Кошты на «аднушкі» ў Мінску дасягнулі 12-гадовага максімуму
Колькасць угод на другасным рынку жылля ў Мінску скарачаецца, а кошты растуць, паведамляе realt.by. За год сталічныя кватэры падаражэлі прыкладна на 15 %.
У красавіку, калі звычайна фіксуецца рост куплі жылля, было заключана каля 1300 угод — на 200 менш, чым у сакавіку. Пры гэтым кошты за месяц выраслі на 1,5 %.
Сярэдні кошт квадратнага метра ў сталіцы ў красавіку склаў $1680 — год таму ён быў $1460. Цяпер ён знаходзіцца на піку за апошнія 12 гадоў. Даражэй за квадратны метр у сталіцы было толькі ў 2013 годзе — каля $1700.
Эксперты тлумачаць сітуацыю тым, што кватэры ў Мінску часта пераацэнены. Асабліва на фоне іпатэчных крэдытаў, што падаражэлі, і дэфіцыту найбольш запатрабаваных адносна новых аднапакаёвых кватэр. Яны падаражэлі мацней за ўсё — у сярэднім да $1920 за метр.
«На рынку моцна адчуваецца дэфіцыт аднапакаёвых кватэр. Калі яны і ёсць у продажы, то іх кошт рэкордна высокі. Яны дасягнулі піку за апошнія 10–12 гадоў. Недахоп „аднушак“ штурхае ўгору кошты на „двушкі“ і „трошкі“», — кажуць рыэлтары.
Таксама назіраецца змена прыярытэтаў у пакупнікоў: іх усё менш цікавіць цэнтр горада — напрыклад, раён Камароўкі, побач з ЦУМам і падобныя месцы. Яны аддаюць перавагу жыллю ў новых дамах і добрых раёнах, напрыклад у Новай Баравой.
Тым часам эксперты адзначаюць, што выразных фактараў для далейшага росту коштаў няма. Чакаецца, што надалей кошт жылля будзе павольна зніжацца.
Читать на dev.by