У Расіі абмежавалі званкі ў Telegram і WhatsApp пад цікавым соусам
Раскамнадзар паведаміў пра абмежаванне званкоў праз Telegram і WhatsApp. Як патлумачылі ў прэс-службе ведамства журналістам РБК, гэта зроблена пасля масавых скаргаў грамадзян на тое, што месэнджары выкарыстоўваюцца для вымагальніцтва і прыцягнення людзей да тэрарыстычнай дзейнасці.
«Паводле дадзеных праваахоўных органаў і шматлікіх зваротаў грамадзян, замежныя месэнджары Telegram і WhatsApp сталі асноўнымі галасавымі сэрвісамі, што выкарыстоўваюцца для падману і вымагальніцтва грошай, прыцягнення да дыверсійнай і тэрарыстычнай дзейнасці расійскіх грамадзян», — адзначылі ў Раскамнадзары.
Там падкрэслілі, што ніякі іншы функцыянал Telegram і WhatsApp не абмяжоўваецца.
Яшчэ ўчора РБК са спасылкай на мясцовыя выданні пісаў, што «вялікая чацвёрка» аператараў сувязі (МТС, «МегаФон», «Білайн» і Tele2) нібыта звярнулася ў «Растэлеком» з просьбай забараніць званкі праз замежныя месэнджары. У «Растэлекоме» заявілі, што не ведаюць пра такую ініцыятыву.
Крыніца РБК у адным з тэлеком-аператараў пацвердзіла, што такая прапанова ў маі вылучалася, але не атрымала падтрымкі. Просьба была звязаная са змяншэннем выкарыстання звычайных тэлефонных званкоў, праз што кампаніі губляюць грошы для падтрымання інфраструктуры, што даражэе.
Читать на dev.by