Уезд у Польшчу з візай PBH пастрожылі. Вось якія дакументы патрэбныя
І што рабіць, калі працы/ІП у Польшчы яшчэ няма.
Пасля скасавання праграмы «Poland. Business Harbour» польскія памежнікі пастрожылі праверкі беларусаў, якія ўязджаюць з візай PBH. Ад іх цяпер заўсёды патрабуюць дакументы, што пацвярджаюць мэту паездкі. Раней такія праверкі маглі быць выбарачнымі.
Карысны канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic сабраў кейсы за люты-сакавік, а мы вылучылі заканамернасці.
Змест
Першы ўезд
Рыхтуйце запрашэнне на працу.
Калі ў вашых планах адкрываць ІП, то галаслоўнага абяцання памежніку можа не хапіць. Выхадам можа стаць дамова з інкубатарам пра абслугоўванне вашага будучага ІП.
«У снежні мы атрымалі візу РВН па спісах PAIH (падавалі дакументы групай на рэлакацыю аддзела), у такім выпадку не прадугледжаная рэкамендацыя або запрашэнне на працу. Пераезд запланавалі на вясну. Але наш працадаўца набраў штат і ў яго адпала неабходнасць укладаць з намі кантракт. Таму мы вырашылі адкрыць ІП і працаваць з контрагентам з ЗША. На пачатку сакавіка мы адправіліся на мяжу з Польшчай. Праз 7 гадзін чакання на мяжы палякі папрасілі дакументы, а ў нас акрамя візы нічога не было.
Мы доўга спрабавалі растлумачыць, што для гэтага тыпу візы дамова не прадугледжаная. Яны былі непахісныя — нам давялося вяртацца.
Мы вярнуліся ў Брэст і знайшлі кантакт бізнэс-інкубатара. Літаральна за адзін працоўны дзень нам падрыхтавалі пагадненне пра намер адкрыць і абслугоўваць ІП, выслалі кантракт. Наступнага дня мы зноў паехалі на другі круг. Загадзя папярэдзілі дырэктара аб праходжанні мяжы, каб ён быў на сувязі нават ноччу. Гэтым разам у нас праверылі дакументы, патэлефанавалі па нумары з дамовы і пасля 15-хвіліннай размовы ўсё ж прапусцілі.
Я польскую не асабліва разумею, але, здаецца, удакладнялі, калі мы звярнуліся, якую дзейнасць будзем весці, з якой краіны контрагент».
Праца па кантракце
У гэтым выпадку прыйдзецца паказаць саму дамову. Лепш на паперы — не факт, што атрымаецца разжаліць памежнікаў здымкамі дамовы ў смартфоне. І будзьце гатовыя, што кіраўніку фірмы будуць тэлефанаваць і пераправяраць.
«Ездзіў з візай РВН у лютым і сакавіку. Правяралі дамову аб працы (яна была з сабой на паперы) і задавалі тыповыя пытанні: куды едзеце, ці жывяце ў Польшчы і г. д.»
«Палякі не хацелі прапускаць з фота кантракта — патрабавалі менавіта раздрукаваны кантракт. Але ў выніку прапусцілі так».
«Ехала з двума пашпартамі (новы і пратэрмінаваны з візай РВН). Палякі старанна правяралі дамову на працу, перапісвалі кудысьці звесткі (я нічога не падпісвала). Потым паклікалі начальства паглядзець на маю дамову і праз хвілін 40 прапусцілі».
Праца ІП
Калі ў вас ужо ёсць ІП у Польшчы, рыхтуйце выпіску з CEIDG і кантракт з кампаніяй-контрагентам (зноў на паперы). У крайнім выпадку паспрабуйце назваць NIP. Хутчэй за ўсё іх таксама будуць правяраць.
«Калі заязджала ў Беларусь, нічога не пыталіся ні палякі, ні беларусы. Пры ўездзе ў Польшчу польскія папрасілі выпіску з CEIDG і кантракт з кампаніяй. Потым сказалі адысці ў старонку і пачакаць, пакуль дакументы правераць. У выніку нешта там у камп’ютары правяралі (мабыць, дзейнае/нядзейнае ІП) і прапусцілі».
«Працую ў Польшчы як ІП, загадзя раздрукавала кантракт, zaświadczenie o wpisie do CEIDG (самая важная паперка), ліст аб тым, калі забіраць карту і дэцызію па ДНЖ. У выніку спатрэбілася толькі пасведчанне ІП. Хвілін 20 нешта глядзелі/ўдакладнялі і ў выніку прапусцілі.
Пры гэтым маю знаёмую ледзь не развярнулі праз тое, што яе дакументы былі ў электронным выглядзе».
«Працую ІП. Як толькі з’явіліся навіны, што ўладальнікаў віз РВН правяраюць, я раздрукаваў дамову з фірмай, апошнюю фактуру, пацверджанні прыходу аплаты па фактуры і аплаты падаткаў. Пані на мяжы, убачыўшы візу, сказала падрыхтаваць дадатковыя дакументы (але яе цікавіла толькі дамова). Потым уносіла ў камп’ютар з дамовы мае даныя і даныя фірмы, камусьці тэлефанавала. У выніку пытанняў больш не ўзнікла, і мяне прапусцілі. Са мной ехаў калега ў госці да сяброў па няпольскай турыстычнай візе — яму задалі толькі стандартныя пытанні і прапусцілі без праблем».
«Двойчы ад лютага праз мяжу ездзіў: першы раз на пачатку лютага, яшчэ нават не было навіны, што правяраюць.
Быў шакаваны, але сказаў NIP — і гэтага хапіла.
Другі раз хапіла выпіскі з CEIDG. Абодва разы нешта ў сябе правяралі даволі доўга».
Вы сужэнец айцішніка/-цы з PBH
Калі сваёй працы ў Польшчы вы не маеце, падрыхтуйце дакументы, якія пацвярджаюць занятасць сужэнца.
«Выязджала з Беларусі ў лютым па PBH як жонка айцішніка і беспрацоўная. Польскі бок раптам папрасіў дамову мужа. Гэта было няпроста, улічваючы якасць інтэрнэту на мяжы, але электронная ім у выніку падышла. Да гэтага 4 разы нічога не пыталіся».
«Я ехаў з візай РВН, мельдункем, песэлем і ўмовай аб працы.
Мая жонка не працуе — стражы тэлефанавалі камусьці і пыталіся, ці можа яна так уехаць.
Для тых, хто ехаў як ІП, было дастаткова выпіскі з CEIDG (нават электроннай). Было шмат тых, хто ніякіх дакументаў не ўзяў, і потым пачынаў спампоўваць выпіскі з дзяржсайтаў проста ля акенца памежніка».
Ёсць PBH і нічога больш
У гэтым выпадку ІТ-супольнасць рэкамендуе ехаць праз Літву.
«Выязджалі сям’ёй па РВН на пачатку сакавіка праз Літву ў Польшчу. Узялі з сабой працоўны кантракт, але дакументаў у нас нават не правяралі».
Але гэта не гарантуе, што на літоўска-польскай мяжы вас не сустрэнуць польскія памежнікі і не папросяць пацвердзіць мэту ўезду.
Читать на dev.by