ІТ-вакансіі з дыяпазонамі заробкаў з'явіліся ў рэспубліканскай базе. Карціна сумная

Ад 1 студзеня ўсе аб’явы аб найманні ў Беларусі працадаўцы маюць публікаваць спачатку ў агульнарэспубліканскім банку вакансій і толькі потым — на сваіх рэсурсах. Ці значыць гэта, што далей за гэты банк айцішнікам можна нікуды не хадзіць?

23 каментарыя

Як працуе банк вакансій?

Неўзабаве два месяцы, як размяшчэнне вакансій у банку — абавязковая ўмова пошуку супрацоўнікаў у Беларусі. Прынамсі, на словах. На практыцы не ўсе (але ўжо многія) аб’явы на папулярных джаббордах маюць спасылкі на gsz.gov.by. Тым не менш база даных расце — цяпер у ёй больш за 190 тысяч вакансій, у тым ліку ліку 1142 — па фільтры «інфармацыйныя тэхналогіі, тэлекамунікацыя, сувязь». Прыкладна столькі ж выходзіць на rabota.by па ключавым слове «праграміст».

У сэце ІТ-вакансій не так проста знайсці патрэбную ІТ-спецыяльнасць. У вочы кідаецца, што патрабуюцца «інжынеры-праграмісты»: па ключавым слове «праграміст» выпадае 521 вакансія. Але каб убачыць вакансіі тэсціроўшчыкаў софту (усяго 11), трэба ачысціць у фільтры сферу дзейнасці — «інфармацыйныя тэхналогіі, тэлекамунікацыя, сувязь». Тое ж самае з дызайнерамі (91 вакансія). А вось вакансіі бізнэс-аналітыка (іх 65) выпадаюць і ўнутры фільтра «інфармацыйныя тэхналогіі, тэлекамунікацыя, сувязь».

Дзевяць вакансій з заробкамі ад 10 000 рублёў, мора — «да 2000»

Фільтр «зарплата» працуе на сайце добра. Але ён жа паказвае, наколькі несур’ёзная большасць аб’яў.

Так, зп ад 10 тысяч BYN паказаная толькі ў дзевяці вакансіях. Амаль усе яны — ад ТАА «ФлексіТэч», якое зарэгістравалася ў лістападзе 2024 года (няма ў спісе рэзідэнтаў ПВТ) і, відаць, прадстаўляе расійскую кампанію Flexitech. Кампанія пазіцыянуе сябе як распрацоўшчыка «перадавых бізнэс-рашэнняў на базе AI», шукае кіраўніка праекта (з зп да 22 тыс. BYN), кіраўнікоў крос-функцыянальных камандаў дата-аналітыкі, распрацоўкі (з зп да 20,5 тыс. BYN), праграмістаў (да 22 тыс. BYN) і тэсціроўшчыкаў (да 15 тыс. BYN).

Вакансіі з заробкамі ад 10 тысяч BYN ёсць таксама ў Bamboo (патрэбны Backend Engineer (Node.js), фінансава-інвестыцыйнай кампаніі «ІНХО» (адміністраванне воблачнай платформы) і ТАА «Аўтакласіфайд» (праграміст з вопытам распрацоўкі камерцыйных праектаў на PHP7+). Усім ім ужо па некалькі тыдняў або каля месяца.

Вакансій з зп вышэйшай за 5 тысяч BYN — 35 (уключаючы тыя 11 аб’яў, што прапануюць больш за 10 тысяч BYN). У асноўным на гэтыя грошы шукаюць інжынераў-праграмістаў прыватныя кампаніі, чый профіль не абавязкова ІТ (рытэйл, лізінг, медыя) або калядзяржаўныя кампаніі (фіксацыя хуткасці на дарогах). Але ёсць і невялікія ІТ-кампаніі.

Асноўная колькасць аб’яў жа кліча айцішнікаў на вельмі нізкія заробкі. Мяркуйце самі: па фільтры «зп ад 2000 BYN» выпадае толькі 280 вакансій з 1142. Гэта значыць, што амаль 900 аб’яў не прапаноўваюць айцішнікам і 600 у. е. 

Раней аб’явы з вельмі сціплымі зп у асноўным размяшчалі дзяржарганізацыі, навучальныя ўстановы, заводы. Але цяпер, акрамя іх, у выбарцы шмат малавядомых прадпрыемстваў са словамі «софт», «тэхноладжыс», «салюшнс» у назве.

Ёсць і вакансіі з наўмысна вялікім дыяпазонам у зп, напрыклад, 1000 — 10 000 BYN, але незразумела, у чым сэнс гэтай маніпуляцыі.

Фільтр дазваляе шукаць вакансіі па наймальніку. Аднак набіраць давядзецца рускамоўную назву беларускай юрыдычнай асобы. Мы знайшлі ў базе ЗТАА «Эпам сістэмз» і ўнітарнае замежнае прадпрыемства «ЭПАМ інфармацыйныя карпаратыўныя сістэмы», аднак вакансій у сістэме не знайшлося.

На пачатку года буйны аўтсорс у РБ шукае стажораў і амаль не наймае тэхнароў. Паглядзелі на вакансіі
Па тэме
На пачатку года буйны аўтсорс у РБ шукае стажораў і амаль не наймае тэхнароў. Паглядзелі на вакансіі
20 вакансій у аднарога. Каго наймаюць прадуктовыя кампаніі ў Беларусі ў студзені
Па тэме
20 вакансій у аднарога. Каго наймаюць прадуктовыя кампаніі ў Беларусі ў студзені

Читать на dev.by