У беларускіх банкаў новыя цяжкасці са SWIFT. Што адбываецца?
Па меншай меры чатыры прыватныя банкі Беларусі пры канцы лістапада зрабілі больш жорсткімі ўмовы адпраўкі SWIFT-пераказаў. На гэта звярнула ўвагу выданне Office Life.
- Прыёрбанк ад 18 лістапада вызначыў новыя ўмовы для міжнародных пераказаў: толькі з адкрыццём рахунку; толькі ў валюце, адрознай ад долара і (або) еўра; толькі без продажу долараў і/або еўра; мінімальная сума — $10 000 у эквіваленце.
- РРБ-Банк абвясціў, што ад 24 да 30 лістапада не ажыццяўляе міжнародных пераказаў фізічных асоб у доларах. А ад 1 снежня банк забараняе міжнародныя пераказы фізічных асоб у доларах на суму меншую за $20 000.
- Парытэтбанк ад 24 лістапада прыпыніў адпраўку міжнародных грашовых пераказаў SWIFT у еўра для фізічных асоб. Атрымліваць плацяжы SWIFT у еўра і іншых валютах, а таксама адпраўляць міжнародныя плацяжы ў валютах, акрамя еўра і долараў, можна як і раней.
- У Тэхнабанку ад 15 лістапада міжнародныя банкаўскія пераказы ў доларах з прызначэннем, звязаным з аплатай набыцця аўтатранспартных сродкаў і іншых спадарожных гэтаму паслуг (перавозка, дастаўка аўтатранспартных сродкаў і да т. п.), ажыццяўляюцца толькі на суму ад $10 000.
- У Альфа-Банку SWIFT-пераказы цяпер працуюць толькі ў еўра праз польскі банк PKO. Пра гэта dev.by расказала прэс-служба банка. У Альфе рэкамендуюць кліентам карыстацца P2P-пераказамі для адпраўкі грошай за мяжу.
Прычыны змяненняў
Крыніцы Office Life у банкаўскіх колах сыходзяцца ў тым, што прычыны таго, што адбываецца з міжнароднымі пераказамі, варта шукаць на баку банкаў-карэспандэнтаў беларускіх фінустаноў за мяжой.
У лістападзе некаторыя беларускія банкі вычарпалі ліміты на SWIFT-пераказы, вызначаныя замежнымі банкамі-партнёрамі. А абмежаванні для фізічных асоб уводзяцца, каб адсекчы частку пераказаў і даць магчымасць свабодна пераказваць грошы юрыдычным асобам.
Паводле іншай версіі, замежныя партнёры беларускіх банкаў паднялі тарыфы на абслугоўванне SWIFT-пераказаў, што робіць іх для беларускага боку нявыгаднымі.
Таксама крыніцы выдання звяртаюць увагу, што ў банкаўскай супольнасці асцерагаюцца магчымага ўвядзення новых абмежаванняў на SWIFT-пераказы ў будучыні. Той факт, што ўмовы па іх змяніў у тым ліку і Прыёрбанк, праз карэспандэнцкі рахунак якога працуюць многія беларускія банкі, можа быць дрэнным сігналам для рынку.
Читать на dev.by