Тым Кук адхіліў кіраўніка распрацоўкі Apple Intelligence. Кампанія сутыкнулася з пазовам праз «ілжывую» рэкламу ШІ
Кампанія правяла істотныя змены ў кіраўніцтве падраздзяленняў, адказных за штучны інтэлект і галасавога асістэнта Siri. Карыстальнікі незадаволеныя вельмі павольнай інтэграцыяй функцый ШІ ў прадукты кампаніі.
На фоне затрымкі запуску абнаўленняў генератыўнага ШІ і росту незадаволенасці карыстальнікаў кіраўніка распрацоўкі ШІ Джона Джанандрэа замяніў Майк Роквел, які раней узначальваў аддзел распрацоўкі Vision Pro. Рашэнне пра перастаноўкі ў кіраўніцтве было прынята пасля таго, як генеральны дырэктар Apple Тым Кук пачаў сумнявацца ў здольнасці Джанандрэа эфектыўна кіраваць распрацоўкай ШІ.
Паводле звестак Bloomberg, цяпер Майк Роквел будзе курыраваць як распрацоўку Siri, так і ўсе напрамкі ШІ ў Apple. Пры гэтым Пол Мід, які раней адказваў за распрацоўку апаратнага забеспячэння для гарнітуры Apple Vision Pro пад кіраўніцтвам Роквела, зойме пасаду кіраўніка Vision Pro Group. Раней у гэтым месяцы Apple прызнала затрымку запуску генератыўных ШІ-абнаўленняў для Siri да наступнага года, патлумачыўшы гэта тым, што распрацоўка займае больш часу, чым меркавалася.
На гэтым фоне юрыдычная фірма Clarkson Law Firm падала пазоў у акруговы суд Сан-Хасэ (штат Каліфорнія), абвінавачваючы Apple у нядобрасумленным маркетынгу і патрабуючы кампенсацыі. Кампанія сцвярджае, што карыстальнікі чакалі з’яўлення прадстаўленых у чэрвені 2024 года ШІ-функцый разам з iPhone 16 у верасні, аднак першыя функцыі сталі даступныя толькі ў кастрычніку і ў абмежаваным выглядзе, а некаторыя з іх давялося часова адключыць праз памылкі.
У пазове асабліва згадваецца рэкламны ролік з актрысай Белай Рамсі, у якім дэманструюцца магчымасці Apple Intelligence у Siri, «Фота» і «Пошце» на iPhone 16 Pro. Пасля крытыкі з-за пераносу запуску Siri з ШІ-функцыямі Apple выдаліла гэты ролік з Youtube, але, як адзначаецца ў дакуменце, не адмовілася ад іншых спрэчных рэкламных заяў. Clarkson Law Firm дамагаецца надання пазову статусу калектыўнага, каб да яго маглі далучыцца іншыя пацярпелыя пакупнікі прылад Apple з падтрымкай Apple Intelligence.
Читать на dev.by