МУС ужо збірае інфармацыю пра тых, хто перасякае мяжу з РФ?

Інфармацыю пра беларусаў, якія стаяць на міграцыйным уліку, здаецца, таксама.

15 каментарыяў

Чарговы апдэйт «дармаедскіх» правілаў (ад 1 красавіка база абнаўляецца штомесяц, а не раз на квартал) прымусіў нас звярнуць увагу на важную змену, якая дзейнічае ўжо трэці месяц. 

Пастанова Саўміна № 53 ад 25 студзеня 2024 года не толькі загадвае адносіць да дармаедаў тых беспрацоўных агароднікаў і бацькоў дзяцей да 7 гадоў / траіх непаўналетніх дзяцей / дзіцяці-інваліда, хто адсутнічаў у Беларусі 30+ дзён цягам квартала, але і робіць больш жорсткім кантроль за перасячэннем мяжы.

Так, улады маюць намер адсочваць у тым ліку тых, хто выехаў з краіны праз Расію і тых, хто ў Расіі жыве. Для гэтага ў Палажэнне аб парадку аднясення працаздольных грамадзян да не занятых у эканоміцы ўключылі такі пункт:

«Міністэрства ўнутраных спраў на падставе інфармацыі, дадзенай Міністэрствам унутраных спраў Расійскай Федэрацыі, штомесяц да 20-га чысла месяца, які папярэднічае фармаванню Дзяржаўным памежным камітэтам звестак у адпаведнасці з часткай чацвёртай гэтага пункта, перадае ў Дзяржаўны памежны камітэт інфармацыю аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, якія выехалі з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і заехалі на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі праз пункты пропуску дзяржаўнай мяжы Расійскай Федэрацыі».

Дзяржпагранкамітэт, у сваю чаргу, штомесяц да 5-га чысла перадае Мінпрацы і сацабароны звесткі пра грамадзян, якія выехалі на 30+ дзён запар па-за межы не толькі Беларусі, але і Расіі.

Акрамя гэтага, МУС штоквартальна перадае ў Мінпрацы інфармацыю пра грамадзян, якія аформілі выезд на ПМЖ, і тых, хто знаходзіцца на міграцыйным уліку ў Расіі.

Апошнюю — таксама «на падставе інфармацыі, дадзенай Міністэрствам унутраных спраў Расійскай Федэрацыі». 

Гэтыя палажэнні набылі адразу пасля апублікавання 53-й пастановы, то-бок 1 лютага.

Пастанова абавязвае МУС РБ перадаваць даныя ў іншыя дзяржорганы, яна не рэгламентуе дзеянняў МУС адносна збору гэтых даных. Незразумела, ад якога часу і ў якім аб’ёме расійскае МУС перадае інфармацыю пра беларусаў, што з’ехалі/заехалі праз РФ або там аселых (калі перадае). Аднак не выключана, што гэта новая прыступка на шляху да татальнага кантролю над міграцыяй грамадзян.

«У Калінінградзе было непрыемнае пытанне». Як беларусы едуць дадому праз трэція краіны
Па тэме
«У Калінінградзе было непрыемнае пытанне». Як беларусы едуць дадому праз трэція краіны
Очереди по 2 км. На границе коллапс на всех КПП
По теме
Очереди по 2 км. На границе коллапс на всех КПП

Читать на dev.by