Трамп плануе скасаваць падтрымку электрамабіляў у ЗША. Маску гэта не спадабаецца
Пераходная каманда абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа рэкамендуе радыкальныя змены ў палітыцы, якія спыняць падтрымку электрамабіляў і зараднай інфраструктуры, а таксама ўзмоцняць меры абмежавання імпарту аўтамабіляў, кампанентаў і матэрыялаў для акумулятараў з Кітая.
Reuters атрымала доступ да дакументаў будучай адміністрацыі Трампа. У рэкамендацыях гаворыцца, што пераход ЗША на электрамабілі спыніўся, а кітайская прамысловасць электрамабіляў, якую ў значнай ступені субсідзіруюць і якая мае наладжаны ланцужок паставак акумулятараў, працягвае імкліва развівацца.
Пераходная каманда рэкамендуе ўвесці тарыфы на ўсе матэрыялы для акумулятараў у глабальным маштабе, каб стымуляваць вытворчасць у ЗША, а затым дамаўляцца аб індывідуальных выключэннях з саюзнікамі. План прадугледжвае перанакіраванне сродкаў, якія цяпер ідуць на будаўніцтва зарадных станцый і забеспячэнне даступнасці электрамабіляў, на прыярытэты нацыянальнай абароны, уключаючы забеспячэнне паставак акумулятараў і крытычна важных мінералаў для іх вытворчасці без удзелу Кітая.
Трамп у часе сваёй перадвыбарнай кампаніі паабяцаў аслабіць рэгуляванне аўтамабіляў, якія працуюць на выкапнёвым паліве, і скасаваць тое, што ён назваў мандатам Байдэна на электрамабілі. Праграма дэмакратаў уключае падатковую льготу ў памеры $7500 для спажыўцоў, якія купляюць электрамабілі. Цяперашняя адміністрацыя Белага дома імкнулася да балансу паміж заахвочваннем айчыннага ланцужка паставак акумулятараў, асобнага ад Кітая, і хуткім пераходам на электрамабілі.
Новая палітыка можа нанесці ўдар па продажах і вытворчасці электрамабіляў у ЗША ў той час, калі многія традыцыйныя аўтавытворцы, уключаючы General Motors і Hyundai, нядаўна паказалі на амерыканскім рынку шырэйшы асартымент электрамабіляў. Скарачэнне дзяржаўнай падтрымкі электрамабіляў можа таксама негатыўна адбіцца на продажах Tesla Ілана Маска, дамінуючага прадаўца на гэтым рынку ў ЗША. Аналітыкі прадказваюць, што гэтае пытанне можа выклікаць рознагалоссі паміж бізнэсменам і Трампам, адзначае агенцтва.
Читать на dev.by