«Сіндром самазванца». Таксіст стаў сеньёрам у польскім банку (і яшчэ тры гісторыі пра ўвайсці ў ІТ)

Героі гэтага артыкула — людзі, якія ўвайшлі ў ІТ за апошнія тры-чатыры гады. Са сфер, далёкіх ад праграмавання: фармацэўтыкі, таксі, войска, чыгункі. Вось як выглядаў іх шлях да новай прафесіі.

13 каментарыяў

Фармацэўтка: «Дапамагло тое, што я пачала шукаць працу яшчэ чатыры гады таму. Тады ўсё было нашмат прасцей, чым цяпер»

Я скончыла фармфакультет БДМУ і пасля гэтага два гады працавала ў аптэцы. Ужо за першыя пару месяцаў зразумела, што мне гэта зусім не падабаецца і я не хацела б так правесці найбліжэйшыя 35 гадоў. 

У той час знаёмы параіў мне вучыцца праграмаваць. Тады гэты кірунак быў хайповым, і я падумала: чаму б і не.

Вучылася на працы (змены былі па 12-13 гадзін) і дома ў нешматлікія выходныя. Самастойна. З курсаў купляла толькі англамоўныя на Udemy, гэта дапамагло і падцягнуць англійскую. 

Працу пачала шукаць у лістападзе 2020-га, а офер атрымала ўжо пры канцы снежня. У ITransition як франтэнд-распрацоўшчыца. У верасні 2021-га я памяняла ІТ-кампанію, а ў маі 2022-га — яшчэ раз. Пасля гэтага паступіла ў магістратуру Венскага ўніверсітэта (зноў на фармацэўтычны факультэт, каб сумясціць навыкі праграмавання і першапачатковую адукацыю), эмігравала ў Аўстрыю і там знайшла працу на пазіцыі сеньёра ў маленькай мясцовай кампаніі. У ёй працавала да лютага 2024 года.

А цяпер я ўжо не працую ў франтэндзе — перайшла ў біяінфарматыку/хемаінфарматыку і пішу на Python. Хемаінфарматыка — гэта праграмаванне для вырашэння хімічных праблем, біяінфарматыка-тое ж самае, толькі пра біялогію. 

Пасля магістратуры мне прапанавалі пазіцыю PhD ва ўніверсітэце Інсбрука. Цяпер я вучуся там і працую: PhD — гэта праца, і за яе плацяць грошы. Прычым вельмі нядрэнныя, нават у параўнанні з зп мясцовых айцішнікаў. 

Мая цяперашняя праца хутчэй пра аналіз даных і бліжэйшая да Data Science, проста ў канкрэтнай вобласці. Я працую з бялкамі, на стыку біялогіі і хіміі.

Чаму мне ўдалося так лёгка ўвайсці ў ІТ? Думаю, што дзякуючы жывой цікаўнасці, а яшчэ матэматычнаму складу розуму. Мне гэта сапраўды падабалася — сутыкацца з новымі праблемамі і шукаць шляхі іх вырашэння. Гэта нашмат цікавей за штодзённую руціну, як у аптэцы, дзе выконваеш адныя і тыя ж дзеянні і часта нават не думаеш. 

Дапамагло і тое, што я пачала шукаць працу яшчэ чатыры гады таму. Тады ўсё было нашмат прасцей, чым цяпер. У маі 2022 (я тады шукала працу яшчэ ў Беларусі), будучы мідлом, я сутыкнулася з большымі цяжкасцямі, чым на пачатку 2021-га, будучы джуном без досведу.

Вайтишники последних лет — откуда пришли и где они теперь
Па тэме
Вайтишники последних лет — откуда пришли и где они теперь

Таксіст: «З мінусаў: жорсткі сіндром самазванца, да таго ж нервы моцна здаюць» 

Прывітанне, я ўвайшоў у ІТ тры гады таму. Тады мне было 36, працаваў таксістам. Адукацыя — будаўнічая вышэйшая. Мне было вельмі цяжка, дый цяпер нялёгка. Проста пасля 2020 года зразумеў, што трэба з’язджаць, а лепшай прафесіі я не прыдумаў.

Пачынаў з курсаў Наіля Алішава на ютубе. Самым складаным было прывучыць сябе да канцэнтрацыі. Я пачынаў з 20 хвілін: 20 хвілін вырашаю задачу або вучуся, і вочы заплюшчваюцца, думкі пачынаюць блытацца. Потым былі адначасова дзве «лабы» ў буйных аўтсорс-кампаніях. Па выніку абраў адную з іх, бо там бралі ў штат. 

На першы праект трапіў акурат 24.02.2022 — у расійскі банк. Праект быў проста жудасны: кода мы амаль не пісалі (але калі пісалі, было яшчэ горш, так як я не паспеў добра навучыцца на «лабах»), замест гэтага малявалі дыяграмы, чыталі докі. 

Я спадабаўся ліду сваімі софт-скіламі, таму змог пратрымацца на гэтай працы восем месяцаў. Сышоў з праекта, бо не вучыўся на ім, і кампаніі гэта не моцна спадабалася. 

Час быў цяжкі, новага праекта не знайшлося, таму з кампаніяй мы рассталіся. Пасля гэтага я пачаў шукаць працу ў Польшчы. На лінкедзіне мяне знайшоў рэкруцёр і прадаў бэкэнд-распрацоўшчыкам у буйны польскі банк. У рэзюмэ, як калісьці навучылі, я напісаў сабе досвед — 3+ гады ў ІТ. 

Класічнага тэхсумоўя там не было — толькі пару лёгкіх пытанняў. Усе гэтыя сумоўі моцна залежаць ад каманды. Здаецца, у той момант ім патрэбны быў чалавек, які ўмее размаўляць. Проста мне пашанцавала.

Што праўда, рэкруцёр, прадаючы мяне, забыўся згадаць, што пазіцыя — сеньёрская. Пра гэта я даведаўся праз тыдзень працы. Не стаў хлусіць камандзе і адразу расказаў пра свой досвед — паставіліся з разуменнем (софт-скілы — нашае ўсё). А менеджараў я турбаваць не стаў.

У банку я ўжо паўтара года. З большай часткай таскаў спраўляюся, часам бываюць фэйлы, але пакуль усё праходзіць нармальна. Галоўнае — размаўляць. Каманда бачыць прагрэс, таму лаяльна да мяне ставіцца. А манагеры не моцна лезуць у нашыя справы, Ім важнейшыя паказчыкі каманды, чым аднаго чалавека.

Так і працую. З плюсаў: месца добрае, зп сярэдняя. З мінусаў: жорсткі сіндром самазванца, да таго ж нервы моцна здаюць.

Пасля 12 гадоў у ІТ стаў кур’ерам. Айцішнік шукае працу — просіць супольнасць дапамагчы
Па тэме
Пасля 12 гадоў у ІТ стаў кур’ерам. Айцішнік шукае працу — просіць супольнасць дапамагчы

Чыгуначнік: «Пакуль шукаў першую працу, думаў, што ў кепскі час залятаю ў ІТ, цяпер жа разумею, што паспеў своечасова»

Яшчэ пасля заканчэння каледжа ў 2016 годзе я ўладкаваўся электраманцёрам на чыгунку. Цешыў сябе надзеяй, што там будуць хоць нейкія перспектывы. 

Але выявілася, дарма. І заробкам, і начальствам я быў незадаволены, і чым далей, тым больш. У гэты ж час мае сябры адвучыліся на курсах EPAM (пакуль я быў у войску) і ўжо працавалі на праектах. Пры канцы 2018 года я вырашыў, праз іх прыклад, пайсці вучыцца на javarush.ru, потым з другой спробы трапіў на курсы ў EPAM, пазней да іх жа на стажыроўку (ішоў ужо студзень 2021). Пасля стажыроўкі справа застопарылася, тэрмінаў выхаду на праект мне ніхто не называў, таму я вырашыў «выйсці на рынак».

Першы офер шукаў усюды, дзе толькі можна. За месяц прайшоў каля 10 сумоўяў і атрымаў 3 прапановы, якія прыйшлі практычна адначасова. Вырашыў застацца ў той кампаніі, якая не размяшчала вакансій і куды я напісаў сам. Выдатны мэтч здарыўся на сумоўі. Агулам мой шлях у ІТ, ад рашэння да першага оферу, заняў 2 гады і 4 месяцы. 

Вучыўся я паралельна з працай на чыгунцы, звольніўся адтуль толькі пад канец епамаўскіх курсаў (восень 2020). Было цяжка перабудаваць свой майндсэт, прыняць, што можа не атрымацца сто разоў запар, і гэта нармальна. Трэніраваў сілу волі, каб не кінуць задуму. Матывавалі мяне сябры і нялюбая праца.

Пакуль шукаў першую працу, думаў, што ў дрэнны час залятаю ў ІТ, цяпер жа разумею, што паспеў своечасова. Здаецца, да пачатку 2022 года рынак яшчэ быў нармальным.

Цяпер я з сямейных абставін з’ехаў у Расію і там працую на буйны банк. Прапановы ў РФ на парадак вышэйшыя, чым у РБ, але я планую вярнуцца.

Вядома, я задаволены зменай прафесіі. Хоць галава часам і кіпіць, але варта ўспомніць, як накрочваў штодня, у спёку і ў дождж, кіламетры па чыгунцы і як начальства плявала на маё меркаванне — дык адразу на душы лягчэй.

Сувязістка: «З Java мне было цяжкавата»

Не магу назваць свой уваход у айці паспяховым. Хутчэй ён быў вельмі складаным і дэматывуючым.

З адукацыі я інжынерка сувязі, працавала па спецыяльнасці: служыла ў войску па кантракце, мела дачыненне з лічбавай апаратурай сувязі. Але перспектыў у войску не было, а самаразвіццё там не вітаецца. Час сыходзіў дарма.

Таму ў 2018 годзе я сышла ў творчы кірунак і нейкі час працавала дызайнеркай. А пры канцы 2020 года паступіла на курсы EPAM па аўтаматызацыі тэсціравання на Java. У гэты момант я звольнілася і ўвесь свой час прысвячала вучобе.

З Java мне было цяжкавата — для пачаткоўца гэта складаная мова праграмавання. Але адукацыя (ва ўніверсітэце я вывучала лічбавую сувязь, сеткі, інтэрнэт-пратаколы) дапамагала разумець асновы.

Курс быў разлічаны прыкладна на год, але ў мяне ён заняў больш. Пры канцы курса EPAM ужо перастаў наймаць людзей у Беларусі, але мне пашанцавала: у кастрычніку 2022-га мяне запрасілі прайсці 4-месячную лабу на ўнутраным праекце. А ў студзені 2023-га кампанія прапанавала набірацца досведу на іншым унутраным праекце.

У той час я ўжо глядзела вакансіі, але не змагла трапіць на ніводнае інтэрв’ю. А ў кастрычніку 2023-га мне паведамілі, што ў сувязі з закрыццём лабы ў Беларусі з праектаў прыбіраюць усіх студэнтаў (такіх, як я).

Тут мяне ахапіла паніка, і я актывізавала пошукі працы, бо назапашаныя рэсурсы падыходзілі да канца. Але беспаспяхова. Толькі вясной 2024 эйчары сталі больш-менш актыўна рэагаваць на мае рэзюмэ і лісты. У ліпені мяне нарэшце ўзялі ў расійскую аўтсорсінгавую кампанію на фінтэх-праект. Вось тады я, нарэшце, дагнала і ўскочыла ў гэты злашчасны вагон цягніка, што з’язджае!

Цяпер я на выпрабавальным тэрміне на пазіцыі мідл. Пасля месяца актыўнага занурэння ў праект я выконваю задачы самастойна, і, наколькі разумею, заказчык і працадаўца задаволеныя суадносінамі маіх ведаў і зарплаты (каля тысячы долараў).

Кампанія мае прадстаўніцтва ў Мінску, але прапаноўвае працаваць альбо аддалена, альбо арандаваць працоўнае месца ў каворкінгу ў цэнтры Мінска. Я працую з дому.

Усяго ад пачатку вучобы да працаўладкавання ў мяне сышло 3,5 гады актыўнай працы. За гэты час, акрамя тэсціравання, я вывучыла англійскую з 0 да В2.

Аўтаматызацыя тэсціравання мне вельмі падабаецца, бо сумяшчае тэсціраванне і праграмаванне. Сваёй працай і зп я таксама цяпер задаволеная, але ў мяне ўжо ёсць план росту, над якім я ўзмоцнена працую.

Как дела у крупного аутсорса в РБ? Самые крупные заморозили найм, другие активно хайрят
По теме
Как дела у крупного аутсорса в РБ? Самые крупные заморозили найм, другие активно хайрят
Десятки вакансий у компаний из России. Какие продуктовые компании сейчас нанимают в Беларуси?
По теме
Десятки вакансий у компаний из России. Какие продуктовые компании сейчас нанимают в Беларуси?

Читать на dev.by