Грошай няма, але ў кожнага ёсць інтэрнэт: у Мінску больш не будуць усталёўваць электронныя табло на прыпынках
На прыпынках Мінска не будуць усталёўваць новыя электронныя табло з раскладам транспарту. Што здарылася, у Мінсктрансе распавялі агенцтву «Мінск-Навіны».
«Мы пакуль не плануем іх усталёўваць, таму што на сённяшні дзень у кожнага з сабой ёсць мабільны тэлефон з доступам у інтэрнэт. Зараз мы робім акцэнт на нашы віртуальныя сэрвісы, гэта значыць вы можаце ў любы момант адкрыць наш сайт у тэлефоне і паглядзець актуальны расклад для патрэбнага вам прыпынку», — патлумачыў намеснік дырэктара філіяла «Аўтобусны парк № 5» Мінсктранса Віталь Чарнаокі.
Ён дадаў, што падключэнне такіх табло — гэта дадатковыя выдаткі, напрыклад на электраэнергію. Акрамя таго, даведацца, калі прыбудзе патрэбны транспарт, можна па нумары 488 — ён адзіны для ўсіх аператараў. Аўтаінфарматару трэба назваць пяцізначны код прыпынку — ён размешчаны на інфармацыйнай таблічцы побач з QR-кодам.
Цяпер у сталіцы ўсталявана каля 500 электронных табло. Яны працягнуць функцыянаваць.
Читать на dev.by