Навукоўцы ўпершыню назіралі, як зорка паглынае планету. Калісьці гэта здарыцца з Зямлёй
Даследчыкі NASA ўпершыню назіралі за тым, як зорка паглынае сваю планету. Назіранне за працэсам дапаможа зразумець, што адбудзецца з Зямлёй у далёкай будучыні.
Даныя былі апублікаваныя ў часопісе Nature супрацоўнікамі Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, Гарвардскага ўніверсітэта, Каліфарнійскага тэхналагічнага інстытута ды іншых навуковых цэнтраў. Інфармацыю атрымалі з дапамогай Zwicky Transient Facility (ZTF) — рабатызаванага агляду неба ў аптычным дыяпазоне. Для гэтага выкарыстоўваюць тэлескоп Шміта на гары Паламар, у Паламарскай абсерваторыі Каліфарнійскага тэхналагічнага інстытута.
Зорка, якая памерам і складам падобная да Сонца, знаходзіцца ў канцы свайго жыццёвага цыкла, ейны ўзрост складае каля 10 мільярдаў гадоў. У ядры зоркі скончылася вадароднае паліва, і яе памеры пачалі хутка павялічвацца. Па меры росту паверхня зоркі дасягнула планеты, якая круцілася наўкруг. Гібель планеты адбылася ў Млечным Шляху прыкладна ў 12 тысячах светлавых гадах ад нас, недалёка ад сузор’я Арла.
На думку Кішалая Дэ з Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, такі лёс чакае і Сонца. Чырвоныя зоркі-гіганты могуць раздзімацца ў сотні разоў больш за свой першапачатковы дыяметр, паглынаючы любыя планеты на сваім шляху. Сонца паглыне тры найбліжэйшыя да яго планеты: Меркурый, Венеру і Зямлю, калі ўвойдзе ў стадыю чырвонага гіганта прыкладна праз пяць мільярдаў гадоў. Паводле слоў навукоўца, гэтае назіранне дало першае рэальнае ўяўленне пра тое, як адбываецца паглынанне.
Читать на dev.by