У ЗША расследуюць ролю Facebook і Instagram у збыце наркотыкаў
Федэральныя ўлады ЗША праводзяць расследаванне ў дачыненні да Meta, якой належаць сацсеткі Facebook і Instagram, на датычнасць да незаконнага збыту наркотыкаў. Пра гэта паведамляе Wall Street Journal са спасылкай на дакументы і дасведчаныя крыніцы.
Пракуратура Вірджыніі рассылае позвы ў суд і апытвае людзей у рамках крымінальнага расследавання, якое мае дапамагчы высветліць, ці спрыяюць Facebook і Instagram незаконнаму продажу наркотыкаў і ці атрымліваюць ад гэтага прыбытак.
Паводле копій позваў, пракуроры патрабавалі падаць дакументы, звязаныя з «кантэнтам пра наркотыкі» на платформах Meta. Гэтыя позвы былі разасланыя яшчэ летась, але вядома пра іх стала толькі цяпер.
Дапамогу ў расследаванні аказвае ўпраўленне па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў ЗША. У Meta адпрэчваюць магчымыя абвінавачванні, падкрэсліваючы, што продаж забароненых наркотыкаў супярэчыць палітыцы кампаніі. Там дадалі, што імкнуцца адсочваць і выдаляць падобны кантэнт са сваіх сацсетак, а таксама актыўна супрацоўнічаюць з праваахоўнікамі, каб дапамагчы змагацца з продажам і распаўсюджваннем забароненых рэчываў.
Як адзначае WSJ, падчас пандэміі Facebook і Instagram апанавала рэклама пра лекі, якія адпускаюцца па рэцэпце, нібыта для лячэння сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, трывогі і іншых захворванняў. Супрацоўнікі і пацыенты казалі, што рэклама спрыяла злоўжыванню рэчывамі, напрыклад, адэралам.
Читать на dev.by