У Google Play стала амаль у два разы менш аплікацый, чым на пачатку 2024 года
Агульная колькасць аплікацый у Google Play з пачатку 2024 года скарацілася з 3,4 млн да 1,8 млн, піша TechCrunch са спасылкай на аналітыкаў Appfigures.
Падзенне склала 47%. І гэта не частка нейкай глабальнай тэндэнцыі. Напрыклад, у App Store за той жа перыяд колькасць аплікацый вырасла на 40 тысяч — да 1,64 млн.
У выпадку з Google змяненні звязваюць з тым, што кампанія пачысціла свой маркетплейс ад спаму, скаму і іншых нізкаякасных аплікацый. Гэта таксама дапаможа павысіць бачнасць вартых увагі аплікацый.
Нізкаякасныя аплікацыі запаланілі Google Play у апошнія гады праз недастаткова дбайную працэдуру праверкі, якая дзеля хуткасці часткова аўтаматызаваная. У той час як Apple, наадварот, выстаўляе строгія патрабаванні да распрацоўшчыкаў, якія прэтэндуюць на публікацыю.
У мінулым ліпені Google абвясціла, што падвысіць мінімальныя патрабаванні да аплікацый. Здаецца, гэта адбілася на іх колькасці ў краме.
Читать на dev.by