У Беларусі хочуць вучыць школьнікаў кіраванню дронамі. І ўвесці крымінальную адказнасць за незаконныя дзеянні з коптэрамі
У новым навучальным годзе ў беларускіх школах з’явіцца факультатыў «Асновы кіравання квадракоптарам», піша БелТА са спасылкай на Міністэрства адукацыі.
Заняткі разлічаныя на вучняў 8 і 9 класаў. Факультатыў павінен спрыяць папулярызацыі інжынерных прафесій і прыцягненню школьнікаў да тэхнічнай творчасці. Праграма распрацаваная спецыялістамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку і Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.
Школьнікі будуць займацца ў віртуальным сімулятары і выконваць практыкаванні па кіраванні коптэрамі. Яны таксама атрымаюць уяўленне пра асновы аэрадынамікі, механікі і электронікі, вывучаць працэс праграмавання беспілотных лятальных апаратаў.
«Усё гэта дазволіць яшчэ са школьнай лавы развіць у дзяцей тэхнічнае мысленне і навыкі працы з сучаснымі тэхналогіямі, а таксама інжынерныя, вынаходніцкія і творчыя здольнасці», — адзначылі ў ведамстве.
Тым часам фізічным асобам у Беларусі забаронена набываць, захоўваць і эксплуатаваць дроны. На мінулым тыдні стала вядома, што ў краіне прапануецца ўвесці крымінальную адказнасць за незаконныя дзеянні з беспілотнікамі — у прыватнасці, здзейсненыя паўторна цягам года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання. Адпаведны законапраект быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Читать на dev.by