«Чалавек як мінімум 20 разоў ездзіў у Беларусь». Ужо 500+ беларусаў у Літве засталіся без ВНЖ у 2025
Чэрвеньскі апдэйт: 97 беларусаў былі пазбаўлены ВНЖ у Літве з-за «пагрозы нацбяспецы». Яшчэ ў 303 выпадках дакумент не падоўжылі, у 121 — адмовілі ў выдачы.
Гэтыя лічбы са спасылкай на кіраўніка Дэпартамента міграцыі Эвеліну Гудзінскайтэ прыводзіць партал Lrt.lt. Такім чынам, агулам з пачатку года пагрозай нацбяспекі Літвы прызналі ўжо 521 грамадзяніна Беларусі.
Каментар Эвеліны Гудзінскайтэ з’явіўся ў публікацыі пра адну з беларусак, якой адмовілі ў падаўжэнні віда на жыхарства. У афіцыйным лісце з Дэпартамента міграцыі ёй паведамілі, што яна прызнана пагрозай нацыянальнай бяспецы. Прычынай адмовы, паводле словаў жанчыны, стала яе ранейшая праца сцюардэсай у «Белавія» ў 2014–2020 гадах і частыя паездкі ў Беларусь пасля эміграцыі (за час пражывання ў Літве яна пабывала там 20 разоў).
Беларуска пацвярджае, што часта ездзіла ў Беларусь, але тлумачыць гэта неабходнасцю догляду за хворым бацькам і падаўжэннем пашпартоў — свайго і дзяцей. Пры гэтым, паводле яе словаў, жанчына актыўна інтэгравалася ў літоўскае грамадства, вучыла літоўскую мову і атрымала сертыфікат аб валоданні ёй на ўзроўні А2.
Паводле словаў Эвеліны Гудзінскайтэ, рашэнне не падаўжаць дазвол на жыхарства Людмілы не звязана выключна з яе мінулай працай у авіякампаніі «Белавія»:
— Дэпартамент дзяржбяспекі мае свае крытэрыі. Гэта не толькі былыя месцы працы, але і цяперашнія сувязі з Беларуссю і іншыя абставіны. Гэта комплекс фактараў.
На думку Гудзінскайтэ, стратэгічныя аб’екты ў Беларусі, такія як «Белавія», прымаюць на працу толькі «лаяльных рэжыму» супрацоўнікаў.
— Калі чалавек сцвярджае, што баіцца рэжыму, але за час дзеяння дазволу на жыхарства як мінімум 20 разоў едзе ў Беларусь, гэта выклікае пытанні, — лічыць Гудзінскайтэ.
У студзені Дэпартамент міграцыі падлічыў колькасць падобных рашэнняў за ўвесь 2024 год. Тады іх было 598.
Читать на dev.by