У Беларусі хочуць дазволіць працаўнікам самім вырашаць, колькі і як працаваць
У Працоўны кодэкс Беларусі рыхтуецца шэраг змяненняў. Адно з іх датычыцца кантрактнай формы найму, а другое — увядзення новай формы працоўных адносін: самарэгуляванага працоўнага часу, паведамляе партал 1prof.by.
Па-першае, прапануецца адмяніць працэдуру падаўжэння кантракта і на кожны перыяд заключаць новы.
«Чалавек павінен быць упэўнены ў заўтрашнім дні. Менавіта таму ФПБ і прапануе дадаткова прапрацаваць гэтае пытанне і прадугледзець механізмы, якія гарантуюць работніку пры заключэнні наступных кантрактаў працяг працы на ўмовах, што не пагаршаюць яго становішча», — тлумачаць у прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Другая прапанова датычыцца працы ў рэжыме самарэгуляванага працоўнага часу. Пры такой форме арганізацыі працы будзе заключацца тэрміновы працоўны дагавор, і работнік па ўзгадненні з наймальнікам будзе сам вызначаць час і аб’ём працы, што выконваецца. Наймальнік не будзе абавязаны даваць работніку працу і зможа прапаноўваць яе зыходзячы з вытворчых задач.
ФПБ адзначае, што такое новаўвядзенне паслужыць гнуткасці працоўных адносін і вырашэнню некаторых задач для наймальнікаў. «У той жа час для работнікаў ёсць пэўныя рызыкі ў частцы нестабільнасці працоўных адносін, адсутнасці шэрагу працоўных гарантый, аховы працы», — падкрэслілі ў прафцэнтры і паказалі на неабходнасць дадатковага абмеркавання пытання.
Акрамя гэтых разглядаюцца і іншыя змяненні. Напрыклад, пашырэнне пераліку работнікаў, якім надаецца выходная дапамога пры звальненні, гарантаваная аплата 14-дзённага сацыяльнага адпачынку бацьку пры нараджэнні дзіцяці, увядзенне аплаты за настаўніцтва і паскарэнне заключэння калектыўных дагавораў.
Читать на dev.by