых заводаў у ЗША і за мяжой, што мелася дапамагчы ёй да канца дзесяцігоддзя нагнаць канкурэнтаў — тайваньскую TSMC і паўднёвакарэйскую Samsung. Таксама Гелсінгер дамагаўся субсідый пад гэтую ініцыятыву, і ў лістападзе ўлады ЗША выдзелілі кампаніі $7,86 млрд на заводы ў Арызоне, Нью-Мексіка, Агаё і Арэгоне. Тым не менш да чаканага выніку яго намаганні не прывялі.

Праз ягоныя словы аб няўстойлівых адносінах TSMC з Кітаем тая пазбавіла Intel скідак, а АІ-працэсары Gaudi саступаюць канкурэнтам, напрыклад, ад Nvidia. У другім квартале 2022 года выручка Intel ад продажу чыпаў для ПК скарацілася на 25%, а ў продажах чыпаў для ЦАДаў яна стала прайграваць AMD. Таксама правалілася ўгода па продажы чыпаў Waymo — беспілотнай «дачцэ» Alphabet, а пазней — угода па працэсарах для PlayStation з Sony. Intel абвясціла пра скарачэнні і зрэзала зарплату Гелсінгеру.

У 2023-м Intel трапіла на штраф у $353 млн за адмову ад паглынання ізраільскай Tower Semiconductor за $5,4 млрд пасля супраціву рэгулятараў. Таксама ўзніклі праблемы з укараненнем тэхналагічнага працэсу 18А, ад яго адмовіліся Apple і Qualcomm, а выпуск чыпаў па ім затрымліваецца да 2026 года. Гэтай восенню Intel пачала вылучаць падраздзяленне Intel Foundry у самастойную даччыную кампанію.

Выручка Intel у 2023 годзе ўпала да $54 млрд — прыкладна на траціну ад таго моманту, як Гелсінгер узначаліў кіраўніцтва. Кампанія зрэзала дывідэнды і абвясціла аб скарачэнні яшчэ 15 тысяч чалавек у рамках плана па зніжэнні выдаткаў на $10 млрд, а таксама адклала ўзвядзенне некалькіх заводаў.

Паводле прагнозаў аналітыкаў, сёлета Intel упершыню ад 1986 года спрацуе ў страту — яна складзе $3,68 млрд.

Intel страціць частку дзяржаўных субсідый, прадае зямлю
Па тэме
Intel страціць частку дзяржаўных субсідый, прадае зямлю
Intel прыпыняе праекты ў Польшчы і Германіі на два гады
Па тэме
Intel прыпыняе праекты ў Польшчы і Германіі на два гады

Читать на dev.by