У відэаканферэнцыях Zoom цяпер можа адначасова ўдзельнічаць мільён чалавек
Вэбінары Zoom цяпер падтрымліваюць да 1 млн карыстальнікаў адначасова. Пра гэта распрацоўшчыкі сэрвісу расказалі ў сваім блогу.
Zoom прапаноўвае некалькі тарыфаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. На выбар кліентаў — вэбінары з колькасцю 10 тысяч, 50 тысяч, 100 тысяч, 250 тысяч, 500 тысяч і 1 млн удзельнікаў. Гэта аднаразовыя пакеты з тэхпадтрымкай ад каманды Zoom.
Каштаваць гэта задавальненне будзе нятанна: ад $9 тысяч за мерапрыемства на 10 тысяч чалавек да $100 тысяч — на мільён. Да гэтага відэазванкі Zoom афіцыйна падтрымлівалі максімум 100 тысяч чалавек.
У кампаніі лічаць, што такія маштабныя вэбінары стануць звычайнай з’явай у карпаратыўным, забаўляльным і дзяржаўным сектарах. Напрыклад, знакамітасці маглі б выкарыстоўваць Zoom для правядзення сустрэч з фанатамі і іншых віртуальных івэнтаў.
Пашырыць аўдыторыю відэаканферэнцый было вырашана пасля таго, як розныя палітычныя групы сталі выкарыстоўваць платформу для збору сродкаў на выбарчую кампанію віцэ-прэзідэнта ЗША Камалы Харыс. Напрыклад, арганізацыя Win with Black Women сабрала $1,5 млн на мерапрыемстве з удзелам больш як 40 тысяч чалавек. Іншыя відэазванкі часцяком налічвалі сотні тысяч людзей.
Масавыя відэазванкі могуць стаць новай крыніцай даходу для Zoom. Апошнім часам у сувязі з падзеннем попыту на анлайн-сустрэчы пасля заканчэння пандэміі каціроўкі кампаніі абрынуліся з $560 да $60 за акцыю.
Читать на dev.by