Кампаніі просяць айцішнікаў зняць відэа пра сябе. А яшчэ запісваюць сумоўі. Гэта наогул нармальна?

Кампаніі просяць айцішнікаў запісваць візітоўкі і/ці фіксуюць на відэа працэс інтэрв’ю. Навошта гэта трэба?

23 каментарыя

Эйчар, рэкрутар і спецыяліст па пабудове адносін з персаналам Ксенія Кручыніна піша ў LinkedIn, што ўсё больш кампаній выкарыстоўваюць відэа як частку працэсу найму:

  • відэапрэзентацыі — як элемент інтра;
  • відэаанкеты — як частка рэзюмэ, у якой кандыдат дзеліцца сваім прафесійным досведам;
  • відэазапіс сумоўя — hr-аддзел запісвае інтэрв’ю з кандыдатам і дзеліцца гэтым відэа з усімі членамі каманды, якія адказваюць за найм гэтага чалавека.

Айцішнікі пра візітоўкі. «Мы разгледзім ваша тэставае толькі пасля таго, як вы запішаце відэа»

Спыталі ў чытачоў — хто ўжо рабіў відэа-візітоўкі па патрабаванні.

Лізавета (імёны зменены) — графічны дызайнер, у ІТ 3 гады — нядаўна адгукнулася на вакансію.

— Спачатку прапанавалі запоўніць некалькі анкет з пытаннямі кшталту: «Якая місія вашага жыцця?», «Чаму мы павінны выбраць менавіта вас?», «Якую кнігу вы прачыталі за апошні месяц і чаму?» — нягледзячы на тое, што ў мяне ёсць партфоліа, якое дэманструе ўзровень майго навыку.

Потым была анкета на тып асобы.

Пасля гэтага выслалі тэставае на 4 дні.

І ў фінале, пасля таго як я адправіла выкананае тэставае, прыйшло паведамленне ад бота: «Мы разгледзім вашу працу толькі пасля таго як вы завершыце апошні этап — запіс відэа-візітоўкі».

У выніку на зносіны з кампаніяй патрачаны тыдзень, а вынік — мне адмовілі, — абураецца дзяўчына.

Як патлумачыла наша суразмоўца, відэа-візітоўку можна было запісваць «у вольнай форме». Эйчар дала пару накіроўваючых пытанняў з разраду: «Якія ў вас моцныя якасці? Якімі вынікамі вы ганарыцеся?» На запіс далі 3 дні.

— Я адгукалася на дыстанцыйную вакансію (гэта нават не офіс) дызайнера, а не блогера. Я ведаю шмат людзей з ІТ, якія не любяць здымаць сябе на камеру, але пры гэтым яны цудоўныя людзі і выдатныя спецыялісты.

Марына — delivery manager з досведам у ІТ каля 10 гадоў. Нядаўна падалася на вакансію ў Рызе — і кампанія запатрабавала прыкласці файл з відэа, у якім дзяўчына павінна была прачытаць абзац з канкрэтнага тэксту на англійскай мове.

Дзяўчына кажа, што відэа запісала з аднаго дубля — і адправіла. Але патрабаванне яе «здзівіла і не спадабалася», бо «ўскладняе працэс».

— Здаецца, што табе не давяраюць [у тым, як ты сам ацэньваеш свой узровень англійскай]. Але магчыма, яны такім чынам хутчэй праводзяць «адсейванне» непрыдатных кандыдатаў і эканомяць час на сумоўі.

Марына не памятае, ці бачыла яна недзе паведамленне пра тое, як кампанія збіраецца распараджацца атрыманымі відэа, але ж «у ЕС па змаўчанні GDPR».

Алег — UX/UI-дызайнер, у ІТ 3 гады. Ён кажа, што не так даўно звяртаўся па дапамогу да кар’ернага кансультанта — прывесці да ладу рэзюмэ.

— Дык вось сярод паслуг, якія ён аказвае, была і запіс відэа-візітоўкі. Мне гэта не было патрэбна, але я зацікавіўся, спытаў, што гэта — ён распавёў. Фактычна, ён дапамагае стварыць ідэальную карцінку — прамову напісаць (у тым ліку па-англійску) і адрэпетаваць, відэа зрабіць так, што «Беларусьфільм» пазайздросціць.

Адчуванні ў мяне ад гэтага дваістыя: з аднаго боку — ну так, важна прадставіць тавар тварам, бо невядома, ці будзе яшчэ шанец вырабіць уражанне пра сябе на інтэрв’ю. А з другога — ёсць у гэтым крыху фальшы, як калі цябе трэніруюць праходзіць сумоўі, але досведу ад гэтага не дадаецца.

Алег дадае, што сам з неабходнасцю здымаць відэа-прэзентацыю не сутыкаўся — нідзе ў кампаніях пра гэта не прасілі. Кар’ерны кансультант жа казаў, што ягоныя кліенты здымаюць такое ў тым ліку па ўласнай ініцыятыве. У якасці прыкладу ён падзяліўся з Алегам спасылкай на відэа, у якім распавядаецца, як дызайнеру прэзентаваць сябе. У яго 2,7 тысячы праглядаў.

Айцішнікі пра відэа на сумоўях: «Жанчына цішом ўключыла запіс і ўсё»

Вось што думаюць тыя, хто сутыкаўся з запісам відэа падчас сумоўяў у кампаніях.

Надзея — бэкенд-распрацоўшчыца з досведам у ІТ больш за 15 гадоў. Улетку шукала працу. Перыядычна ў яе пыталіся дазвол на запіс відэа падчас сумоўя — каб каманда магла пазней праглядзець інтэрв’ю.

— Эйчар зачытвала пытанні з паперкі, я адказвала. Потым прыходзіў адказ: праходжу я далей ці не.

Надзея адзначае, што дакументаў аб неразгалошванні персанальных дадзеных яна не падпісвала. Пра тое, як будзе захоўвацца запіс, дзяўчына не задумвалася.

— На той момант мяне гэта не напружвала — хацелася знайсці працу любым спосабам. Цяпер, напэўна, адмовілася б.

Java-тэхлід Павел (досвед у ІТ — больш за 6 гадоў), распавядае, што на ўсіх сумоўях у апошніх беларускіх кампаніях, дзе ён працаваў, вяліся запісы.

— У некаторых кампаніях загадзя анлайн падпісвалі дамовы, але не ўсюды. Я стаўлюся да гэтага нармальна, бо не ўпершыню з такім сутыкаюся.

Сабіна — менеджар. Нядаўна праходзіла сумоўе — падчас размовы з эйчарам вёўся запіс.

— Эйчар не спытала маёй згоды — у канцы проста паставіла перад фактам, што відэа будзе перададзена кіраўніку. Не ведаю, наколькі гэта законна. Я і раней сутыкалася з тым, што рэкрутары рабілі запіс, але ў мяне заўсёды пыталі дазвол — а тут жанчына цішком ўключыла запіс і ўсё, — наракае дзяўчына.

У цэлым жа Сабіна не бачыць нічога дрэннага ў відэафіксацыі інтэрв’ю: «гэта звычайная практыка цяпер», — кажа яна. Кіраўнік, нават не ўдзельнічаючы ў сумоўі, можа потым выбіраць з мноства кандыдатаў.

Інтэрв’юер: «Гэта вельмі карысная рэч»

Анастасія — прадуктовы менеджар з 5-гадовым досведам у ІТ. Яе роля якраз і заключаецца ў тым, каб праводзіць тэхнічныя сумоўі, якія эйчар запісвае на відэа.

— Гэта вельмі карысная рэч, калі ў кампаніі шмат асобаў прымаюць рашэнні аб найме, — кажа дзяўчына.

Плюсы: не трэба праводзіць 3–5 этапаў інтэрв’ю, дастаткова знаёмства з HR, а пасля — адразу тэхнічнае інтэрв’ю замест таго, каб мець справу з эйчарам, тэхнічным спецыялістам, менеджарам, CEO — і гэтак далей. Калі ў мяне няма пытанняў да кандыдата, то астатнім менеджарам дастаткова паглядзець відэа.

Анастасія кажа, што калі кандыдат кампаніі не падыходзіць, «відэа адразу ж выдаляецца», а калі падыходзіць — «выдаляецца адразу пасля прыняцця рашэння па яго кандыдатуры».

— Акрамя зацікаўленых асоб вышэйшага рангу ўнутры кампаніі, ніхто не можа атрымаць доступ да запісу, і захоўваюцца яны на працоўным дамене з абаронай Cloudflare. 70–80% відэа выдаляюцца адразу пасля інтэрв’ю. Астатнія — цягам месяца пасля.

Анастасія правяла каля 80 інтэрв’ю — і кажа, што ніхто з кандыдатаў не забараняў весці відэазапіс. «Але калі б нехта забараніў, гэта ніяк бы не паўплывала на стаўленне да кандыдата — мы паважаем асабістыя межы, проста спатрэбіліся б дадатковыя этапы», — кажа яна.

Ці можа фіксацыя размовы на відэа прымусіць кандыдата хвалявацца мацней чым звычайна? Яна ўпэўненая: «значна горш, калі на сумоўе прыходзіць пяць чалавек — і ўсе яны пільна глядзяць на аднаго беднага кандыдата, або калі ёсць 10 этапаў інтэрв’ю з прамежкамі ў 1–2–3 тыдні».

Што кажуць эйчары. «З рэзюмэ інфармацыю можна атрымаць за 10 секунд, тады як відэа ты глядзіш 3 хвіліны»

HRD і Interim HR Ганна не заўважае тут выразнай тэндэнцыі.

У цэлым такія відэа-прэзентацыі часта не найлепшай якасці і «не дапамагаюць кандыдату ўзмацніць сваю пазіцыю». Некаторыя замест відэа робяць «прэзентацыю на слайдах» з інфармацыяй з CV. Гэта не найлепшы спосаб падачы сябе яшчэ і таму, што «рэкрутару можа нешта не спадабацца ў відэа — і ён ужо будзе прадузята глядзець на рэзюмэ».

Яна асабіста пры праглядзе прэзентацый стараецца «вылучаць хард-скілы — навыкі, праекты і вынікі».

Ганна не бачыць сэнсу здымаць прэзентацыю па ўласнай ініцыятыве.

HR-дырэктарка і бізнес-кансультант Ірына Вішнеўская кажа, што трэнд на відэа-візітоўкі запусцілі самі кандыдаты — «дзякуй кар’ерным коўчам». Але яна сама ставіцца да іх скептычна.

Відэа-візітоўкі дарэчныя, але толькі ў асобных выпадках

— Самапрэзентацыі ў фармаце відэа мае сэнс выкарыстоўваць як інструмент у выпадках, калі гэта можа даць дадатковую інфармацыю і зэканоміць час рэкрутара. Напрыклад, калі патрабаванні вакансіі прадугледжваюць свабоднае валоданне англійскай або іншай замежнай мовай, ёсць сэнс дадаць спасылку (менавіта спасылку, ніколі не дасылайце відэафайлы) на кароткае відэа з вашым інтра. Гэта дарэчна і ў выпадку, калі вакансія прадугледжвае публічныя выступленні.

Але асабіста я не бачу асаблівага сэнсу ў відэа-візітоўках/прэзентацыях там, дзе можна абысціся рэзюмэ або партфоліа. Відэа — гэта доўга: з рэзюмэ інфармацыю можна атрымаць за 10 секунд, тады як відэа ты глядзіш 3 хвіліны.

Відэа ў стужцы LinkedIn у большасці выпадкаў бескарысныя

Калі ж казаць пра вашы відэа ў LinkedIn — хутчэй за ўсё, іх паглядзяць толькі вашы сябры (калі вы не з’яўляецеся прызнаным папулярным экспертам). Зараз LinkedIn перагружаны: кар’ерныя коўчы рэкамендуюць сваім падапечным рэгулярна (пажадана штодня!) генерыраваць кантэнт. І на мой погляд, 85% кантэнту ў стужцы зараз — гэта смецце, у асноўным створанае з дапамогай ChatGPT (а ім я і сама ўмею карыстацца). У мяне 15 тысяч кантактаў — і прагляд стужкі страціў для мяне ўвогуле ўсялякі сэнс. Я не буду шукаць у стужцы кандыдатаў.

Так што калі выбіраць, у што інвеставаць свой час і намаганні, — у добрае структураванае рэзюмэ і партфоліа (для адпаведных спецыяльнасцей) і ў пабудову якаснага нетворкінгу.

Кампаніі ўсё часцей запісваюць інтэрв’ю і ўжываюць ШІ

А вось запіс інтэрв’ю з боку кампаній — сапраўды сапраўды тэндэнцыя. Прычым гаворка ідзе не толькі пра просты запіс — цяпер усё часцей на любых сустрэчах вы можаце ўбачыць ШІ-асістэнтаў, якія робяць запіс, тэкставую расшыфроўку размовы, а ў многіх выпадках яшчэ і самары сустрэчы.

І ўсё больш рэкрутараў і кампаній выкарыстоўваюць такія інструменты — яны дазваляюць захаваць камунікацыю з кандыдатам, перагледзець пазней запіс інтэрв’ю, зэканоміць час на напісанне фідбэку пасля сумоўя. Гэта плюсы.

Мінусы — у недасканаласці такіх інструментаў на дадзены момант. Так, нармальная чалавечая камунікацыя прадугледжвае жывы кантакт, дзе нюансы і непаразуменні згладжваюцца з дапамогай удакладняючых пытанняў і невербальнай інфармацыі. У той час як самары, створанае з дапамогай ШІ, будзе хутчэй пералікам нейкіх ключавых момантаў інтэрв’ю і не абавязкова будзе карэктна адлюстроўваць моцныя і слабыя бакі кандыдата.

Я б парэкамендавала (і гэта будзе карысна не толькі для інтэрв’ю з ШІ) рыхтавацца да сумоўя.

Банальна вывучыць вакансіі на рынку, вылучыць асноўныя патрабаванні, на якія звяртае ўвагу большасць кампаній, прааналізаваць свой досвед з пункту гледжання моцных і слабых бакоў гэтага досведу (я зараз не пра пытанне «назавіце вашы моцныя і слабыя бакі») і загадзя структуравана падрыхтаваць свой расповед пра тое, чым вы займаліся, як вы гэта рабілі, чаго дасягнулі — літаральна па пунктах, якія прасцей будзе карэктна вылучыць ШІ.

Яшчэ адзін мінус — гэта этыка выкарыстання такіх інструментаў. Не ўсім людзям камфортна камунікаваць, калі яны разумеюць, што вядзецца запіс размовы, і не ўсе згодныя з тым, каб гэты запіс захоўваўся невядома колькі часу і невядома дзе. Таму важна загадзя абмяркоўваць гэтыя аспекты і атрымліваць згоду кандыдата асобна на кожны з іх — запіс, захоўванне, тэрміны захоўвання і знішчэння, і наданне доступу да гэтых запісаў іншым людзям.


Читать на dev.by