«З прыбыткам ад 5000 долараў можна ўжо жыць з некаторым камфортам». Чаго чакаць айцішніку-экспату ў Дубаі

Арабскія краіны ўсё часцей прыцягваюць айцішнікаў з Усходняй Еўропы. Мы пагутарылі з эйчаркай у ААЭ пра цэны і культурныя асаблівасці гэтай краіны.

64 каментарыяў

Арабскі рэгіён перажывае бум лічбавізацыі, ён стаў альтэрнатыўным месцам працы беларускіх айцішнікаў. Мы ўжо пісалі, каго і на якіх умовах шукаюць ІТ-кампаніі ў ААЭ і Катары. На публікацыю адгукнулася беларуска Наталля, якая апошнія чатыры гады жыве ў Дубаі і працуе эйчарам у міжнароднай кампаніі. Гутарым з ёй пра софтскілы, якіх чакаюць ад суіскальнікаў у ААЭ, і пра культурна-бытавы бок рэлакацыі ў арабскі рэгіён. 

Софтскілы. «Ад кандыдатаў патрабуецца высокі ўзровень аптымізму»

З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца беларусы ў арабскім офісе? Ці ёсць мясцовая спецыфіка — можа, адмысловая працоўная культура, больш жорсткая іерархія?

Складанасцяў праз розніцу культур на працоўным месцы я не заўважала: беларусы досыць лёгка адаптуюцца да новых умоў. Каманды часта маюць у штаце выхадцаў з СНД або з’яўляюцца цалкам інтэрнацыянальнымі, да чаго беларускае ІТ даўно прызвычаілася. Арабскія каманды вы наўрад ці сустрэнеце. Мясцовыя айцішнікі, як правіла, працуюць у дзяржсектары, куды замежнікам няма доступу, і трымаюцца адасоблена.

Аднак ёсць нюанс з софтскіламі. У дадатак да хардскілоў кампаніі часта чакаюць ад кандыдатаў высокага ўзроўню жыццёвага аптымізму і веры ў праект. Кандыдату трэба факусавацца не на страхах, а на цікавасці і магчымасцях. Можна сказаць, гэта ўніверсальнае патрабаванне. Прычым яно не ўласна арабскае — гэта звычайнае патрабаванне кампаній, якім трэба вельмі хутка расці. У стартап-арыентаваным арабскім рэгіёне наймальнікі якраз такія.

Прычым не толькі ў стартапах, але і ў буйных існых кампаніях. Нават калі гэта ўстояная, салідная структура накшталт банка, яе ўнутранае ІТ-падраздзяленне можа быць падобным да стартапа. Такая спецыфіка рэгіёна, які праходзіць лічбавізацыю. 

Сусветная ІТ-індустрыя (а ў арабскім рэгіёне яна шырока прадстаўленая) цяпер мае патрэбу не проста ў моцных спецыялістах, але ў візіянерах, здольных з аптымізмам зазірнуць у будучыню і не ўпасці духам пры першай, другой, дзясятай няўдачы.

Цэны. «Арэнда студыі стартуе ад 1100 долараў на месяц»

Высокія заробкі ў арабскіх краінах трэба суадносіць з высокімі коштамі. У колькі рэлаканту будуць абыходзіцца жыллё, ежа, транспарт?

Нават калі вам прапаноўваюць у ААЭ 10К долараў чыстымі, важна не мець ілюзій. Арэнда студыі ў Дубаі стартуе ад 4000 дырхамаў (амаль 1100 долараў) на месяц. Мы гаворым пра базавую кватэру-студыю ў аддаленым ад цэнтра раёне без асаблівых плюшак (басейна, трэнажорнай залы).

У Дубаі слаба развітая практыка памесячнай арэнды, дамовы ўкладаюцца на год. Прычым часта за жыллё плацяць адным чэкам на год наперад, гэта дае магчымасць патаргавацца і знізіць цану. (Так, гэта рэгіён, у якім прынята таргавацца). Максімальна гадавую арэнду разбіваюць на шэсць чэкаў.

Я б не раіла ўкладаць першы кантракт без рыэлтара, а рыэлтару прыйдзецца заплаціць +5% камісіі ад гадавой сумы. Яшчэ можа быць схаваны плацеж — дапусцім, 5-працэнтны ПДВ ад гэтых 5%.

Звярніце ўвагу, ці ўключае арэндная плата нейкую частку камунальных паслуг, напрыклад, кандыцыянер. Памятайце, што кандыцыянер і вада будуць істотнымі артыкуламі выдаткаў. Да арэнднай платы ў мінімальныя 1100 долараў дадайце яшчэ каля 300 долараў.

Акрамя таго, кожнаму правайдару камунальных паслуг прыйдзецца ўносіць грошы на дэпазіт. Напрыклад, правайдару кандыцыянера — 1100 дырхамаў (300 долараў), таксама — пастаўшчыкам газу і вады. Гэтыя дэпазіты потым вернуць, аднак першы плацеж яны значна абцяжараць.

Якасць забудовы ў Дубаі моцна вар'іруецца. У сезон дажджоў (так, ён тут здараецца) некаторыя кватэры моцна адтоплівае. Таму важна глядзець на сцены: ці няма раг або набракання, ці не была сцяна зашпакляваная і памаляваная.

Колькі каштуе паабедаць у кавярні?

За 20 долараў у Дубаі можна добра паабедаць або павячэраць. Тут велізарная колькасць кавярняў і рэстаранаў з розным узроўнем прайсаў, у тым ліку месцаў з добрай якасцю ежы за адносна невялікія грошы. Неяк мы з сябрамі, якія жывуць у Варшаве, параўноўвалі цэны. Я не трачу на ежу больш за іх. 

Ежа — шмат у чым пытанне вопыту: чым даўжэй жывеш, тым больш канкурэнтных месцаў і сэрвісаў дазнаешся. Але ёсць выдаткі, якія заўсёды будуць у два разы вышэйшыя, чым ва ўмоўнай Варшаве — напрыклад, на медыцыну.

Грамадскі транспарт?

Грамадскі транспарт будзе крыху даражэйшым за Польшчу альбо супастаўны па цэнах. За 4 долары можна праехаць увесь Дубай з аднаго канца ў другі. Паездка на кароткія адлегласці абыдзецца ў 1,6 долара. 

Таксі супастаўнае з варшаўскім, можа, крыху таннейшае. Кароткая паездка каштуе 6 долараў, доўгая, з аднаго канца Дубая ў другі, — 40 долараў. Паездка з з Дубая ў Абу-Дабі (220 км) — 70 долараў.

Ці значыць гэта, што з заробкам у 5 тысяч долараў айцішнік будзе проста зводзіць канцы з канцамі?

Не. У Дубаі дастаткова людзей (не з Беларусі і не з ІТ), якія зарабляюць 4 тысячы дырхамаў на месяц (1100 долараў). Так, яны здымаюць не студыі, а пакоі, але пры гэтым жывуць на гэтыя грошы. Думаю, што з прыбыткам ад 5 тысяч долараў жыць у Дубаі можна ўжо з некаторым камфортам.

«Варшава — Мінск здаровага чалавека, а ў Барселоне небяспечна». Беларус пра пераезд у Іспанію
Па тэме
«Варшава — Мінск здаровага чалавека, а ў Барселоне небяспечна». Беларус пра пераезд у Іспанію

Сацыялізацыя. «Сфера асабістых адносін у Дубаі вельмі пакутуе»

Да чаго трэба быць гатовым па-за межамі офіса?

Па-за межамі офіса ў рэлакантаў ў ААЭ часта ўзнікаюць цяжкасці ў адносінах. Людзі вакол, скажам так, транслююць вельмі высокі ўзровень дастатку і выдаткаў. Рэлаканты пачынаюць пераасэнсоўваць стандарты дэйцінгу. 

«Чаму б мне таксама не падняць свае запыты, я ж не ў Мінску», — думае дзяўчына. А распрацоўшчык, які пераехаў у Дубай з Беларусі, тым часам здзіўляецца, што з ім не хочуць ісці на спатканне.

У выніку хлопцы скардзяцца, што не могуць адпавядаць запытам дзяўчат. А дзяўчатам цяжка знайсці хлопца, які будзе адпавядаць іх запытам. Гаворка тут ідзе толькі пра канфігурацыю «рэлакант + релокантка».

Зрэшты, на баку хлопцаў стандарты таксама растуць. Мінулы фармат дэйцінгу, у якім хлопец, як правіла, зарабляў нашмат больш за дзяўчыну, ім ужо не пасуе: яны бачаць экспатак, якія зарабляюць ад шмат да вельмі шмат, і хочуць «капітал да капіталу». Таму шукаюць самастойных і забяспечаных дзяўчат.

А беларуска-арабскія адносіны існуюць? І калі так, то ў якім выглядзе?

Напэўна, яны існуюць, але ў мяне няма прыкладаў з асабістага досведу. Аднак калі хлопец-рэлакант захоча пабудаваць адносіны з мясцовай дзяўчынай, яму будзе вельмі цяжка. Па-першае, цяжка ўявіць кам’юніці, у якім яны сустрэнуцца. Па-другое, нават калі яны сустрэнуцца, наўрад ці дзяўчына будзе размаўляць з еўрапейцам — тут гэта зусім не вітаецца. 

Я магу меркаваць з асабістага вопыту. Неяк з адным стартапам я ўдзельнічала ў акселератары. Там таксама былі мясцовыя дзяўчаты са сваім стартапам, і на іх прыкладзе я ўбачыла, наколькі яны ізаляваныя. Еўрапейскім мужчынам яны нават рукі не паціснуць — павітаюць толькі здалёк.  

А аднойчы я размаўляла з прыезджай выкладчыцай мясцовага ВНУ, якая вучыць мясцовых дзяўчат. Паводле яе слоў, гэта немагчымы сцэнар, каб мясцовая дзяўчына пабудавала стасункі з кімсьці з экспатаў. Сям’я трымае дзяўчыну адасоблена — ад мужчын у цэлым і ад экспатаў асабліва, і вядома, яна будзе жадаць найлепшай партыі для сваёй дачкі.

Канфігурацыя «дзяўчына-экспатка — мясцовы хлопец» таксама рэдкасць.

Так што сфера асабістых адносін у Дубаі вельмі пакутуе. Да таго ж для многіх гэты горад — часовае месца, а гэта робіць сацыяльныя сувязі больш павярхоўнымі.

Гендар. «На вуліцах адчуванне — абсалютна еўрапейскае»

Ці шмат у ААЭ дзяўчат-айцішніц?

Здаецца, іх доля такая ж, як і ў любой іншай краіне. Арабскі рэгіён накіраваны на diversity і падтрымку жаночых ініцыятыў, у гэтым ён не саступае Еўропе. Мясцовыя жанчыны-айцішніцы займаюць у кампаніях зусім розныя пазіцыі. Той жа стартап, які мы сустрэлі ў акселератары, быў цалкам створаны мясцовымі дзяўчатамі, і мясцовыя суддзі іх вельмі падтрымлівалі. Так, традыцыйныя сямейныя ўстаноўкі суіснуюць тут з запытам на diversity ў грамадстве і бізнэсе.  

Ёсць прадузятасць наконт стаўлення да жанчын у арабскіх краінах. Як жа я, дзяўчына, буду там жыць? Дык вось, у Дубаі ў гэтым сэнсе абсалютна камфортна. Я ведаю, што тут са мной нічога не здарыцца, дзе б і ў які час сутак я ні знаходзілася. І адчуванне на вуліцах — абсалютна еўрапейскае. 

Дарэчы, абмежаванні на пражыванне мужчыны і жанчыны ў адным нумары/кватэры без пасведчання аб шлюбе ў ААЭ прыбралі на заканадаўчым узроўні яшчэ ў 2020 годзе.

Мова. «Арабская не патрэбная? Ну чаму ж»

Абысціся толькі рускай мовай у ААЭ складана. Англійская патрэбная хаця б для таго, каб заказаць прадукты і неяк арганізаваць сабе жыццё. Да таго ж у інтэрнацыянальных камандах гэта будзе працоўная мова.

Арабская не патрэбная? 

Ну чаму ж. Калі супрацоўнік прыходзіць у каманду для прасоўвання бізнэсу ў арабскім рэгіёне, напрыклад, на пазіцыю сэйлза, то арабская мова яму патрэбны. Тым айцішнікам, хто камунікуе ўнутры каманды, хопіць і англійскай.

Клімат.  «На спякоце можна наогул не быць»

Насамрэч арганізм перабудоўваецца. У першы год жыцця ў Дубаі я не магла выйсці на вуліцу летам (нават апоўначы было горача) і некалькі тыдняў проста сядзела дома. А цяпер такога няма. 

Плюс тут выдатная інфраструктура. Яна настолькі прыстасаваная да гарачага клімату, што на спякоце можна наогул не быць. Ты проста з-пад аднаго суперкамфортнага кандыцыянера пераходзіш пад другі. Выстаўляеш тэмпературу, наладжваеш вугал абдзімання, апранаеш кофтачку і — супер.

«Злятаў на Балі — зрабіў усё, што трэба». Як рэлаканты ездзяць на лячэнне ў іншыя краіны
Па тэме
«Злятаў на Балі — зрабіў усё, што трэба». Як рэлаканты ездзяць на лячэнне ў іншыя краіны

Читать на dev.by