Навошта беларусы адпрошваюцца ва ўладаў на ПМЖ — і якія з гэтым праблемы (часцей з падаткамі)

Некаторыя толькі на гэтым этапе даведваюцца, што ўжо шмат гадоў павінны падатковай.

28 каментарыяў

У чаце беларуска паскардзілася, што падала ў консульства РБ у Польшчы заяву аб выездзе на ПМЖ, але ўзніклі праблемы з падатковай. Праз пару месяцаў пасля падачы з консульства прыйшоў імэйл. Са спасылкай на МПЗ у ім гаворыцца, што ў 2023 і 2024 гадах жанчына атрымлівала грашовыя пераводы з-за мяжы, будучы рэзідэнткай РБ, але падатковыя дэкларацыі не падала.

Дэкларацыю аб даходах за 2023 год трэба было падаць да 31 сакавіка, падаходны падатак выплаціць да 1 чэрвеня 2024 года. Што тычыцца пераводаў за 2024 год, то за іх трэба было даць справаздачу і разлічыцца, не чакаючы заканчэння падатковага года, яшчэ да фактычнага выезду на ПМЖ. 

Цяпер консульства дае беларусцы крыху менш за два месяцы на ўрэгуляванне (вочнае або завочнае) пытанняў з МПЗ. Калі гэтага тэрміну не хопіць, то абяцаюць прыняць адмоўнае рашэнне, консульскага збору не вернуць.

Наколькі распаўсюджаны гэта кейс, якія яшчэ падводныя камяні бываюць пры афармленні выезду на ПМЖ і навошта наогул гэтая нятанная (200 еўра з-за мяжы праз консульства, 10 БВ, або 400 BYN, — праз АГіМ) працэдура мігрантам. 

Навошта гэта наогул

Беларусы называюць тры прычыны:

  • адсутнасць закладу за ўезд у РБ на машыне на замежных нумарах,
  • легальны разрыў адносін з ваенкаматам (або неўступленне ў іх для хлопчыкаў),
  • гарантыя, што сваякам не налічаць павышанай камуналкі за прапісаных у кватэры «дармаедаў» (калі, вядома, тыя, хто з’ехаў, самі не валодаюць кватэрай).

— Дазвол на ПМЖ — гэта ўезд у Беларусь да трох месяцаў без размытнення машыны і гарантыя таго, што не прызавуць у войска на зборы або ў часе вайны, а для тых, каму менш за 27, то і вызваленне ад тэрміновай службы, — кажа адзін чытач.

— Часта сустракалі, што на кватэру, у якой прапісаныя «дармаеды», прыходзіць падвышаная камуналка. Не хацелася б ускладняць жыццё бацькам, у якіх мы ў РБ прапісаныя, — кажа другая.

Да верасня 2023 года штамп аб выездзе на ПМЖ (або, як гэта было раней, пашпарт серыі PP) аўтаматычна азначаў, што абмен пашпарта вырабляецца праз консульства. Але цяпер гэта не дапамагае: для развязання важных пытанняў усё адно давядзецца ехаць у Беларусь. 

Якія бываюць праблемы з падатковай

Большасць беларусаў, якія даслалі свае гісторыі, так ці інакш змаглі аформіць выезд на ПМЖ незалежна ад таго, падаваліся яны ў АГіМ або ў консульстве сваёй новай краіны. Гэта заняло ў іх 1,5-6 месяцаў.

Прэтэнзіі падатковай не рэдкасць, прычым яны могуць быць 7-гадовай даўніны. Але ўсё вырашальна.

Кейс з booking.com

— У снежні мінулага года прыйшоў у АГіМ па месцы рэгістрацыі, запоўніў заяву (просяць шмат інфармацыі накшталт месца нараджэння і пражывання сваякоў, таму лепш даведацца ўсё загадзя), унёс аплату (10 БВ), прыклаў пасведчанні аб нараджэнні і шлюбе. Заяву прынялі, сказалі чакаць два месяцы.

Апавяшчэнне дасылаюць па месцы рэгістрацыі, я жыву ў іншым месцы, таму тэлефанаваў у Агім сам. Калі патэлефанаваў на пачатку лютага, высветлілася, што ў мяне не ўрэгуляванае пытанне з падатковай за 2017 год.

Выявілася, што рэч у скасаванні рэзервацыі на booking.com: вяртанне ўлічылі як даход з-за мяжы, таму хацелі дэкларацыю і падатак. Я падаў ім скрыны, якія даказваюць, што гэта вяртанне, і на гэтым пытанне закрылі. Інспектарка ІМПЗ паслала ліст у АГіМ, што ўсё добра. 

Вырашэнне пытання (аддалена) заняло каля двух тыдняў. 

Пасля гэтага я прыехаў у АГіМ па штамп. Паставілі два: аб выездзе на ПМЖ (без указання краіны) і аб ануляванні рэгістрацыі ў РБ. Акрамя гэтага, я падпісаў паперу аб тым, што маю стаць на консульскі ўлік у краіне знаходжання на працягу 60 дзён.

Яшчэ я патэлефанаваў у ваенкамат наконт ваеннага білета. Там сказалі здаць абавязкова, што я і зрабіў у той жа дзень. 

Кейс з Яндэкс.Талака

— Афармляла выезд у жніўні-верасні 2022 года праз консульства ў Беластоку. Там адразу папярэдзілі, што не мае быць даўгоў. А ў мяне якраз выявіўся доўг з 2017 або 2018 года, пра які я і не падазравала.

Быў такі сэрвіс, Яндэкс.Талака, я з ім трохі гулялася і зарабіла блізу 200 BYN. Шчыра кажучы, нават не думала, што з такіх капеек трэба плаціць падатак. І сама падатковая мяне ні пра што не паведамляла.

А тут мяне запрашаюць у консульства і паказваюць адмову МПЗ. Але, на шчасце, усё вырашылася проста: запаўняць дэкларацыю або пісаць тлумачальную не прыйшлося, сваякі аплацілі каля 20 BYN, і падатковая выслала ў консульства новую даведку, а праз месяц прыйшло станоўчае рашэнне.


Мы спыталі чытачоў, у якіх усё прайшло без сучка і задзірынкі, ці атрымлівалі яны замежныя пераводы. 

Выявілася, што трое атрымлівалі, але ва ўсіх выпадках гэта былі пераводы са свайго ж рахунку ў Польшчы. Ніякіх пытанняў з гэтай нагоды ў падатковай не ўзнікла.

— Пераводзіла сама сабе грошы праз Paysend з польскай карты на беларускую раз на пару месяцаў, сумы былі ў межах $50 .

Якая яшчэ засада магчымая. Пасведчанне аб нараджэнні

Сям’я, якая ўжо жыве ў Польшчы і паспрабавала нядаўна падацца праз АГіМ у РБ, не змагла гэтага зрабіць праз пасведчанне аб нараджэнні свайго дзіцяці.

— Дачка нарадзілася ў Польшчы шэсць гадоў таму, пасведчанне аб нараджэнні адпаведна польскае, пашпарт афармлялі ёй у Беларусі, — расказаў тата. — Тыдзень таму падаваліся на выезд усёй сям’ёй, але ўсё абламалася, бо натарыяльнага перакладу польскага пасведчання аб нараджэнні дачкі выявілася недастаткова, запатрабавалі арыгінал пасведчання з перакладам + апастыль. 

Хоць два гады таму, калі мы рабілі дачцэ звычайны пашпарт, хапіла натарыяльнага перакладу пасведчання (без арыгінала). І нават два тыдні таму, калі я мяняў свой пашпарт РБ (пры падачы таксама патрабуюць пасведчанне аб шлюбе і аб нараджэнні дзяцей), Натарыяльны пераклад быў акей. 

Цяпер жа нам наогул сказалі задумацца аб легітымнасці пашпарта дачкі: маўляў, натарыяльны пераклад — гэта не падстава для пашпарта. Гэта ж пацвердзіў і дзяжурны натарыус. Дарэчы, кажуць, што калі пасведчанне аб нараджэнні выдадзена да 2020 года, то спатрэбіцца проста арыгінал, а на пазнейшы дакумент патрэбны ўжо апастыль.

Будзем рабіць другую спробу пазней.

Wanted. Калі вы сутыкнуліся з іншымі цяжкасцямі пры афармленні выезду на ПМЖ з Беларусі, пішыце нам у бот. Гэта ананімна.

Як мігранты старой хвалі ўладкаваліся ў Польшчы і што думаюць пра свой выбар
Па тэме
Як мігранты старой хвалі ўладкаваліся ў Польшчы і што думаюць пра свой выбар

Читать на dev.by