«Праграмісты эфектыўна працуюць 4 гадзіны на дзень». Кампанія заганяе ў офіс — айцішнікі сыходзяць
Кампаніі працягваюць заганяць супрацоўнікаў у офісы. А тыя — супрацьстаяць працадаўцам.
Пашукалі тых, хто палічыў за лепшае звольніцца або адмовіўся ад оферу, але не вярнуўся ў офіс. Знайшлі 2 кейса. Калі ў вас ёсць свая падобная гісторыя — пішыце ў каментарах.
«Facebook жа загнаў сваіх работнікаў у офіс, а чым мы горшыя?»
— Месяц таму звольніўся з кампаніі (прадуктовая з офісамі ў Грузіі, Польшчы і Украіне, у штаце каля 150 чалавек) праз тое, што супрацоўнікаў сталі вяртаць у офіс.
На адным з анлайн-мітаў эйчарка ў адной прапанове расказала, што яны ўжо развіталіся з некалькімі людзьмі, хто не пагадзіўся з новымі правіламі. А далей завяла «старыя песні» пра карысць жывой камунікацыі і як кампанія высока цэніць сваіх работнікаў.
Але насамрэч кампанія стала актыўней набіраць новых супрацоўнікаў, каб замяніць старых — бо тых, хто не гатовы вярнуцца з аддаленай працы, звальняюць без кампрамісаў.
— Facebook жа загнаў сваіх работнікаў у офіс, а чым мы горшыя? — знакаміты тэйк сярод менеджараў папулярны і ў нас.
Я звольніўся праз пару тыдняў пасля таго, як усіх абавязалі працаваць з офіса, — і без праблем знайшоў новую працу. Тыдзень ужо як на новым месцы.
Працаваць аддалена і зручней, і камфортней. Скажу шчыра: у сярэднім праграмісты эфектыўна працуюць 4 гадзіны на дзень. Дома можна адпрацаваць гэты час — і пайсці па сваіх справах. У офісе будзе так: ты адпрацуеш тыя ж 4 гадзіны, а яшчэ 4 будзеш піць каву, балбатаць з калегамі, завісаць на YouTube.
Па мне, усе гэтыя гульні ў гібрыд і офіс онлі — толькі жаданне працадаўцы мець кантроль над работнікамі: «А раптам яны сядзяць на некалькіх працах?»
«Выходзячы ў прыбіральню, супрацоўнікі прыкладваюць карткі — і працоўны час спыняецца»
— Мой працадаўца сышоў з Беларусі, а я засталася. Цяпер я фрылансерка. Зарабляю менш, ніж раней. Але прапановы з абавязковай умовай працаваць з офіса («з дружным калектывам і пячэнькамі») адхіляю.
Дружба і пячэнькі — гэта выдатна, але аддаленая праца мне мілейшая. Растлумачу, чаму. Я маю сваю сям’ю. Мой дзень пачынаецца, а 6:00 раніцы: прыгатаваць сняданак, сабраць і развесці малышню ў школу і ў сад, на зваротным шляху заехаць у краму, вярнуцца і трохі прыбрацца ў кватэры, закінуць рэчы ў пральную машынку, посуд — у пасудамыйку, гародніну — у мультыварку, нуй далей па спісе…
Працую я хутка і без адцягненняў — ад 9:00 да 12:00. Затым іду на новае кола: старэйшую са школы забраць, накарміць, пасадзіць за ўрокі… Ад 14:00 да 17:00 — мой працоўны час. А потым зноў уся ўвага сям'і: забраць малодшую з саду, адвезці на гурткі старэйшую. Калі пра гэта паклапоціцца муж, тады з мяне вячэра і іншыя хатнія клопаты.
Зноў вярнуцца да працы я магу з 21:00 і да 23: 00, але так бывае нячаста — і наогул я стараюся ўкладвацца ў 6 працоўных гадзін на дзень. Часам, калі трэба, я магу ўстаць, а 5:00 і працаваць да 7:00.
Хтосьці скажа, што вакансіі з аддалена працай ёсць — трэба толькі пашукаць. Пэўна, я шукаю дрэнна, ці проста не шанцуе.
Вось нядаўна праходзіла сумоўе ў адную кампанію. Калі перайшлі да пытанняў, якія ёсць у мяне, высветлілася, што ў кампаніі не вітаюць спазненняў — прыходзіць трэба да пэўнага часу, адбіваючы яго карткай.
Спускаючыся ўніз папаліць або выходзячы ў туалет, супрацоўнікі зноў прыкладваюць карткі — і іх працоўны час спыняецца. Сыходзіць, пакуль не выседзеў у офісе роўна 8 гадзін, не пажадана (чым гэта пагражае, я ў эйчаркі не спытала, бо ўжо разумела, што не буду працаваць у той кампаніі).
Калі трэба адпрасіцца, напрыклад, каб забраць дзіця, якое раптам захварэла, з садка — «калі ласка, табе ніхто не адмовіць», але гэты час прыйдзецца адпрацаваць. Папрацаваць з дому, калі дзеці раптам захварэлі — «так, можна ў выглядзе выключэння». «Але вы гэтым не злоўжывайце!» — сказалі мне.
Так што мой варыянт — або поўнасцю аддаленая праца, або фрыланс. А з офіса хай Маск, Цукерберг і іншыя спадары працуюць, калі ім так хочацца.
«Самыя геніяльныя рашэнні нараджаюцца ў чарзе на абед»
Як замежныя кампаніі заганяюць супрацоўнікаў у офіс, можна пачытаць тут. І ўсё ж не пугай адзінай. Некаторыя завабліваюць сваіх работнікаў пернікам — напрыклад, бясплатнымі сняданкамі, абедамі і вячэрамі.
Так, сняданкі і вячэры з’явіліся ў мінскім офісе Lesta. Але не проста так. Як расказаў адзін з супрацоўнікаў, гэта бясплатны дадатак да «жорсткага графіка» працы ў кампаніі.
Lesta пацвярджае, што ў кампаніі замацаваны 9-гадзінны працоўны дзень у офісе (з абедам) + ёсць опцыя бясплатнага сталавання.
— Аддаленая і размеркаваная праца значна зніжае эфектыўнасць працы і ўзаемадзеяння. Губляецца тая самая магія, якая дазваляе ствараць неверагодныя рэчы і дамагацца звышвынікаў. Самыя геніяльныя рашэнні і ідэі нараджаюцца за філіжанкай кавы або гарбаты, у чарзе на абед, за абедзенным сталом, на перакусе. Адмаўляючыся ад аддаленай працы і свабодных графікаў, мы ставім сабе на мэце павышэнне эфектыўнасці (чакаем да 25% росту эфектыўнасці і прадукцыйнасці). Дарэчы, нават 1 гадзіна розніцы (чакання і рассінхрону) — гэта каласальна дорага і велізарныя страты для кампаніі (групы кампаній), — адзначылі ў Lesta.
А ці вярнуліся (б) вы ў офіс?
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by