Вялікабрытанія заблакавала куплю найбуйнейшага ў краіне завода па вытворчасці мікрачыпаў кітайцамі
Брытанскі ўрад запатрабаваў ад кампаніі з кітайскім удзелам прадаць найбуйнейшы ў краіне завод па вытворчасці мікрачыпаў Newport Wafer Fab.
Нідэрландская кампанія Nexperia належыць кітайскай кампаніі Wingtech Technology. Раней яна валодала 14-працэнтнай доляй у Newport Wafer Fab, у 2021 годзе кампанія купіла астатнія 86% за $75 мільёнаў. Міністр у пытаннях бізнэсу Грант Шэпс запатрабаваў ад Nexperia (цяперашняя Nexperia Newport Limited) прадаць як мінімум тыя ж 86% у заводзе, пакінуўшы сабе толькі мінарытарны пакет акцый.
Паводле даных выдання, завод знаходзіцца ў Уэльсе і вырабляе 32 тысячы паўправадніковых пласцін на месяц. «Мы вітаем вонкавы гандаль і замежныя інвестыцыі, якія падтрымліваюць рост і [ствараюць] працоўныя месцы. Але ў тых выпадках, дзе мы бачым рызыку для нацыянальнай бяспекі, мы будзем дзейнічаць рашуча», — заявіў Шэпс.
Кіраўнік брытанскага падраздзялення Nexperia Тоні Верслейс не пагадзіўся з міністрам і заявіў, што кампанія будзе абскарджваць рашэнне ведамства. Эксперты лічаць, што сітуацыя адлюстроўвае асцярогі заходніх краін з нагоды імкнення Кітая атрымаць доступ да прасунутых заходніх тэхналогій у вытворчасці паўправаднікоў.
Читать на dev.by