На некаторыя ўгоды кампаніям у ПВТ патрэбная згода МАРГ. Але яны пра гэта не ведаюць. Разбор
Юрысты REVERA Ірына Андрыеўская і Мікіта Талканіца патлумачылі для devby.io, у якіх выпадках патрэбная згода Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. І што будзе, калі яе не атрымаць.
Прадаючы маёмасць кампаніі, набываючы долі/акцыі, удзельнічаючы ў рэарганізацыі, уласнікі бізнэсаў часам не задумваюцца, што ў некаторых выпадках на гэта патрабуецца згода антыманапольнага органа. Гэта актуальна і для рэзідэнтаў ПВТ, хоць яны могуць думаць, што льготны рэжым Парка выключае для іх неабходнасць атрымліваць згоду МАРГ.
— Неабходнасць атрымліваць згоду МАРГ на тыя ці іншыя дзеянні абумоўленая тым, што шэраг гэтых самых дзеянняў належыць да «эканамічнай канцэнтрацыі» — то-бок да «дзеянняў па аб’яднанні намаганняў некалькіх гульцоў на рынку для заняцця на ім большай долі».
Законам «Пра супрацьдзеянне манапалістычнай дзейнасці і развіццё канкурэнцыі» прадугледжаны вялікі пералік, на здзяйсненне якіх дзеянняў можа спатрэбіцца згода:
- гэта і рэарганізацыі ў форме зліццяў і далучэнняў,
- і стварэнне новых кампаній,
- і набыццё акцый/долей у статутных фондах,
- і перадача правоў кіравання кампаніяй кіруючай арганізацыяй,
- і набыццё асноўных сродкаў і (або) нематэрыяльных актываў і г. д.
Для кожнага з гэтых дзеянняў прадугледжаны шэраг крытэраў, якія вымушаюць уласнікаў бізнэсаў звярнуцца за атрыманнем згоды. Нюансаў шмат, але сярод агульных можна вылучыць памер балансавага кошту актываў кампаніі і памер выручкі (без ПДВ), якія адпаведна перавышаюць 200 000 і 400 000 базавых велічынь.
! Што важна: згоду неабходна атрымаць да здзяйснення адпаведных дзеянняў.
Як працуе льгота для ПВТ
Для рэзідэнтаў ПВТ у заканадаўстве прадугледжаная льгота. Так, згода МАРГ для іх не патрабуецца на:
- рэарганізацыю;
- здзяйсненне ўгод з акцыямі, долямі ў статутных фондах.
Аднак, як адзначалася раней, рэарганізацыя і ўгоды з акцыямі/долямі — гэта толькі частка дзеянняў, на здзяйсненне якіх можа спатрэбіцца атрымліваць згоду антыманапольнага органа. Ва ўсіх іншых выпадках рэзідэнтам ПВТ неабходна атрымліваць згоду, як і нерэзідэнтам Парка.
Больш за тое, не кожная аперацыя з акцыямі і долямі з’яўляецца ўгодай з ліку тых, на якія дзейнічае вызваленне для рэзідэнтаў ПВТ. Яна можа тлумачыцца антыманапольным органам як іншае дзеянне, на якое выключэнне не распаўсюджваецца.
Прыклад сітуацыі, якая не падпадае пад ільготу
У ТАА, якое з’яўляецца рэзідэнтам ПВТ, тры ўдзельнікі. У аднаго з іх 60% долей, у астатніх — па 20%. Мажарытарны ўдзельнік сыходзіць з бізнэсу і прадае сваю долю на баланс гэтага ТАА. Далей тыя два ўдзельнікі, што засталіся, размяркоўваюць гэтыя 60% долей паміж сабой, у выніку чаго доля кожнага становіцца па 50%.
Многія лічаць, што тут не спатрэбіцца згода МАРГ, бо долі размяркоўваюцца ўнутры рэзідэнта ПВТ. Аднак гэта не так.
Асаблівасць палягае ў тым, што ў рамках антыманапольнага заканадаўства пад набыццём акцый/долей разумеецца не толькі іх купля, але і іншыя спосабы атрымання магчымасці ажыццяўляць дадзенае акцыямі/долямі права голасу. І да такіх спосабаў належыць у тым ліку размеркаванне долі з балансу кампаніі, якое не з’яўляецца ўгодай у разуменні грамадзянскага заканадаўства, а з’яўляецца карпаратыўным актам. Адпаведна, так як размеркаванне не з’яўляецца ўгодай, ільгота на яго не распаўсюджваецца.
Юрысты REVERA спецыяльна накіравалі запыт у МАРГ. Міністэрства адказала, што льгота, дадзеная рэзідэнтам ПВТ, не распаўсюджваецца на такое дзеянне. То-бок у выпадку размеркавання долі з балансу кампаніі-рэзідэнта ПВТ, магчыма, спатрэбіцца атрымліваць згоду антыманапольнага органа на такое размеркаванне.
Крытэры ўгоды, для якой трэба атрымаць згоду
Як мы пазначалі раней, атрымліваць згоду неабходна толькі пры наяўнасці пэўных крытэраў. Асноўныя крытэры для набыцця акцый/долей — гэта:
- балансавы кошт актываў на апошнюю справаздачную дату набытчыка або кампаніі, у якой набываюцца акцыі/долі, большы за 200 000 базавых велічынь;
- або выручка набытчыка або кампаніі, у якой набываюцца акцыі/долі, за мінулы год (без ПДВ) большая за 400 000 базавых велічынь.
Пры гэтым набываецца права распараджацца ў сукупнасці больш як 25% акцый/долей пры ўмове, што набытчык не распараджаўся раней акцыямі/долямі гэтай кампаніі або распараджаўся не больш як 25%. Або набываецца права распараджацца больш як 50% акцый/долей пры ўмове, што раней набытчык меў права распараджацца не менш як 25%, але не больш як 50% акцый/долей гэтай кампаніі.
Такім чынам, калі пасля праверкі ўсіх гэтых крытэраў мы прыходзім да высновы, што рэзідэнту ПВТ прыйдзецца атрымліваць згоду МАРГ, то ён мае зрабіць гэта да размеркавання долі з балансу.
Як атрымаць згоду
Для гэтага трэба сфармаваць прадугледжаны заканадаўствам пакет дакументаў і перадаць яго ў антыманапольны орган.
Міністэрства разглядае гэтыя дакументы на працягу месяца, пасля чаго дае сваю згоду на такое дзеянне (яна сапраўдная на працягу аднаго года) або адмову ў згодзе.
Што будзе, калі не атрымаць згоды
Неабходна мець на ўвазе, што неатрыманне згоды, калі яна была неабходная, можа пацягнуць негатыўныя наступствы. У прыватнасці:
- антыманапольны орган можа падаць пазоў у суд аб прызнанні вашых дзеянняў несапраўднымі, калі яны прывялі да абмежавання канкурэнцыі або да павелічэння дамінуючага становішча на рынку (напрыклад, у нашай сітуацыі адзін мажарытарый паралельна валодае таксама кантрольным пакетам у іншай ІТ-кампаніі);
- дзяржаўныя органы могуць падаць пазоў у суд наконт прызнання несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі стварэння кампаніі, рэгістрацыі змяненняў (дапаўненняў) у статут кампаніі;
- магчымае прыцягненне дырэктара да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ад 20 да 100 базавых велічынь.
Такім чынам, нават пры наяўнасці льготы рэзідэнтам ПВТ неабходна памятаць пра згоду МАРГ пры здзяйсненні пэўных дзеянняў. І кожнага разу аналізаваць, ці трэба згода ў канкрэтным выпадку.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by