«Цінькоф» забараніў працу за мяжой, акрамя Беларусі, Арменіі і Казахстана
Супрацоўнікі банка не могуць працаваць за мяжой па-за краінамі прысутнасці цэнтраў распрацоўкі. Цяпер аддаленая праца забароненая па-за межамі Расіі, Беларусі, Арменіі і Казахстана.
У банку рашэнне патлумачылі двума правіламі. «Цінькоф» — сістэмна значная арганізацыя і суб’ект крытычнай інфармацыйнай структуры (КІС) па расійскім заканадаўстве. Згодна з патрабаваннямі, Федэральная служба па тэхнічным і экспартным кантролі абмяжоўвае доступ у тых ці іншых выпадках.
Таксама забарону тлумачаць бяспекай даных. «Ва ўмовах высокай рызыкі нападаў на IT-інфраструктуру мы маем быць максімальна адказнымі і прадухіляць любыя ўцечкі адчувальнай інфармацыі, асабліва за мяжой», — заявіў прадстаўнік банка. Крытычныя доступы маюць быць цалкам адключаныя, калі супрацоўнік бярэ з сабой ноўтбук і едзе ў краіну, дзе няма цэнтраў распрацоўкі «Цінькоф».
Паводле слоў двух супрацоўнікаў кампаніі, якія пражываюць за мяжой, але не ў названых краінах, ад 2024 года яны не змогуць працягваць працу за мяжой па старых умовах. Інфармацыю ім перадалі неафіцыйна HR-менеджары або кіраўнікі кірункаў. Цяпер некаторыя супрацоўнікі банка шукаюць новыя месцы працы праз вылучаныя ўмовы.
«Цінькоф» рэкамендаваў супрацоўнікам выбіраць Арменію, Беларусь або Казахстан яшчэ ў 2022 годзе, аднак да апошняга часу работнікі банка працавалі і з іншых краін. Кіраўнік банка Станіслаў Блізнюк меркаваў, што дэфіцыт IT-кадраў на рынку можа паўплываць на кампанію на працягу найбліжэйшых трох-пяці гадоў.
Іншыя расійскія кампаніі таксама настойваюць на вяртанні супрацоўнікаў. У сакавіку «УКантакце» дазволіла аддалена працаваць толькі з тэрыторыі Расіі. «Яндэкс» абвясціў аб пераводзе супрацоўнікаў на гібрыдны фармат, які сумяшчае аддаленую працу з наведваннем офіса. Работнікі маглі выбраць любы з офісаў «Яндэкса» ў Расіі або ў Казахстане, Арменіі, Сербіі або Турцыі.
Раней у лістападзе Tinkoff адкрыў офіс у Берасці і цяпер актыўна набірае людзей. Падраздзяленне зоймецца фінансавымі сэрвісамі, тэлефонным асістэнтам, машынным навучаннем у прадуктах кампаніі, а таксама ўласнымі распрацоўкамі. Першы офіс банка ў Беларусі адкрыўся ў Мінску ў 2021 годзе.
Читать на dev.by