Усё роўна што рабіць машыну з воза: у Y Combinator патлумачылі, чым кепскія старыя софтверныя падыходы ў ШІ, прайшліся па Google
ШІ спарадзіў новае пакаленне аплікацый, але распрацоўшчыкі захраслі ў мінулым. Пра гэта гаварыў генеральны партнёр Y Combinator Піт Кумен у пятнічным выпуску падкаста бізнес-акселератара.
ШІ спарадзіў новае пакаленне аплікацый, але распрацоўшчыкі захраслі ў мінулым. Пра гэта гаварыў генеральны партнёр Y Combinator Піт Кумен у пятнічным выпуску падкаста бізнес-акселератара.
Кумен параўнаў ШІ-інструменты з першымі аўтамабілямі, калі вынаходнікі проста ўсталёўвалі рухавікі на драўляныя вазы, не задумваючыся над канструкцыяй у цэлым. Падобна да стваральнікаў ранніх аўто, сённяшнія распрацоўшчыкі бяруць рэвалюцыйную тэхналогію і спрабуюць упісаць яе ў састарэлы дызайн. Гэты падыход ён параўнаў з «вазом без каня, толькі ў ШІ».
«У такім дызайне ёсць самыя розныя праблемы. Вынаходніцтва рухавіка было толькі невялікай часткай таго, што патрабавалася для стварэння транспартнага сродку, які мог бы выкарыстоўваць усю магутнасць гэтага вынаходніцтва», — дадаў ён.
Каб ШІ стаў сапраўды карысным, сістэмы штучнага інтэлекту трэба пераасэнсаваць з нуля, лічыць інвестар і сузаснавальнік платформы Optimizely.
«Мы выкарыстоўваем старыя падыходы да распрацоўкі ПЗ, метады стварэння гэтага функцыяналу і не раскрываем увесь патэнцыял ШІ», — сказаў Кумен.
Як адзначае Business Insider, ШІ бярэ на сябе ўсё больш працы ІТ-спецыялістаў, і можа здарыцца, што некаторыя распрацоўшчыкі і інжынеры самі сабе ствараюць замену. Напрыклад, ШІ ўсё лепш піша код. Колькасць вакансій для софтверных інжынераў на Indeed дасягнула мінімуму за пяць гадоў. Некаторыя галіновыя эксперты лічаць, што прафесія распрацоўшчыка зрушыцца ад кодынгу да вырашэння больш комплексных задач з нестандартным поглядам на рэчы.
Кумен у якасці прыкладу прыводзіць Gmail, распрацоўшчыкі якога проста ўбудавалі ШІ-чат-бот у стары інтэрфейс замест таго, каб стварыць новы з нуля. Пры гэтым згенераваныя лісты гучаць не натуральна, а промпты, якія трэба пісаць, каб атрымаць патрэбны вынік, часта такія ж доўгія, як і самі емейлы. У выніку ШІ толькі стварае для юзераў лішнюю працу. Замест гэтага каманда Gmail (і іншых ШІ-інструментаў) павінна была б даць карыстальнікам магчымасць рэдагаваць сістэмныя промпты, якія вызначаюць, як мадэль павінна сябе паводзіць і адказваць.
«Маючы магчымасць рэдагаваць сістэмны промпт, я мог бы растлумачыць мадэлі ШІ, як я звычайна пішу лісты, каб не даводзілася рабіць гэта кожны раз наноў», — сказаў Кумен. Паводле яго слоў, праблема ў тым, што распрацоўшчыкі дагэтуль ставяцца да ШІ-промптаў гэтак жа, як дзесяцігоддзямі ставіліся да кодавых баз — схаваных за інтэрфейсам, строга кантраляваных і недаступных для юзера. З такім фарматам узаемадзеяння — з выразнай мяжой паміж карыстальнікам і распрацоўшчыкам — у сферы ПЗ трэба нешта рабіць, упэўнены Кумен, і менавіта тут ляжаць вялікія магчымасці для фаўндараў.
«Практычна ўсе інструменты, якімі мы карысталіся дзесяцігоддзямі, можна пераасэнсаваць з пункту гледжання ШІ», — падсумаваў прадпрымальнік.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.