У Польшчы абавяжуць паказваць дыяпазоны заробкаў у вакансіях. Законапраект ужо ў Сейме
Ад 2026 года інфармацыя пра заробкі працаўнікоў кампаній у ЕС мае стаць публічнай. Як гэта рэалізуецца ў Польшчы?
Прыкладна тыдзень таму дэпутаты ад Koalicji Obywatelskiej накіравалі ў Сейм праект закона пад назвай «Jasne zarobki», піша Dzik Pic. Гэта адказ на дырэктыву ЕС 2023/970, якая абавязвае ўсе кампаніі ЕС раскрываць даныя пра заробкі або дыяпазоны заробкаў па кожнай пазіцыі.
Сярод іншага еўрапейская дырэктыва мае на ўвазе, што кампаніі будуць рэгулярна падаваць даныя пра памеры заробкаў у фірме з разбіўкай паводле полу. Навіна ўступіла ў сілу ў чэрвені 2023 года, але яе імплементацыя будзе праходзіць аж да 2026 года ў залежнасці ад колькасці штату кампаній.
Што ў польскім праекце?
Паводле слоў дэпутата KO Вітольда Зембачынскага, у адрозненне ад дырэктывы ЕС, польскі праект не прадугледжвае раскрыцця заробкаў супрацоўнікаў, якія працуюць цяпер.
«Цяпер у кожнай аб’яве аб працы мусяць быць дыяпазоны заробкаў, што дазволіць скараціць разрыў у аплаце працы для жанчын і мужчын. Акрамя таго, з часам будзе створаная шкала заработнай платы ў Польшчы, дзякуючы якой маладзёны будуць ведаць, якую прафесію выбраць у будучыні», — тлумачыць дэпутат.
Раней ён прызнаваўся, што падае праект ужо трэці раз.
Дырэктыва ЕС абавязвае дзяржавы-сябры ўвесці «прынцыпы роўнасці і празрыстасці ўзнагароджання» да чэрвеня 2026 года. Але калі іх укараняць у Польшчы, невядома. Як мы ўжо ведаем, улады не заўсёды ўкладваюцца ў тэрмін.
Читать на dev.by