Айцішнікаў, якія з’ехалі, клічуць у камісію па занятасці, хочуць уладкаваць на працу
Рэлакантам прыходзяць «лісты шчасця».
Айцішнікам сталі прыходзіць «лісты шчасця» з рэкамендацыямі звярнуцца ў камісію занятасці, каб пацвердзіць, што яны працуюць. Або можна расказаць пра сваю «цяжкую жыццёвую сітуацыю», аформіцца рамеснікамі, перанавучыцца — з гарантыяй працаўладкавання.
Адзін з адрасатаў — у мінулым выкладчык БДУ. Яму давялося разарваць кантракт з ВНУ і звольніцца «праз тое, што зверху спусцілі спісы непажаданых супрацоўнікаў».
Ад жніўня мінулага года малады чалавек жыве за мяжой. Днямі на ягоны беларускі адрас прыйшоў ліст. У ім гаворыцца, што камітэт па працы Мінгарвыканкама прапаноўвае яму «перанавучанне і гарантаванае працаўладкаванне».
— Губляюся ў здагадках, як яны выконвалі б гэтыя гарантыі, калі б я хадзіў да працадаўцаў з характарыстыкай з ранейшага месца працы, у якім я ў спісах непажаданых, — напісаў наш чытач.
Ён растлумачыў, што ў 2022 годзе пры працаўладкаванні ў БДУ ў кандыдатаў прасілі характарыстыкі з папярэдняга месца працы. «І людзі смяяліся, што ў калегі, які не быў удзельнікам пратэстаў, было пазначана штосьці накшталт «можа сказаць слова ўпоперак начальству».
Іншы атрымальнік рассылкі — дызайнер, не жыве ў Беларусі ўжо 3 гады. На пачатку тыдня ягоныя бацькі забралі з паштовай скрыні па месцы прапіскі ліст «з рэкамендацыяй аформіцца як рамеснік і плаціць падатак». Малады чалавек жартуе, што яму спецыяльна прапанавалі «мяккую» форму фінансавання эканомікі, бо на іншую ён не пагодзіцца — бо даўно ўжо не ў краіне.
Але наогул ён мяркуе, што ўсё прасцей — проста «спусцілі план па працаўладкаванні дармаедаў».
Тэсціроўшчыца, якая з’ехала ў Літву год таму і цяпер сядзіць на бэнчы, таксама атрымала ліст з рэкамендацыяй звярнуцца ў дармаедскую камісію — і расказаць пра «цяжкую жыццёвую сітуацыю».
— О, я б расказала, — жартуе дзяўчына. — Нават цікава, што мне маглі б прапанаваць, улічваючы, што ў маёй кампаніі конкурс на праект — пад 100 чалавек.
— Ліст прыйшоў літаральна сёння, — напісаў яшчэ адзін чытач. — Я патэлефанаваў па нумарах, напісаных у лісце, мяне пазначылі як незанятага ў эканоміцы. Чамусьці папярэдзілі пра магчымыя праблемы на мяжы, бо гэтую базу бачыць памежны камітэт. Выразнага адказу, чаму ў мяне будуць праблемы і якія, не далі. Сказалі: «Усё так мяняецца штодня». (Насамрэч праблем на мяжы быць не можа, прынамсі згодна з заканадаўствам — глядзіце нашу даведку ніжэй. — Заўв.)
devby.io патэлефанаваў у камісію па занятасці аднаго з раёнаў Мінска. Нам адказалі, што праблем з перасячэннем мяжы быць не можа. Аднак ад таго моманту, як чалавек пакінуў Беларусь, адлічваецца 30 дзён — і далей «камуналка» налічваецца яму па поўным тарыфе.
Нагадаем, што згодна з пастановай Саўміна № 166, ад сакавіка мінулага года беларусы, якія выехалі па-за межы Беларусі на тэрмін большы за 30 дзён і не занятыя ў эканоміцы, абавязаныя аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме.
Выключэнне — калі чалавек, які з’ехаў, працуе ў краінах ЕАЭС, то-бок у Расіі, Казахстане, Кыргызстане або Арменіі (калі працуеш у ЕС, то ўсё роўна лічышся дармаедам).
Калі рэлакант не з’яўляецца ўласнікам жытла, патрабаванне аплачваць «камуналку» напоўніцу на яго не распаўсюджваецца. Калі ж ён уласнік, але пражывае не адзін, — то ў поўным аб’ёме ён плаціць толькі за сваю долю — прынамсі, так тлумачаць чыноўнікі.
Малады чалавек у размове ўдакладніў, што жыве ў Турцыі, ён мае дазвол на жыхарства. Тады голас на іншым канцы трубкі заўважыў: калі ёсць дазвол, то праблем, здаецца, і «не мае быць».
Яшчэ адзін наш чытач, атрымаўшы «ліст шчасця» адправіў на пошту, пазначаную ў ім, працоўную дамову (ён аформлены на працу ў Расіі, але жыве ў іншай краіне).
— Адказалі, што ўсё добра. І калі зноў прыйдзе ліст, мне варта дзейнічаць па той жа схеме. Калі на руках працоўная дамова ў краіне ЕАЭС, то я не ўважаюся за дармаеда.
А яшчэ аднаму чытачу прыйшла СМС на ягоны беларускі нумар (мабільны аператар — A1) з рэкамендацыяй звярнуцца ў камісію занятасці.
Читать на dev.by