«Цалкам непрымальна»: Пічаі пракаментаваў расісцкую праблему Gemini, якая ўжо каштавала Google $90 млрд капіталізацыі
Выявы са скажоным гістарычным кантэкстам, якія генеруе АІ-чат-бот Gemini, «абразілі карыстальнікаў і праявілі перадузятасць», заявіў гендырэктар Google Сундар Пічаі ў адрасаванай супрацоўнікам запісцы. Тэкст трапіў у распараджэнне Semafor.
На мінулым тыдні Google выключыла функцыю стварэння малюнкаў з дапамогай Gemini. Мадэль выдавала салдат нацысцкай Германіі з азіяцкай знешнасцю і зусім не белай скурай; сярод «бацькоў-заснавальнікаў» ЗША, на яе думку, таксама прысутнічалі прадстаўнікі экватарыяльнай расы і жаночага полу. Google прызнала, што падобныя выявы некарэктныя, прынесла публічныя прабачэнні і паабяцала найбліжэйшымі тыднямі ўсё выправіць.
У сваім лісце Пічаі адзначыў, што кампанія «круглыя суткі працуе» над рашэннем праблемы з адказамі Gemini. Але не сказаў, што яна ўжо вырашаная. «Ніякі АІ не ідэальны, асабліва на гэтай ранняй стадыі развіцця галіны, але мы ведаем, што для нас планка высокая, і мы будзем адпавядаць ёй, колькі б часу на гэта ні спатрэбілася», — паабяцаў кіраўнік Google.
Паводле паведамлення Forbes, толькі за гэты панядзелак рынкавая капіталізацыя тэхнагіганта праз няўдалы рэліз паменшылася на $90 млрд. І гэта не першы яго правал: прыкладна столькі ж каштавала памылка ў рэкламе чат-бота Bard падчас яго запуску.
Читать на dev.by