У Мінскі ГЦ «Сталіца» завезлі ноўтбукі Horizont
Там цяпер рознічны пункт продажаў H-book.
У ГЦ «Сталіца» адкрыўся аддзел продажу беларускіх ноўтбукаў ад «Гарызонту» H-book, паведамляе БЕЛТА.
— Гэта першы гандлёвы пункт, у якім можна паглядзець ноўтбукі, узяць іх у рукі, пратэсціраваць і набыць, — сказаў кіраўнік дэпартамента камп’ютарнай тэхнікі ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Гарызонт» Раман Шчапакін.
Што праўда, у снежні ўрачыстую цырымонію старту продажаў ужо ладзілі — у Galleria Minsk.
Шчапакін нагадаў, што цана ноўтбука адзіная для ўсяго рынку — 1599 BYN.
Гаворка, відавочна, пра мадэль з мінімальнай камплектацыяй Horizont H-book 15 МАК4: працэсар Intel Core i3, 8 Гб аперацыйнай памяці, 256 Гб SSD. Раней Intel тлумачыла, адкуль у Беларусі яе працэсары.
«Першы беларускі камп’ютар» у верасні 2022 года прадэманстраваў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у ім было «каля 12% беларускага, але пры канцы года будзе 30%».
У снежні намесніца старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч сказала, што выпушчана ўжо 4 тысячы ноўтбукаў, і агучыла планы на наступны год — да 200 тысяч.
Читать на dev.by