Японскія чыноўнікі вырашылі перакласці частку працы на ChatGPT
У Японіі ўлады вырашылі з дапамогай чатбота OpenAI спрасціць для разумення мудрагелістыя фармулёўкі ў афіцыйных дакументах, піша Bloomberg.
У прыватнасці, ChatGPT зацікавіліся ў Міністэрстве сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі краіны, расказаў кіраўнік ведамства Тэцура Намура. Гэта першы выпадак, калі прадстаўнікі японскага ўрада адкрыта заявілі пра выпрабаванне распрацоўкі OpenAI.
Міністр адзначыў, што пакуль чатбот не выконвае ніякіх значных задач і што яму скормліваюць толькі інфармацыю, якая знаходзіцца ў адкрытым доступе, паколькі асцерагаюцца ўцечак.
Мясцовае выданне Asahi паведамляла, што міністэрства таксама плануе даручыць ChatGPT абнаўленне электронных інструкцый па запаўненні розных формаў і заявак, напрыклад, на льготы ды іншыя віды дзяржпадтрымкі, а таксама інфармацыі на сваім сайце.
Раней падчас парламенцкіх дэбатаў адзін з апазіцыйных японскіх заканадаўцаў выкарыстаў ChatGPT для складання пытанняў да прэм’ер-міністра.
Нядаўна Японію наведваў кіраўнік OpenAI Сэм Альтман. Там ён сустракаўся з лідарам урада краіны Фуміа Кісідай.
Читать на dev.by