Twitter скараціў 10% пазасталых супрацоўнікаў
Паводле паведамлення New York Times, Twitter у суботу ўвечары скараціў мінімум 200 чалавек, то-бок прыкладна 10% штату, які ацалеў у сацсетцы па некалькіх раўндах звальненняў апошнімі месяцамі.
Новая хваля закранула продакт-менеджараў, дата-саентыстаў і інжынераў, якія займаліся машынным навучаннем і падтрыманнем стабільнасці сайта.
У студзені Ілан Маск сцвярджаў, што ў Twitter застаецца 2300 супрацоўнікаў — перад угодай кампанія налічвала прыкладна 7500.
Незадоўга да New York Times выданне The Information пісала, што для памяншэння выдаткаў Twitter звольніў мінімум 50 супрацоўнікаў, уключна з інжынерамі, якія адказвалі за правільнае функцыянаванне сістэм сацсеткі.
Сярод звольненых выявіўся заснавальнік платформы навінных рассылак Revue, якую Twitter купіў у 2021 годзе і закрыў мінулага месяца. Таксама, паводле інфармацыі Platformer, працу страціла дырэктарка па кіраванні прадуктамі Twitter Эстэр Кроўфард, якая ў спальным мяшку і масцы спала на падлозе ў офісе. Яна прапрацавала ў кампаніі два гады.
Читать на dev.by