У Расіі створаць канкурэнта Android
VK, «Яндэкс», Сбербанк і «Растэлекам» плануюць заснаваць кампанію, якая зоймецца распрацоўкай мабільнай АС на базе адкрытага агульнадаступнага кода Android. Пра гэта «Камерсанту» расказалі крыніцы ва ўрадзе.
Таксама плануецца стварыць платформу сумяшчальных з новай АС мабільных сэрвісаў, якія заменяць Google Mobile Services (GMS).
Ані ў кампаніях, ані ў Мінлічбы атрымаць каментар выданню не ўдалося.
Паводле слоў крыніцы «Камерсанта» на расійскім рынку электронікі, VK і «Сбер» зацікаўлены ў распрацоўцы аналага GMS: пакуль фармальна кансорцыума няма, але буйныя гульцы гатовыя аб’яднацца. Ён дадаў, што такая платформа патрэбная ўсім, хто хоча, каб іх праграмы валодалі адэкватным функцыяналам.
Акрамя гэтага, «Растэлекам» збіраецца развіваць мабільную экасістэму на базе АС «Аўрора». Яна будзе прызначаная для дзяржсектара і карпарацый з высокімі патрабаваннямі да бяспекі, а новая АС будзе накіраваная на спажывецкі сегмент. Эксперты адзначаюць, што АС на базе Android будзе запатрабаваная ў грамадзян дзякуючы сумяшчальнасці з вялікай колькасцю праграм.
Эксперты лічаць, што запусціць платформу мабільных сэрвісаў для АС на базе Android будзе прасцей, чым для «Аўроры», паколькі большасць праграм расійскіх распрацоўшчыкаў ужо прыстасаваныя пад Android, а іх адаптацыя пад «Аўрору» запатрабуе часу і ўкладанняў.
Распрацоўка экасістэмы на базе Android абыдзецца ў разы танней, чым праект «Растэлекама». Паводле ацэнак аднаго з суразмоўцаў «Камерсанта», на распрацоўку АС на базе Android спатрэбіцца не больш за год, калі кампаніі аб’яднаюць экспертызу.
Читать на dev.by