Вечны супакой: марсіянскі верталёт Ingenuity пашкодзіў лопасць і здзейсніў свой апошні палёт
Вінтакрылы апарат атрымаў пашкоджанне лопасці падчас апошняга палёту. NASA паведаміла, што Ingenuity «больш не ў стане лётаць».
У часе свайго апошняга палёту, які прайшоў 18 студзеня, апарат часова страціў сувязь з марсаходам Perseverance. Камандны цэнтр на Зямлі змог яе аднавіць, аднак атрыманыя фатаграфіі паказалі, што адная або некалькі з чатырох лопасцяў «былі пашкоджаныя ў часе пасадкі».
Верталёт даставілі на паверхню марсіянскага кратара Езера разам з марсаходам Perseverance у лютым 2021 года. Апарат вагой 1,8 кілаграма меўся паказаць магчымасці выкарыстання падобных машын ва ўмовах разраджанай атмасферы планеты. Пасля пяці паспяховых палётаў NASA вырашыла выкарыстоўваць яго ў якасці выведніка для ровера Perseverance. За тры гады працы на Марсе верталёт здзейсніў 72 палёты і праляцеў у 14 разоў далей, ніж планавалі стваральнікі. Агульны час палёту апарата склаў больш за дзве гадзіны.
«Гістарычная прыгода Ingenuity, першага лятальнага апарата на іншай планеце, падышла да свайго завяршэння. Гэты дзіўны верталёт праляцеў вышэй і далей, ніж мы калі-небудзь маглі сабе ўявіць, і дапамог NASA зрабіць немагчымае магчымым. Такія місіі, як Ingenuity, дазваляюць NASA пракладаць шлях для будучых касмічных палётаў, а таксама больш грунтоўна рыхтавацца да будучых чалавечых даследаванняў Марса і іншых аб’ектаў унутры Сонечнай сістэмы», — заявіў кіраўнік агенцтва Біл Нэльсан.
Читать на dev.by