У Маскве на наступным тыдні запрацуе аплікацыя для трэкінгу мігрантаў. Выключэнняў для беларусаў, здаецца, няма
У першы дзень восені ў расійскай сталіцы запусцяць праграму, з дапамогай якой можна будзе даведвацца, дзе знаходзіцца мігрант. Пра гэта расказаў мэр Масквы Сяргей Сабянін у інтэрв’ю «Камсамольскай праўдзе».
Аплікацыя падобная да сістэмы «Сацыяльны маніторынг», якая працавала тут у пандэмію. Хворыя перадавалі ёй дадзеныя аб сваім месцазнаходжанні.
«1 верасня ўводзім яшчэ адну сістэму па аналогіі з сістэмай сацыяльнага рэгістра часоў ковіду, дзе трэба было адпраўляць фатаграфіі свайго месцазнаходжання праз аплікацыю. Аналагічная праграма ўводзіцца для мігрантаў, мы будзем ведаць іх месцазнаходжанне», — сказаў Сабянін.
Па яго словах, урад горада атрымаў дазвол на правядзенне «цэлага шэрагу эксперыментаў на тэрыторыі маскоўскага рэгіёну» для кантролю мігрантаў. Напрыклад, ва ўсіх аэрапортах уведзены біяметрычны кантроль мігрантаў.
Таксама ў Маскве ўводзіцца электронная карта мігранта, «у якую будуць занесены ўсе дадзеныя» пра яго. «Праз QR-код паліцэйскі можа даведацца пра яго ўсё — калі ён прыехаў, на які перыяд, дзе ўладкаваны, ці ёсць міграцыйныя парушэнні або няма. Калі чырвоным гарыць парушэнне, паліцэйскі павінен яго затрымаць. Калі зялёным, пытанняў няма», — удакладніў чыноўнік.
Ён дадаў, што сёння ў краіне працадаўцы не могуць знайсці каля 5 млн работнікаў. І хоць выгнаць мігрантаў можна, «гэта прывядзе да сур’ёзных эканамічных наступстваў».
Ці тычыцца згаданая аплікацыя беларусаў, у інтэрв’ю не абмяркоўвалася. Таму выключэнняў для іх, відаць, няма.
Читать на dev.by