«Я быў жудасным CEO»: кіраўнік Airbnb выжыў амаль усю каманду топ-менеджараў і не шкадуе
Брайан Чэскі вырашыў асабіста кантраляваць ключавыя рашэнні ў кампаніі, замест таго каб давяраць іх наёмным кіраўнікам. Многія топ-менеджары не захацелі працаваць паводле новых правілаў і сышлі.
Брайан Чэскі вырашыў асабіста кантраляваць ключавыя рашэнні ў кампаніі, замест таго каб давяраць іх наёмным кіраўнікам. Многія топ-менеджары не захацелі працаваць паводле новых правілаў і сышлі.
Кіраўнік Airbnb Брайан Чэскі расказаў, што пераход да «рэжыму заснавальніка» (founder mode) каштаваў яму амаль усёй ранейшай каманды топ-менеджараў. «Амаль уся кіруючая каманда сышла. Яны сышлі або не захацелі працаваць са мной», — прызнаўся ён у падкасце How I Built This.
Паводле Чэскі, у пачатку сваёй кар’еры ён прытрымліваўся традыцыйнай парады: наймаць вопытных менеджараў, давяраць іх рашэнням і не ўмешвацца ў штодзённую працу. Аднак з часам прыйшоў да высновы, што такі падыход не працуе.
«Здаецца, я ад прыроды быў выдатным заснавальнікам і жахлівым генеральным дырэктарам», — прызнаўся ён. Чэскі расказаў, што часта саступаў кіраўнікам з вялікім досведам, нават калі іхныя рашэнні супярэчылі ягоным уласным меркаванням. Пазней аказвалася, што абраны курс быў памылковым, але выпраўляць наступствы даводзілася гадамі.
Мяняць сістэму кіравання Airbnb ён пачаў у 2020 годзе, калі пандэмія паставіла пад пагрозу існаванне кампаніі. Чэскі звярнуўся па параду да былога галоўнага дызайнера Apple Джоні Айва і натхніўся стылем Стыва Джобса.
Ён скараціў колькасць кіраўнічых узроўняў і пачаў асабіста ўдзельнічаць у абмеркаванні працоўных задач. На сустрэчы запрашалі не толькі кіраўнікоў падраздзяленняў, але і супрацоўнікаў, якія непасрэдна выконвалі працу. Кожны мог прапанаваць рашэнне, а апошняе слова заставалася за генеральным дырэктарам.
Аднак такая ўцягнутасць спадабалася далёка не ўсім. Паводле Чэскі, многія кіраўнікі не захацелі адмаўляцца ад звыклай самастойнасці. Сам ён не спрабаваў пераконваць кожнага застацца. Яму трэба была каманда прыкладна з дзесяці топ-менеджараў, гатовых паспрабаваць новы падыход і даказаць яго эфектыўнасць вынікамі.
Пасля Чэскі пачаў наймаць людзей, якія ўжо працавалі з такімі заснавальнікамі кампаній, як Стыў Джобс і Джэф Безас. Паводле яго, ім не трэба было тлумачыць перавагі глыбокай ангажаванасці кіраўніка.
У 2024 годзе сузаснавальнік Y Combinator Пол Грэм папулярызаваў гэты стыль кіравання пад назвай founder mode. Ён супрацьпаставіў яго традыцыйнай мадэлі, у якой генеральны дырэктар дэлегуе большую частку рашэнняў наёмным менеджарам.
Чэскі давёў асабісты ўдзел у кіраванні да таго, што фактычна лічыў каля 50 супрацоўнікаў сваімі прамымі падначаленымі і ўдзельнічаў у рашэннях пра іхны найм, звальненні і павышэнні.
Пры гэтым ён прызнае, што пастаянна кантраляваць кожную дэталь немагчыма. Напрыклад, аднойчы яму давялося прагледзець каля 70 версій прэс-рэліза, перш чым каманда зразумела, якой якасці ён чакае. Пасля гэтага кіраўнік змог аслабіць кантроль.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.