У Расіі збіраюцца стварыць свой аналаг Electronic Arts
Паводле задумкі расійскага ўрада, рэлізы маюць стаць «інструментам мяккай сілы» за мяжой. У планах заснаваць свайго роду расійскі аналаг Electronic Arts і «паставіць на паток выпуск высакакласных расійскіх гульняў».
Паводле даных «Камерсанта», меры падтрымкі расійскай відэагульнявой індустрыі абмяркоўваліся на пасяджэнні ўрада. На ім прысутнічалі кіраўнікі «Лічбавай эканомікі» і «Інстытута развіцця інтэрнэту», а таксама прадстаўнікі розных кампаній, уключна з VK і Innova.
Выданне сцвярджае, што расійскія ўлады збіраюцца стварыць цэнтр каардынацыі галіны — за гэта мае адказваць АНА «Лічбавая эканоміка». Таксама плануецца стварыць цэнтр кампетэнцый у асобе ўніверсітэта «Інаполіс» і цэнтр стратэгічнага развіцця індустрыі, якім мае кіраваць новая структура «Расгейма».
На «стабілізацыйны сцэнар» аднаўлення расійскай гульнявой індустрыі і выйсце Расіі ў топ-20 краін-распрацоўшчыкаў гульняў спатрэбіцца $7 мільярдаў. На самы маштабны «лідарскі сцэнар» спатрэбіцца $50 мільярдаў. Ідэя гэтага сцэнара палягае ў тым, што расійскія студыі ў 2030 годзе будуць канкураваць з сусветнымі распрацоўшчыкамі.
У сцэнары прапісана, што ў 2030 годзе чакаецца выпуск 25 айчынных AAA-гульняў з бюджэтам ад 6,5 мільярдаў рублёў на кожны праект і 40 АА-гульняў, кошт якіх складзе да 1,6 мільярда рублёў. Таксама ў дакуменце гаворыцца пра выпуск дзвюх новых айчынных гульнявых кансолей.
Читать на dev.by