У Расіі хочуць забараніць увоз замежнай тэхнікі
8 снежня кіраўніку расійскага Мінлічбы Максуту Шадаеву быў накіраваны ліст, у якім прапаноўвалася падтрымаць мясцовых вытворцаў электронікі забаронай паралельнага імпарту тэхнікі Dell, HP, HPE, Acer, MSI, Inspur, Asus, Lenovo і Fujitsu.
Аўтар ліста — вытворца камп’ютараў, манітораў і ноўтбукаў ICL. Гендырэктар фірмы Яўген Сцяпанаў сцвярджае, што гэтая мера дазволіць «вызваліць расійскі рынак ад кампаній, якія адмовіліся працаваць у Расіі, і павялічыць долю расійскай вылічальнай тэхнікі да 50%». Як растлумачылі суразмоўцы «Камерсанта», у частцы забароны паралельнага імпарту гаворка вядзецца ў першую чаргу пра спажывецкую электроніку, то-бок ПК, манаблокі і ноўтбукі.
Таксама ICL прапануе ўвесці ўтылізацыйны збор на імпартную вылічальную тэхніку ў памеры 20% кошту з адначасовай выдачай субсідый расійскім вытворцам электронікі.
Акрамя гэтага, Сцяпанаў заклікае прыняць меры для стымулявання продажаў расійскай электронікі ў спажывецкім сегменце, напрыклад, выдаваць ільготныя крэдыты на закупку айчыннай тэхнікі дыстрыб’ютарамі для яе далейшай рэалізацыі і запусціць праграму кэшбэку на тыя ж 20% для грамадзян, якія набываюць расійскую электроніку.
Ініцыятывы ICL абмяркоўваліся 21 снежня на нарадзе з расійскімі вытворцамі і рытэйлерамі ў намесніка кіраўніка Мінлічбы Андрэя Зарэніна. Удзельнікі сустрэчы «канцэптуальна падтрымалі» многія прапановы, але не сышліся ў пытанні пра абмежаванне паралельнага імпарту.
У Мінпрамгандлю «Камерсанту» заявілі, што разам з Мінлічбы прапрацоўваюць шляхі фінансавай і маркетынгавай падтрымкі спажыўцоў расійскай радыёэлектронікі, але не бачаць неабходнасці выключаць замежныя брэнды з паралельнага імпарту. Гульцы рынку адзначаюць, што абмежаванні на імпарт прывядуць да скарачэння асартыменту і росту паставак нелегальнай прадукцыі.
Читать на dev.by