У галоўнага аграстартапа беларусаў — спін-оф. Робяць палявую камеру з AI

У ідэале фермеры змогуць «размаўляць з полем» пры дапамозе ChatGPT.

18 каментарыяў

Пакуль OneSoil барозніць палі з касмічнай вышыні, дзесьці ля самай зямлі за пасевамі назірае мультыспектральная камера Cropler. Двое ўдзельнікаў OneSoil сышлі з кампаніі і стварылі ў Польшчы новы стартап «на тую ж тэму». Да іх далучыўся экс-супрацоўнік DEIP. Не так даўно каманда прыцягнула першыя інвестыцыі і ўжо плануе прамысловую вытворчасць.

devby.io пагутарыў з фаўндарамі Cropler і даведаўся, чаму ў сельскай гаспадарцы спадарожнікі не заменяць звычайных камер. А заадно вывучыў новыя словы — фенастадыя і NDVI.

Фаўндары

Мікіта Бедункевіч

Інжынер-электроншчык, сузаснавальнік OneSoil. Стаяў ля вытокаў кампаніі, адказваў за распрацоўку хардвернай часткі. Сышоў з кампаніі восенню 2022 года.

Пра прычыны сыходу: «З часам OneSoil стаў спецыялізавацца на картах, „жалеза“ стала адыходзіць на другі план. Кампанія расла і стала ператварацца ў карпарацыю, апцыёны ўсе зарабілі, стала сумна. У той жа час я атрымаў новыя веды ў галіне інвестыцый і стварэння каманд».

Філіп Кандраценка

Аграном, да OneSoil ж працаваў у беларускіх аграгаспадарках. У OneSoil спачатку складаў агранамічныя даведнікі і займаўся разметкай, потым перайшоў на пазіцыю прадуктовага менеджара. Сышоў з кампаніі летам 2022 года.

Пра прычыны сыходу: «Стала сумна, аднастайна, а ў мяне было шмат ідэй. Наш датчык дазваляе вывесці працу ў сельскай гаспадарцы на новы ўзровень, і на яго аснове можна рабіць класныя прадукты»

Ягор Вярбіцкі

Інжынер інфармацыйных тэхналогій. Пачынаў як распрацоўшчык, вывучаў маркетынг, цікавіўся блакчэйнам. У DEIP займаўся кіраваннем праектамі і маштабаваннем кампаніі. Сышоў вясной 2022 года, калі ў стартапе пачаліся праблемы з грашыма.

Адкуль усё пайшло

Мікіта Бедункевіч
— Ідэя камеры нарадзілася гадоў 6-7 таму, калі мы толькі пачыналі OneSoil. Слава (Слава Мазай, экс-CEO OneSoil. — dev.by) ад яе адмахнуўся. Акей, падумаў я, пакіну сабе на потым.  Рэч у тым, што OneSoil працуе са спадарожнікавымі здымкамі, але праз іх рэальных раслін не ўбачыш — толькі размеркаванне біямасы па полі. Праз камеру ж атрымліваеш непасрэдную інфармацыю для прыняцця правільных рашэнняў. Але простая камера не падыходзіць — для назірання за полем патрэбны інфрачырвоны спектр: у ім відаць хларафіл, па якім вылічаюць NDVI, або індэкс біямасы раслін.
NDVI 

Normalized Difference Vegetation Index. Нармалізаваны адносны індэкс расліннасці — просты колькасны паказчык колькасці фотасінтэтычна актыўнай біямасы (звычайна званы вегетацыйным індэксам).

OneSoil развіваўся, а мяне гэтая ідэя не адпускала. У прыватным доме пад Мінскам я садзіў градкі і калупаў камеру, спрабаваў зрабіць мультыспектральную. Потым павесіў яе на дрон.

Мінулым летам Мікіта тэсціраваў камеру на балконе варшаўскай кватэры.

…У лютым 2022-га я сядзеў на валізках і чакаў пасылку з Кітая з важнымі дэталямі. Я ўжо разумеў, што пачнецца вайна. У панядзелак 21.02 пасылка прыйшла, а ў сераду 23.02 мы з сям’ёй выехалі ў Польшчу.

Што робіць Cropler

Мікіта Бедункевіч:

— Мы робім «GoPro для фермераў», масавую палявую камеру, якая проста ўсталёўваецца, працуе ад сонечнай батарэі і не патрабуе абслугоўвання.

У будучыні, калі мы збяром даныя і навучымся апрацоўваць выявы, праграма будзе вызначаць фенастадыі і распазнаваць хваробы пасеваў. Калі мы навучымся распазнаваць фенастадыі, атрымаем а-ля Flo для фермера.

Фенастадыі

Паўтаральныя з’явы ў гадавым цыкле развіцця раслін: усходы, разгортванне лісця, красаванне і г. д.

На гэтым этапе можна будзе перадаваць даныя ў ChatGPT, каб фермер мог праз датчык размаўляць з чатам пра поле: што ў мяне на поле расце, якая фенастадыя, якія працы патрабуюцца. Таксама мы плануем самі прапаноўваць тэхкарту работ.

Камера выстаўляецца на найбольш аднастайным, самым рэпрэзентатыўным участку поля. Плошча агляду — 5×5 або 10×10 м у залежнасці ад вышыні ўстаноўкі. Выява перадаецца на платформу праз GSM. Акрамя гэтага, датчык вымярае тэмпературу, ціск, вільготнасць паветра. Грунтуючыся на гэтых лакальных даных, фермер можа ажыццяўляць работы на ўсім полі.

Філіп Кандраценка
— Праблема спадарожнікавых даных у тым, што часта палі закрытыя аблокамі. У камеры такой праблемы няма. Калі ёсць добрыя спадарожнікавыя здымкі, фермер глядзіць агульную дынаміку поля. Калі палі закрытыя аблокамі, ён проста бярэ даныя з камер і метэастанцый. Атрымліваецца сінергія гіперлакальнага і агульнага. Класічныя метэастанцыі спрабуюць прадказаць, як сябе адчувае расліна, не бачачы яе, толькі паводле характарыстык надвор’я. А нам не трэба вырабляць складаныя разлікі, мы проста глядзім на пасевы. Дзякуючы машыннаму навучанню, павелічэнню разрознасці камер і іх таннасці такая тэхналогія стала магчымая.

Чаму тады нельга проста з’ездзіць у поле паглядзець вачыма?

— Калі я працаваў у сельгасарганізацыі, то за дзень наязджаў 300-400 км, проста каб паглядзець палі. Гэта само спбою цяжка, а ў фермера яшчэ і штодзённыя надзвычайныя здарэнні: трактар зламаўся, карова ацялілася — паўдня ён заняты руцінай, да палёў не заўсёды даходзяць рукі.

Пра канкурэнтаў: няўжо ніхто да вас не спрабаваў зрабіць такую камеру?

Мікіта Бедункевіч:

— Спрабавалі, але цана атрымлівалася высокай. Звычайна камера — гэта дадатак да метэастанцыі, 3-метровай прылады, якая вымярае і колькасць ападкаў, і кірунак ветру. Яна каштуе ад 1K да бясконцасці. І такую метэастанцыю не паставіш у цэнтр поля — яе могуць скрасці. Звычайна фермеры ставяць яе ў двары.

Наш амерыканскі канкурэнт Arable вырабляе прыладу, якая вымярае яшчэ і інтэнсіўнасць дажджу. У новай версіі яны дадалі камеру, але іх прылада каштуе 1,5 K. Наш датчык каштуе 400$, і ў гэтую цану ўваходзіць падпіска на першы год. 

Ва Украіне таксама спрабавалі вырашыць пытанне. Там выкарыстоўвалі звычайныя камеры відэаназірання, да якіх дадаваўся акумулятар ад грузавога аўто. Чаму адная з нашых камер стаіць пад Краменчугом? Бо ў мясцовага фермера спіна забалела насіць акумулятар. Мы паставілі яму камеру з сонечнай батарэяй і закрылі пытанне.

Насамрэч укараненне тэхналогій у сельскую гаспадарку ідзе з лагам у 4-5 гадоў. Калі мне прыйшла ідэя мультыспектральнай камеры, такіх прадуктаў не было наогул — тэхналогіі апрацоўкі выяў толькі развіваліся.

Што было цяжэйшым за ўсё

Мікіта Бедункевіч:

— Самае цяжкае было дамагчыся высокай энергаэфектыўнасці камеры: прымусіць прыладу фатаграфаваць і перадаваць даныя на невялікай сонечнай батарэі. Гэта быў і застаецца галоўны чэлендж. А яшчэ няпроста было атрымаць мультыспектральныя здымкі, выкарыстоўваючы ўсяго адзін аптычны сэнсар. Будзем патэнтаваць гэтую тэхналогію.

На якім этапе праект цяпер

Сабрана 10 камер. У гэтым сезоне каманда завяршае пілотныя праекты на палях у Польшчы (там стаяць сем камер) і Украіне (адна камера). Рыхтуе першую версію платформы і API для інтэграцый, падпісвае лісты аб намерах і збірае перадзаказы. Узімку ў планах запусціць датчык у прамысловую вытворчасць, каб у сакавіку аддаць кліентам 200-300 штук.

Філіп Кандраценка:

— Выпрабаванні пачаліся ў красавіку гэтага года. Асноўнай задачай было наладзіць стабільную працу абсталявання. Ты не можаш прадаць фермеру тое, што глючыць на палях. Датчыкі аддаленыя, эксплуатуюцца ў дрэнных умовах надвор’я, іх цяжка абслугоўваць. Цяпер мы паляпшаем сэнсар, робім яшчэ адную ітэрацыю і зімой запускаем датчык у прамысловую вытворчасць. Пакуль — у Польшчы.

Пра камунікацыю ў Польшчы

Для правядзення пілотнага праекта трэба было знайсці фермераў і ўгаварыць іх на эксперымент. Зрабіць гэта ў чужой краіне было няпроста. 

Ягор Вярбіцкі:
— Я гутарыў з Варшаўскім сельскагаспадарчым універсітэтам, ухалодную стукаўся да фермераў у LinkedIn. Палякі самі сабою недаверлівыя, нават калі прапануеш ім штосьці бясплатна, яны сто разоў падумаюць. А фермеры ў Польшчы яшчэ і адасобленыя, яны мала камунікуюць адзін з адным, а яшчэ яны, здаецца, баяцца кантролю з боку дзяржавы. Але ў выніку ўсё атрымалася. Трое нас пусцілі на палі, пары чалавек мы адмовілі самі, бо датчыкаў было няшмат. Яшчэ 10-15 чалавек былі гатовыя нас прыняць. 

Пра інвестыцыі

Ні крызіс у венчуры, ні міжнародная абстаноўка не дапамагалі фаўндарам шукаць грошы. Пра адмовы польскіх фондаў праз пашпарты РБ яны, здаецца, могуць распавесці асобную гісторыю. Тым не менш стартапу ўдалося выйграць грант €50 000 ад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, а таксама закрыць першы раўнд інвестыцый на €100 000 ад венчурнай студыі з беларускімі каранямі Izdat.

У планах — прыцягнуць яшчэ інвестыцыі. Ці сабраць грошы на перадзаказах, ці ўзяць у доўг у інвестара, каб запусціць вытворчасць.

А дзе ж тут AI?

Ён у працэсе развіцця. Штучны інтэлект сілкуецца данымі, а іх пакуль мала.

Філіп Кандраценка:

— Цяпер фермеры ўжо могуць паглядзець даныя з прылады — NDVI, фота ў RGB і мультыспектры, але фенастадыі платформа пакуль не вызначае. Гэта задача будучага года.

Мікіта Бедункевіч:

— Пакуль мы не можам пабудаваць добрыя мадэлі, бо звестак мала. Мы не можам узяць гатовыя датасэты па раслінах і на іх навучыць платформу — іх проста не існуе. Даныя — самае каштоўнае. Каб іх сабраць, трэба надзейная прылада. Таму план такі: спачатку мы робім датчык, які ўжо прыносіць карысць, маштабуем іх колькасць і збіраем датасэты, якія дапамогуць зрабіць новыя сэрвісы.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

«Сельское хозяйство — это не rocket science, это сложней». История белоруса, который начал помогать фермерам за 10 лет до OneSoil и продал стартап Bayer
По теме
«Сельское хозяйство — это не rocket science, это сложней». История белоруса, который начал помогать фермерам за 10 лет до OneSoil и продал стартап Bayer
Сооснователь OneSoil Слава Мазай уходит из компании
По теме
Сооснователь OneSoil Слава Мазай уходит из компании
Стартап «от сохи»: OneSoil экономит сотни тысяч долларов для белорусских аграриев
По теме
Стартап «от сохи»: OneSoil экономит сотни тысяч долларов для белорусских аграриев
«У нас 5% пахотной земли. Единорогу нужны десятки». OneSoil о планах на мировое господство
По теме
«У нас 5% пахотной земли. Единорогу нужны десятки». OneSoil о планах на мировое господство
В Британии запустили Tinder для коров. Белорусский разработчик коровьих датчиков половой охоты Ovi-Bovi: это только для мелких ферм
По теме
В Британии запустили Tinder для коров. Белорусский разработчик коровьих датчиков половой охоты Ovi-Bovi: это только для мелких ферм
«Коров жалко». Талантливый физик-теоретик объехал полмира, поселился в деревне и сделал стартап
По теме
«Коров жалко». Талантливый физик-теоретик объехал полмира, поселился в деревне и сделал стартап

Читать на dev.by