У Tesla рэзка выраслі продажы… патрыманых аўто. Кіберпікап за год страціў у кошце больш за траціну
Апошнім часам усё больш людзей у ЗША жадаюць пазбавіцца ад сваіх Tesla. На фоне агульнага зніжэння коштаў многія гатовыя набываць электракары кампаніі, нягледзячы на таксічнасць яе гендырэктара, адзначае Business Insider.
Апошнім часам усё больш людзей у ЗША жадаюць пазбавіцца ад сваіх Tesla. На фоне агульнага зніжэння коштаў многія гатовыя набываць электракары кампаніі, нягледзячы на таксічнасць яе гендырэктара, адзначае Business Insider.
Паводле дадзеных Cox Automotive, у красавіку продажы ўжываных Tesla выраслі на 27% у параўнанні з папярэднім месяцам, а доля кампаніі на другасным рынку электрамабіляў дасягнула 47%. Далей ідуць Chevrolet і Ford — у іх 8,9% і 6% адпаведна. Пры гэтым сярэдні кошт ужываных Tesla у красавіку знізіўся на 1,8% у параўнанні з сакавіком, а на рынку б/у электракараў у цэлым — на 2,8%. Год таму было мінус 3,8%.
Продажы новых Tesla ў 1 квартале аказаліся на 13% ніжэй за аналагічны перыяд 2024 года і сталі найгоршымі з 2022 года. Зусім не дапамагаюць заклікі да байкоту па абодва бакі акіяна, акцыі пратэсту супраць умяшання Ілана Маска ў палітыку і відэа ў сацсетках ад карыстальнікаў, якія абмянялі свае Tesla ў трейд-ін на іншыя маркі. Таксама машыны і аўтасалоны Tesla падвяргаюцца нападам вандалаў.
Тым не менш аналітыкі мяркуюць, што рост продажаў ужываных Tesla не абавязкова звязаны з палітычнай актыўнасцю Маска. Яе машыны моцна губляюць у кошце, і для многіх гэта была б вельмі высокая плата за маральныя прынцыпы. Трэнд можа быць звязаны з дамінаваннем Tesla на рынку электрамабіляў увогуле. Яшчэ летась кампаніі належала амаль палова рынку, а ў 2020 годзе — каля 80%. Цяпер на рынку з’явілася вельмі шмат ужываных Tesla, і прыйшоў іх час.
Новых масавых аўто Tesla не выпускала з 2020 года — апошняй была Model Y, якая стала хітом у ЗША. У канцы 2023-га стартаваў Cybertruck, кошты пачыналіся ад $70 тысяч, але да гэтага сакавіка было прададзена менш за 50 тысяч адзінак.
Як адзначае Inside EVs, зусім нядаўна ўпершыню за паўтара года ўладальнікам кіберпікапаў дазволілі здаваць іх у трейд-ін. На сайце CarGurus ёсць машыны, што страцілі ў кошце да 45%. Business Insider нядаўна пісаў пра двух уладальнікаў Cybertruck, аўто якіх патаннелі прыкладна на 37% і 38% (у другім выпадку прайшло ўсяго 8 месяцаў). Tesla першапачаткова забараніла прадаваць кіберпікап, з-за чаго жадаючых гэта зрабіць назапасілася вельмі шмат. Але Wired адзначае, што такія працэнты могуць быць яшчэ не самымі страшнымі, бо некаторыя электрамабільныя брэнды могуць губляць да 50% кошту за год.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.