«Чакалі 2 гады. Віза — на 9 дзён». Як робяць візы ў 2026
Віза для беларусаў пасля 2022-га — гэта складана, доўга або дорага, нярэдка ўсё адразу. Умовы квесту мяняюцца, але ў асноўным не ў лепшы бок. Мы сабралі апдэйты і кейсы-2026.
Віза для беларусаў пасля 2022-га — гэта складана, доўга або дорага, нярэдка ўсё адразу. Умовы квесту мяняюцца, але ў асноўным не ў лепшы бок. Мы сабралі апдэйты і кейсы-2026.
Візавыя эксперты ў Threads раяць падавацца праз Іспанію, бо «рызыка адмовы мінімальная». Пры гэтым запісацца можна на працягу 1-2 месяцаў, разгляд дакументаў зойме да 6 тыдняў, а візу дадуць на 1-3 месяцы.
Амбасада Італіі — таксама варыянт, на думку аднаго з карыстальнікаў сацсеткі. Яна «самая шчодрая»: у чысты пашпарт ставіць візы на 3-6 месяцаў (хоць і даты пад паездку таксама бываюць), калі ёсць пацверджанне знаходжання ў Італіі, могуць на 1-3 гады даць. Дакументы разглядаюць 2 тыдні. Аднак падача магчымая, калі ёсць нумар у жывой чарзе.
А вось нямецкая амбасада «стала ставіць дрэнна»: «нават калі ёсць пацверджанне, што людзі ездзілі раней у Германію, даюць пад паездку або на 3 месяцы, радзей — ад паўгода да двух гадоў». Пры гэтым чакаць падачы давядзецца 15-18 месяцаў.
Яшчэ адзін візавы эксперт таксама адзначае, што самы хуткі і недарагі варыянт цяпер — праз Грэцыю, лепш пад тур, але «гарантыяў атрымання няма» і ў гэтым выпадку. Хоць «у сезон адмоваў менш».
Іспанцы, паводле яго, адкрываюць першую візу ў сярэднім на 30 дзён, наступную — на 3 месяцы, і так па нарастаючай. Але і ад іх можна чакаць сюрпрызаў. «Як пашанцуе», адкрываюць і французы.
Іна чакала даты на падачу нямецкай візы з кастрычніка 2024 года, атрымала ў красавіку — на год.
— Падача ўжо ў амбасадзе была нескладанай: мы прыдумалі маршрут, пераклалі ўсё на нямецкую — і прыйшлі з поўным пакетам дакументаў. Таксама да яго далучылі чэкі з папярэдняй паездкі ў Германію і квіткі (раней у нас была віза на год па запрашэнні).
Іна кажа, што запісвалася праз сістэму анлайн-запісу.
— Пасля таго, як ты паспяхова ўнясеш усе неабходныя звесткі, на пошту прыйдзе пацверджанне запісу. А далей чакаеш ліста з датай падачы. Тэрміны ва ўсіх вар'іруюцца (здаецца, яны залежаць ад мэты паездкі) — ад года да двух гадоў. Пасля атрымання даты візіт неабходна пацвердзіць, перайшоўшы па спасылцы.
Яна таксама запісалася на падачу ў амбасаду Германіі ў кастрычніку 2024 — і каля месяца таму атрымала візу на 2 гады. Валерыя* запісалася ў ліст чакання ў жніўні таго ж 2024 года, падавалася ў канцы студзеня. Вынік — далі візу на 30 дзён, хоць дзяўчына разлічвала на большае, бо ў яе было запрашэнне ад сяброў.
Карыстальніца Threads Маргарыта* пасля двух гадоў чакання атрымала нямецкі шэнген яшчэ на меншы тэрмін — 9 дзён. А іншая карыстальніца Ірына* — на 5 гадоў, у яе было запрашэнне ад сяброўкі і гэта ейная пятая нямецкая віза.
Яўгеніі зрабілі ў гэтым годзе іспанскі шэнген — на 3 месяцы ў чысты пашпарт: дакументы ёй падрыхтавалі ў агенцтве, на падачу запісалі за 1,5 тыдні — дзяўчына заплаціла за гэта 550 рублёў.
Арсеній падаваўся сам праз VIP-зал візавага цэнтра Іспаніі, бо там «месцаў заўсёды больш», і вынік той жа — у пашпарце віза на 3 месяцы з двукратным уездам. Ён рэкамендуе ўступіць у групу ў тэлеграме і прытрымлівацца гайдаў — яны вельмі падрабязныя.
Соф’я таксама падавалася сама. Праз 5 тыдняў чакання атрымала візу на месяц (хоць спадзявалася на 3), іншых візаў у дзяўчыны раней не было.
Вользе пашанцавала менш — яна спрабавала адкрыць іспанскую візу для сябе і пажылой маці праз памагатараў, але атрымала адмову. У агенцтве, з якім працавала дзяўчына, толькі разводзілі рукамі.
Усе нашы суразмоўцы, якія атрымалі італьянскі шэнген, — з ганебнай «сшыткі». Да студзеня 2025 года ў візавы цэнтр Італіі можна было запісацца па жывой чарзе — але потым рэгістрацыю такім шляхам прыпынілі і аднавілі толькі ў лістападзе.
А з 1 ліпеня запіс і прыём заявак будзе ажыццяўляць візавы цэнтр VF Worldwide на вуліцы Максіма Танка ў Мінску.
— Цяпер у чарзе на ганку толькі тыя, у каго ёсць нумар у журнале, — як правіла, ад 40+ тысяч, — расказвае Ангеліна.
Яна сама атрымала візу ў студзені, запісалася яшчэ ўвосень 2024 года — але потым планы змяніліся, і яна не спрабавала высветліць, што з яе нумарам, вырашыла, што «знік». Аднак калі дзяўчына зноў загарэлася ідэяй зрабіць візу, знаёмыя параілі ёй падысці ў візавы цэнтр і паспрабаваць. Вынік — віза на 2 гады. Раней у Ангеліны была гадавая віза. Ёсць пацверджанне знаходжання ў Італіі.
Іван таксама атрымаў італьянскі шэнген — на 3 месяцы. Ён кажа, што вывучыў чаты ў тэлеграме і зразумеў: лепшы варыянт — купіць аўтобусны тур. «Так, не вельмі камфортна, але затое візу робяць альбо бясплатна, альбо за сімвалічныя грошы». Гэтак жа зрабіла і Вольга: яна падлічыла, колькі зэканоміць, калі будзе займацца арганізацыяй свайго падарожжа сама, і прыйшла да высновы, што прасцей купіць аўтобусны тур на тыдзень.
— Я заплаціла 700 еўра, плюс консульскі і сервісны збор — а ў Threads памагатары толькі за візу просяць 900 еўра.
Анастасія* у 2024 годзе запісалася і ў «сшытку» ў візавым цэнтры Італіі, і ў чаргу ў пасольстве Германіі. У выніку італьянскі шэнген ёй далі ў канцы мінулага года — у чысты пашпарт, а цяпер яна чакае, што вось-вось будзе дата падачы на нямецкі.
Наталля зрабіла грэцкую візу сама — сабрала дакументы і запісалася праз сайт. На гэта, паводле дзяўчыны, сышоў адзін вечар, дата падачы была праз тыдзень. У выніку яна атрымала візу пад даты паездкі — на 14 дзён.
А вось карыстальніца Threads Марына* скардзіцца, што ёй і сыну вярнулі пашпарты без візаў — хоць яны падавалі дакументы пад аўтобусны тур у Грэцыю. Тлумачэнняў ніхто не даў. Рашэнне можна аспрэчыць, але Марына не хоча, бо гэта робіцца на грэцкай мове.
Вольга атрымала зімой венгерскі шэнген — пад тур. Ёй далі візу пад даты паездкі, але ў іх групе былі і людзі, якія атрымалі на большы тэрмін, «максімальна — на год». Дзяўчына кажа, што спачатку планавала падавацца сама, але не змагла злавіць слоты. А потым падлічыла, што з турам і шанцаў на станоўчы вынік будзе больш.
А яшчэ адна Наталля, купіўшы тур у Венгрыю, у сакавіку атрымала візу на 3 гады.
Пасольства Францыі ў лютым змяніла працэдуру падачы заявак на атрыманне візы, перадало функцыі па запісе кампаніі TLScontact.
Кацярына падавалася ў канцы зімы. Дзяўчына купіла аўтобусны тур — і атрымала візу на 10 дзён. Аднак яна лічыць, што гэта дрэнны вынік, бо ў яе ў пашпарце ўжо была шэнгенская віза на 1,5 года, і яна разлічвала на большае.
— У агенцтве мне сказалі, што Францыя дае мінімум на паўгода, а тым, у каго ўжо былі візы, — на тры. А тут такое расчараванне.
Карыстальніца Threads Галіна* таксама купіла тур у Францыю, «каб далі нармальную візу». У пашпарце ў яе ўжо ёсць паўгадавая віза ад французаў, атрыманая пад тур, і дзве іспанскія — па 3 месяцы. У выніку ў траўні яна атрымала візу на 15 дзён.
Алег таксама незадаволены: падаваючыся на візы ў французскую амбасаду (па запрашэнні ад сяброў), яны з жонкай далучылі «цэлую стопку выпісак і скрынаў», якія пацвярджаюць, што яны неаднаразова былі ў Парыжы. А ў выніку атрымалі візы на месяц.
— Нас з жонкай папярэджвалі: французы больш любяць чыстыя пашпарты, а італьянцы — з гісторыяй падарожжаў. Нашыя сябры рабілі пад тур у Італію (бо нумарком з «жывой чаргі» ў іх не было) — ім далі візы на год. Але мы палічылі, што ў французскай амбасадзе ацэняць нашу лаяльнасць. Дарма!
Затое запісаліся хутка — на працягу аднаго вечара (дакладней, ночы), слот атрымалі на наступны дзень, ну і даты падачы прыйшлося пачакаць крыху больш за два месяцы.
Анна падавалася ў французскую амбасаду ў кастрычніку летась (купіла тур) — атрымала візу на 6 месяцаў у чысты пашпарт. Цяпер хацела б паўтарыць гэты досвед, але, «начытаўшыся паведамленняў у чатах, пабойваецца», што так надоўга не дадуць.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.
9 дней это более чем достаточно вернутся в Белоруссию и остаться навсегда