Вайна, канфіскацыя маёмасці, падаткі. EPAM расказаў пра рызыкі і актывы ў рэгіёне

EPAM скараціў у два разы каманду ў Беларусі і паменшыў суму сродкаў на рахунках у беларускіх банках для працы офіса. Але кампанія не збіраецца сыходзіць з краіны. Пра гэта гаворыцца ў новай справаздачы кампаніі для камісіі па каштоўных паперах і біржах ЗША. Дазналіся падрабязнасцей.

25 каментарыяў

Каманда ў Беларусі

Кампанія ў сваёй справаздачы нагадвае, што да 2022 года Беларусь з’яўлялася адной з найбуйнейшых лакацый (разам з Украінай і Расіяй). Аднак праз вайну ва Украіне сітуацыя змянілася. Супрацоўнікаў прыйшлося рэлакаваць у іншыя краіны, у выніку штат беларускага офіса скараціўся. Калі пры канцы 2021 года ў офісах кампаніі ў Беларусі працавала 9,4 тысячы вытворчых спецыялістаў, то пры канцы 2022 года ў два разы менш — усяго 4,5 тысячы чалавек. Мы ўжо адзначалі, што апошнім разам менш за 5 тысяч супрацоўнікаў у беларускай камандзе EPAM было 8 гадоў таму — у 2014 годзе.

Зрэшты, гэта не паўплывала на глабальныя планы EPAM. «Мы разлічваем працягнуць працу ў Беларусі і забяспечыць бесперапыннасць працы бізнэсу ў краіне», — чарговым разам пацвердзілі свае намеры ў кампаніі.

Вайна, санкцыі, заканадаўства

Між тым у EPAM паказалі на рызыкі далейшай працы офіса ў Беларусі. Яны звязаныя з вайной ва Украіне, а таксама са змяненнем заканадаўства і магчымым умяшаннем уладаў у працу кампаніі.

Так, у справаздачы кампанія адзначае, што не можа прадказаць ход ваенных дзеянняў ва Украіне, а таксама яго ўплыў на Расію, Беларусь або рэгіён у цэлым. Але эскалацыя канфлікту, палітычная нестабільнасць, а таксама далейшыя санкцыі могуць негатыўна паўплываць на бізнэс, перакананыя ў EPAM.

Раней кампанія палічыла выдаткі праз вайну ва Украіне. З улікам дапамогі ўкраінскім супрацоўнікам і сем’ям, выдаткаў на рэлакацыю і сыход з расійскага рынку выдаткі склалі каля 120 мільёнаў долараў.

У справаздачы EPAM таксама кранае тэму канфіскацыі маёмасці ў Беларусі.

З усяго відаць, кампанія мае на ўвазе закон, які быў прыняты на пачатку студзеня гэтага года. Ён дазваляе адбіраць маёмасць у замежных (або тых, што «знаходзяцца пад кантролем замежных») фізічных і юрыдычных асоб, якія здзейснілі (або падштурхнулі да здзяйснення) недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да Беларусі.

Дадамо, што EPAM трапіў у пашыраны спіс юрыдычных асоб з акцыянерамі з недружалюбных краін. Такім кампаніям забаронена адчужаць долі (акцыі) у беларускіх юрасобах без дазволу Мінфіна. Акрамя таго, на пачатку года выйшаў яшчэ адзін закон, які закранае працу кампаній з замежнымі акцыянерамі. Такія кампаніі ўлады могуць перадаць на паўтара года пад вонкавае кіраванне.

У справаздачы згадваюцца і рызыкі, звязаныя з магчымым змяненнем падатковага заканадаўства, у тым ліку ў Беларусі. Гэта можа быць рост падатковай нагрузкі, карэкціроўкі падатковых ільгот. Паводле прагнозаў кампаніі, гэта прывяло б да росту выдаткаў і негатыўна паўплывала на фінансавае становішча.

Актывы

Пакуль жа EPAM паменшыў суму сродкаў на рахунках у беларускіх банках для аперацыйных патрэб і падтрымання працы офіса, вынікае са справаздачы. Пры канцы года кампанія трымала ў банках 28 мільёнаў долараў у эквіваленце — на 30% менш, ніж паўгода таму. З усяго відаць, гэта прама звязана з двухразовым скарачэннем штату беларускай каманды.

Агульныя актывы EPAM у Беларусі таксама скараціліся. Калі пры канцы 2021 года іх кошт ацэньваўся ў 75,4 мільёна долараў, то пры канцы мінулага года — у 57,3 мільёна долараў. За год кошт актываў паменшылася амаль на чвэрць.

На першым месцы паводле кошту актываў Украіна, але сума актываў таксама паменшылася. Пры гэтым кампанія перастала публікаваць інфармацыю пра актывы ў Расіі.

Пры канцы 2021 года актывы EPAM у Расіі ацэньваліся ў 16,6 мільёна долараў. На пачатку лістапада мінулага года стала вядома, што EPAM падпісаў пагадненне пра продаж сваіх актываў у Расіі трэцяй старане. Кампанія не назвала пакупніка актываў і меркаваную суму ўгоды.

Як вынікае з новай справаздачы EPAM, пры канцы 2022 года тэрмін дзеяння пагаднення пра продаж актываў скончыўся. «У цяперашні час мы пераглядаем умовы гэтага пагаднення і разглядаем іншыя стратэгічныя альтэрнатывы», — адзначае кампанія.

У EPAM не змаглі спрагназаваць тэрміны завяршэння продажу актываў. Таксама ў кампаніі адзначылі, што праз санкцыі ў дачыненні да Расіі і контрсанкцыі ў адказ ускладніўся доступ да наяўных грошай у расійскіх банках, таксама былі абмежаваныя магчымасці вываду сродкаў з Расіі.

EPAM Systems наўпрост і праз аднайменную кіпрскую «дачку» валодае ў Расіі некалькімі арганізацыямі: ТАА «ЭПАМ Рашэнні», ТАА «Коўдвэб» і ТАА «ЭПАМ Сістэмз». Першыя дзве кампаніі ўжо афіцыйна ліквідуюцца.

Каманда EPAM у Беларусі скарацілася напалову ў 2022
Па тэме
Каманда EPAM у Беларусі скарацілася напалову ў 2022
EPAM палічыў выручку і выдаткі праз вайну за 2022 год
Па тэме
EPAM палічыў выручку і выдаткі праз вайну за 2022 год
EPAM стаў падаткаплацельшчыкам № 1 у літоўскім ІТ (рост у 6 разоў!)
Па тэме
EPAM стаў падаткаплацельшчыкам № 1 у літоўскім ІТ (рост у 6 разоў!)

Читать на dev.by